Рэспубліканскі семінар-практыкум «Стварэнне ўмоў для навучання
і выхавання дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата ў сістэме
адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які праводзіўся 23-24 лютага на базе Асіповіцкай
спецшколы-інтэрната — адзінай па свайму профілю на Беларусі — сабраў больш за
сотню зацікаўленых асоб з розных куткоў краіны.
Сярод удзельнікаў былі спецыялісты ўпраўленняў
адукацыі абласных і Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі, дырэктары
абласных і раённых цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі,
прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, некалькіх дзяржуніверсітэтаў, а
таксама грамадскіх аб’яднанняў, якія займаюцца пытаннямі аказання дапамогі
людзям з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата.
Пасля прывітальных слоў начальніка ўпраўлення
спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніны Змушко,
намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірыны
Кусковай і намесніка старшыні Асіповіцкага райвыканкама Аляксандра Шаўлюгі
пачалася актыўная праца. Разглядаліся розныя пытанні: асноўныя накірункі
адукацыйнай і карэкцыйна-развіваючай работы з дзецьмі з парушэннямі функцый
апорна-рухальнага апарата, арганізацыя развіццёвага асяроддзя, пераемнасць у
карэкцыйна-навучальнай рабоце ва ўмовах дашкольнай установы і
агульнаадукацыйнай школы і г.д.
Загадчык кафедры рэабіліталогіі Дзяржаўнага інстытута
кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, старшыня асацыяцыі сацыяльных работнікаў
Канстанцін Збароўскі расказаў аб рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў у Беларусі ў
кантэксце рэалізацыі Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, да ратыфікацыі якой
рыхтуецца і наша краіна. Прынятая ў 2006 годзе Канвенцыя з’яўляецца вялікім
крокам да разумення праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прамоўца
расказаў, якім чынам фарміравалася заканадаўства па абароне правоў інвалідаў у
рэспубліцы. Ёсць яшчэ шмат накірункаў, па якіх трэба працаваць, каб сапраўды
паўсюдна стварыць для інвалідаў станоўчыя ўмовы, даць ім рознабаковыя
магчымасці. Ніхто не гаворыць аб тым, што мы дрэнна адносімся да гэтых людзей,
але пры гэтым нярэдка не праяўляем дастатковай увагі да іх клопатаў. Ім не
трэба ні жаль, ні гіперапека — проста трэба прызнаваць у іх роўных.
Госці з цікавасцю азнаёміліся з нашай школай. Да
ўвагі былі прадстаўлены кабінеты для вучобы, карэкцыйных заняткаў і медыцынскіх
працэдур, гульнёвыя пляцоўкі, спальныя пакоі. Прысутных цікавілі розныя аспекты
жыцця дзяцей у школе-інтэрнаце. І яны пераканаліся, што ў вучняў спецшколы ёсць
усё неабходнае для нармальнага жыццядзеяння. Адметна, што тут створаны не
казённыя ўмовы, а сапраўды ўтульна-дамашнія, для многіх выхаванцаў значна
лепшыя, чым яны мелі і маюць у сваіх сем’ях.
Семінар быў карысным для яго ўдзельнікаў мажлівасцю
азнаёміцца з прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў, якія выпускаюць тавары,
неабходныя для забеспячэння належнай якасці жыцця людзей з абмежаванымі
магчымасцямі, таксама для арганізацыі развіваючых заняткаў і вольнага часу
дзяцей. Прычым не толькі інвалідаў. Тэхнічныя сродкі рэабілітацыі прадставілі
РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны ўзнаўляльны цэнтр” і «Глобал-медыя”, мяккія
модулі, спартыўнае абсталяванне — ТАА «БелИграПром”, ТДА «Игроленд”.
Выклікала вялікую цікавасць і выстава-продаж
спецыяльнай літаратуры. Аб накірунках сваёй работы расказалі і прапанавалі
супрацоўніцтва прадстаўнікі вучэбнай лабараторыі «Адукацыя без межаў”, якая
працуе на базе Белдзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка.
Другі дзень семінара быў прысвечаны пытанням прафарыентацыйнай,
прафесійнай рэабілітацыі, рэабілітацыі з дапамогай спорту асоб з парушэннямі
функцый апорна-рухальнага апарата. Перад слухачамі выступаў дырэктар
грамадскага аб’яднання «Інтэграцыйная служба г. Кіля” (Германія) Марцін
Каштранек, старшыня рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання
«Откровение” Святлана Бякава-Мікуцель і іншыя.
Завяршыла семінар і стварыла пазітыўны вясновы
настрой агульнае святкаванне Масленіцы, у якой прынялі ўдзел і даўнія сябры
ўстановы — народны ансамбль народнай песні і музыкі «Дзівакі”, а таксама вучні
з суседняй СШ № 1.
Усё ўбачанае, пачутае і перажытае за два дні пакінула
ва ўдзельнікаў семінара агульнае меркаванне: выхаванцы Асіповіцкай
спецшколы-інтэрната маюць самае галоўнае — магчымасць развівацца, падтрымліваць
сваё здароўе і быць шчаслівымі.
Валянціна КОРБАЛЬ.