Чарговы — ужо 29 — Асіповіцкі міжнародны марафон адбыўся 2 красавіка. На папулярнае спартыўнае свята сабраліся звыш 570 прыхільнікаў самай дэмакратычнай лёгкаатлетычнай дысцыпліны. Акрамя гаспадароў, на старт у традыцыйных дыстанцыях 2, 10 і 42,195 км выйшла і 185 стайераў з іншых гарадоў Беларусі, Расіі і Украіны.
У першым, самым масавым, забегу прынялі ўдзел асіповіцкія школьнікі. У малодшай групе, аб’яднаўшай навучэнцаў 6-8 класаў, найлепшыя вынікі паказалі Хрысціна Гоман (Вяззе), Карына Жыдовіч (САШ № 4), Ірына Пірожнік (Ялізава), Максім Міцкевіч (САШ № 4), Аляксандр Падэра (САШ № 1) і Віталь Парамонаў (Вяззе). Сярод старшакласнікаў першае, другое і трэцяе месцы занялі Ганна Савіна (САШ № 4) і Антон Сцяпанаў (Свіслач), Валянціна Волкава (Вяззе) і Сяргей Васіленка (Свіслач), Ганна Рамашка (Ясень) і Андрэй Рошчын (Свіслач).
Сярод 136 удзельнікаў «дзясяткі” непераможным быў сямейны дуэт магіляўчан Наталлі і Дзмітрыя Чаткіных. Іх вынікі адпаведна 34 хвіліны 38 секунд і 30 хвілін 17 секунд.
Вынікі асіпаўчан: сярод жанчын ва ўзроставай групе 18-29 гадоў Ганна Мінчэня была другой (44.23), а Павел Дамаскін заняў 7 месца ў групе 30-39 гадоў.
Найлепшыя вынікі ў класічным марафоне, на пераадоленне якога сабралося 52 спарт-смены, паказалі мінчанін Ігар Долбік (2:36.35) і расіянка Алена Іонава (3.27.47). Наша зямлячка Таццяна Гурская ў агульным заліку паказала трэці вынік — 3:36.35.