Народны хор
ветэранаў вайны і працы адзначыў 25-годдзе сваёй творчай дзейнасці
Гэта толькі
зусім недасведчаны чалавек можа сцвярджаць, што падарыць людзям песню зусім
проста. Калі маеш добры голас, дастаткова вывучыць словы, улавіць матыў да
трапляць потым у такт гукам акампаніятара. Штосьці падобнае, скажам, мы можам
бачыць і чуць у час вясельных застолляў: дзяром глоткі — каб голасна ды весела
было.
Сапраўдныя ж
спевы патрабуюць амаль штодзённай напружанай працы, высокай зладжанасці, умення
данесці да слухачоў тонкасці задуманай аўтарамі песні.
Мне неаднойчы
даводзілася прысутнічаць на справаздачных аглядах калектываў мастацкай
самадзейнасці раёна, якія змагаліся за прысваенне ганаровага звання «народны”.
Члены камісіі былі вельмі патрабавальнымі і да кожнага выконваемага на сцэне
твора, і пастаноўкі яго ўдзельнікаў, іх руху. І далёка не ўсім удавалася з
першага разу атрымаць высокае званне — па-трабаваліся шматлікія дапрацоўкі,
новыя месяцы работы.
Сёння
асіповіцкія народныя і ўзорныя калектывы мас-тацкай самадзейнасці ведаюць ва
ўсім раёне. Шчыра прымаюць іх па-за межамі нашага рэгіёна — у вобласці,
рэспубліцы і нават далей.
Заслужаным
прызнаннем карыстаецца народны хор ветэранаў вайны і працы. Высокае мастацтва
выканання разнастайных песень, багаты рэпертуар іх, чыстыя галасы салістаў,
гатоўнасць у любы момант адклікнуцца на запрашэнне — гэта толькі кароценькі
пералік характэрных рысаў гэтага калектыву.
Важна ўлічыць
і наступны момант: гэта не моладзь у 18-25 гадоў, каму так ахвота сабрацца
вечарамі, каб цікава іх правесці. Хор ветэранаў — гэтым сказана ўсё. Убеленыя
сівізной, добра знаёмыя з рознымі хваробамі, заклапочаныя справамі сваіх
дзяцей, унукаў і праўнукаў, яны знаходзяць час і сілы і для рэпетыцый, і для
далёкіх паездак. І яшчэ мы ведаем прыклады, калі асобныя салісты ўчора
выходзілі на сцэну, а заўтра пакідалі нас назаўсёды.
1985 год. Па
ініцыятыве раённага савета ветэранаў вайны і працы пры раённым Доме культуры
вырашана стварыць хор ветэранаў вайны і працы. Каля вытокаў гэтай задумкі і яе
ажыццяўлення стаяў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Сяргеевіч Санковіч, а
таксама ветэран вайны былы ваенны камісар Фёдар Іванавіч Давыдаў. Багаты
жыццёвы вопыт дапамог ім сабраць вакол сябе людзей, якія загарэліся выказанай
ідэяй. Напачатку іх было толькі 10. Але кожны змог унесці свой важкі ўклад у
станаўленне і развіццё калектыву.
Цераз паўгода
хор ветэранаў упершыню выступае на раённай сцэне. А ўжо ў наступным ходзе за
высокае выканаўчае майстэрства, канцэртную дзейнасць і работу па
ваенна-патрыятычным выхванні моладзі калектыву прысвойваецца званне «народны”.
Усё гэта
нагадваецца вядучымі канцэрта народнага хору ветэранаў вайны і працы, які
адбыўся 13 сакавіка ў раённым Цэнтры культуры.
У час
заснавання творчага калектыву яго мастацкім кіраўніком стаў Мікалай Савельевіч
Сідарэнка — чалавек музычна адораны і валодаючы добрымі арганізатарскімі
здольнасцямі. Потым на змену прыйшоў Віктар Іванавіч Шышкавец — таленавіты
кампазітар, якім напісана звыш 150 твораў. Кіраваў хорам Юрый Ігнатавіч
Камісараў. З 1998 года мастацкім кіраўніком і дырыжорам стала Людміла
Уладзіміраўна Грынько.
За 25 гадоў
існавання хор ветэранаў стаў дружным творчым калектывам, адзінай сям’ёй, дзе
разам адзначаюць святы і дні нараджэнняў, перажываюць беды і непрыемнасці
блізкіх людзей.
Не ўсе дажылі да
гэтага юбілею. І гледачам даецца ўнікальная магчымасць пачуць голас аднаго з
вядучых салістаў хору — Леаніда Раманавіча Чудава. Песня, выкананая ім разам з
Людмілай Архіпенка, прысвечана пайшоўшым з жыцця: Пятру Сяргеевічу Санковічу,
Фёдару Іванавічу Давыдаву, Мікалаю Мікалаевічу Касічкіну, Івану Іосіфавічу
Хічэўскаму, Адольфу Міхайлавічу Цяцерыну, Мікалаю Савельевічу Сідарэнка,
Аляксею Фёдаравічу Жывову, Анастасіі Фёдараўне Казловай, Аляксею Рыгоравічу
Шчарбіне, Мікалаю Паўлавічу Гоціну, Алене Дзмітрыеўне Гоцінай, Яніне Іванаўне
Шарамет, Міхаілу Ар- кадзьевічу Пласцініну, Аляксею Паўлавічу Дацэнку, Ліліі
Іванаўне Холад, Пятру Міхайлавічу Сураўцу, Тамары Пятроўне Ліхадзіеўскай,
Віктару Іванавічу Шышкаўцу. Гучыць у прыцемках залы «Аве Марыя”… Стоячы, углядаюцца
людзі ў выве-дзеныя на экран фота-здымкі.
…Песні
розных аўтараў і жанраў гучалі ў той дзень са сцэны. Выступалі многія яго
салісты — Уладзімір Жлобіч, Уладзімір Белахвостаў, Святлана Раковіч, Людміла
Архіпенка, Тамара Татур, Ларыса Караткевіч, Тамара Летуновіч, Антон Гулік,
Наталля Петрапаўлаўская.
Юбілей без
віншаванняў і падарункаў не абыходзіцца. Народны хор ветэранаў шчыра віншавалі
намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Вікенцьевіч Шаўлюга, начальнік аддзела
культуры Ірына Аляксандраўна Раманчук, дырэктар РЦК Мікалай Мікалаевіч
Самусевіч, старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Свірыдавіч Арцёменка,
старшыня савета ветэранаў медыцынскіх работнікаў Зінаіда Канстанцінаўна
Пацкевіч, калегі юбіляраў па творчасці — народны ансамбль музыкі «Дзівакі”,
народны ансамбль народнай песні і музыкі «Люлечка”, узорны ансамбль танца
«Асарці”, народны ансамбль эстраднага танца «Капрыз”.
Наперадзе ў
народнага хору ветэранаў вайны і працы — новыя задумкі і новыя планы. Сёлета,
напярэдадні 65-й гадавіны Вялікай Перамогі, яны асабліва важныя і значныя.
Новых творчых
узлётаў і поспехаў табе, наш пра-слаўлены калектыў!
Анатоль
ТАМАШЭЎСКІ, заслужаны работнік культуры Рэспублікі
Беларусь.