Гэта трэба жывым №40
Опубликовано: Редактор
Пятница, 6.05.2011 15:53.
Рубрика: Гісторыя
Мільёны пахавальных разаслала Вялікая Айчынная ў
розныя куткі былога Савецкага Саюза, раніўшы пякучым болем сэрцы няўцешных удоў
і дзяцей-сірот. Але не змагла адняць вайна ў людзей веру і надзею — многія
чакалі з фронту сваіх мужоў і сыноў насуперак усяму. Для адных здараўся цуд, і
родныя, скалечаныя і знявечаныя, вярталіся, іншыя жылі ўсё жыццё са
спадзяваннем, што недзе там, у далёкай чужой краіне, знойдзецца добры чалавек і
дагледзіць салдацкую магілу.
Усё жыццё думала аб гэтым і мая бабуля Яўгенія,
якая адправіла ў горан страшнай вайны траіх сыноў: Сямёна, Івана і Сяргея.
Напачатку мае дзядзькі былі партызанамі 161 брыгады імя Катоўскага, а пасля
вызвалення Беларусі кожны з іх працягваў свой баявы шлях у дзеючай арміі. Сямён
і Іван прайшлі ўсю вайну і вярнуліся дадому жывымі. А вось пра лёс трэцяга са
сваіх сыноў бабуля, на жаль, не даведаецца ніколі. Пахавальную са
Старадарожскага ваенкамата, у якой паведамлялася, што яе сын Сяргей Парфенавіч
Дрындзік геройскі загінуў на тэрыторыі Венгрыі, бабуля Яўгенія атрымала якраз
перад Перамогай. Усё сваё жыццё яна плакала і сумавала аб дарагім сыночку,
ніхто і з родных не ведаў, дзе канкрэтна знаходзіцца яго магіла. Недзе ў канцы
70-х за пошукі ўзяўся стрыечны брат дзядзькі Сяргея Мікалай Майсейка, які
адначасова расшукваў і магілу свайго роднага брата Івана. Значную дапамогу ў
гэтай нялёгкай справе аказалі ваенныя архівы. Пазней, калі ў Расіі стала
агульнадаступнай інфармацыя аб загінуўшых і без вестак прапаўшых у гады Вялікай
Айчыннай вайны (сайт obd-memorial.ru), Мікалай Мікітавіч знайшоў дакумент, ад
якога і адштурхоў-ваўся ў сваім пошуку. Таксама яму дапамагалі супрацоўнікі
райваенкаматаў, прадстаўнікі замежных грамадскіх арганізацый…
34 жыхары вёскі Лука не вярнуліся з вайны
жывымі, не ўсе месцы іх пахавання і сёння вядомы. Але вось магілы, дзе пахаваны
двое з іх, зараз ведаем дакладна.
Сяргей Парфенавіч Дрындзік загінуў 17 лютага
1945 года на тэрыторыі Венгрыі, там і быў пахаваны. Пасля вайны, недзе ў 50-я
гады, венгры зрабілі перазахаванне савецкіх воінаў на Усходнія могілкі ў парку
на савецкай алеі ў горадзе Капошвар. Сёння ў нас на руках ёсць дакладная
даведка аб месцазнаходжанні яго магілы: справа ад помніка ў трэцяй брацкай
магіле. На тых могілках пахавана больш 10 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў.
Прозвішчы многіх, на жаль, да сённяшняга дня застаюцца невядомымі.
Магіла другога нашага земляка Івана Мікітавіча
Майсейкі, пахавальную на якога бацькі атрымалі 25 красавіка 1945 года,
знаходзіцца на ваенных могілках горада Лебус (Германія).
Мікалай Мікітавіч летась наведаў абедзве
знойдзеныя ім магілы, пакланіўся праху родных людзей і на свае вочы ўпэўніўся,
што гэтыя святыя месцы дагледжаны і не забыты.
Вайна закончылася. Людзі, перажыўшыя яе, шчыра
радуюцца таму, што яна адыходзіць у мінулае, становіцца гісторыяй. Забыць вайну
нам, хто яе не бачыў, лёгка, але ці маем мы на гэта права?
Зараз
яшчэ ёсць магчымасць шукаць загінуўшых у гады ваеннага ліхалецця людзей. І
гэта, у першую чаргу, патрэбна не мёртвым, а нам, тым, хто жыве і будзе жыць
пад мірным небам.
Тамара ВАЛАДЗЬКО.
7 мая — День работников радио, телевидения и связи "На связи" — связь №40 »