Ужо прайшло каля трох месяцаў, як офіс асіповіцкага
філіяла «Белсаюздруку” пераехаў ва ўласны будынак па вуліцы Паркавай, што каля
крамы «Свіслач”. Раней ён размяшчаўся ў арандаваных памяшканнях вузла паштовай
сувязі, але як толькі выпала магчымасць, быў пабудаваны ўласны «штаб”. Зараз у
ім — галоўны бухгалтар, арганізатар працы, тры сарціроўшчыкі, кіяскёры і
начальнік Анатоль Дрывіцкі.
Не лішнім будзе нагадаць, што да 2003 года справы ў
філіяла ішлі не вельмі ўдала. Ён нават быў стратным і стаяў пад пагрозай
закрыцця. Аднак з прыходам на кіруючую пасаду Анатоля Эдуардавіча, а таксама
зменай у 2004 годзе «галавы” абласной арганізацыі ў справах прадпрыемства
адбыліся карэнныя змены. І калі мясцовы начальнік пачаў з уласнага «голага”
энтузіязму, абласны — Аляксандр Чачора — стаў гэты энтузіязм падтрымліваць.
Раней праблемай у Асіповічах былі старыя драўляныя
кіёскі. На ноч работнікі здымалі з вітрын тавар, пакавалі яго і хавалі пад
прылавак, але гэта не заўсёды дапамагала нават ад дрэннага надвор’я. Галоўнай
навалай былі зладзеі, якія перыядычна «чысцілі” гандлёвыя кропкі. Таму новае
кіраўніцтва спачатку занялося рамонтам, а потым і заменай ларкоў.
У выніку мэтанакіраванай работы аб’ём продажу значна
павялічыўся, але, як ад-значае Анатоль Эдуардавіч, сёння частку набыткаў
прадпрыемства атрымоўвае ад рэалізацыі спадарожных тавараў. «Мы жывем у час
вышэйшых тэхналогій, калі «перыёдыка” саступае месца камп’ютэрам і тэлевізарам
і карыстаецца попытам усё менш”, — кажа ён. Найбольш запатрабаваны
школьна-пісьмовыя і парфумерна-касметычныя прадметы. Прычым па продажу
касметыкі Асіповіцкі раён займае першае месца ў вобласці. Не выключэнне і офіс
арганізацыі, частку якога — чвэрць са 120 квадратных метраў — займае крама-павільён.
Галоўны плюс крамы ў тым, што на яе прылаўках шмат
тавараў. Да прыкладу, 30% усёй кніжнай прадукцыі, якая распаўсюджваецца
філіялам, знаходзіцца тут. Прычым, гэта не толькі дам-скія раманы і дэтэктывы,
але і сур’ёзныя выданні па гісторыі, энцыклапедычныя даведнікі і эксклюзіўная
для горада літаратура. Акрамя таго, у шырокім асартыменце прадстаўлена
дзяржаўная сімволіка, а таксама посуд і сувеніры. І ўсё гэта можна патрымаць у
руках! Пакуль што не прадаюцца прадукты харчавання, але гэты «хіб” плануецца выправіць
у наступным месяцы.
Ці задаволены выбраным месцам? На гэта пытанне
Анатоль Эдуардавіч адказвае так: «Побач размяшчаюцца 3 дзіцячыя садкі і 3
школы, раён зараз разбудоўваецца, таму наша месца адназначна выгаднае”. Хаця
пакуль кропка яшчэ саступае па колькасці наведвальнікаў кіёскам са стажам.
Напрыклад, калі ў будні дзень ларок абслугоўвае 400-600 кліентаў, крама —
толькі 200-300. Аднак, па словах супрацоўнікаў, пакупніку патрэбны час, каб прызвычаіцца
да новага месца.
Дарэчы, у гэтым годзе кіраўніцтва філіяла плануе
ўстанавіць два дадатковыя кіёскі, а значыць, развіццё мясцовага
«Белсаюздруку» будзе працягвацца.
Ганна МАЦКЕВІЧ.