Пра Святлану Фіняк можна з упэўненасцю сказаць, што
яна ўяўляе сабой партрэт сапраўднай жанчыны-сучасніцы: нястомнай працаўніцы,
клапатлівай жонкі, пяшчотнай маці, любай бабулі…
Амаль 20 гадоў таму прыйшла Святлана Эдуардаўна на
працу ў камунальную гаспадарку. Думала, што не надоўга, але затрымалася на ўсё
жыццё. Напачатку працавала майстрам, затым старшым майстрам домакіраўніцтва
ДУКВП «Райсервіс”.
Трэба заўважыць, прафесія гэта далёка не жаночая. Што
б ні здарылася з нашым домам: пацёк дах, аблупіліся сцены ці паламаліся дзверы
пад’езда, звярталіся менавіта да яе. Жанчына прымала заявы ад насельніцтва і
арганізоў-вала непасрэднае выкананне неабходных рамонтных работ. Ёй адной з
першых прадстаўнікоў камунальнай службы даводзілася сустракацца з узрушанымі
домаўладальнікамі, як кажуць, прымаць агонь на сябе.
Такой «лёгкай” справай займалася Святлана Эдуардаўна
амаль 17 гадоў і ніколі ні на што не скардзілася. Наадварот, яна заўсёды з
ветлівай усмешкай на вуснах, што наогул немалаважна пры рабоце з людзьмі.
Некалькі гадоў таму ёй прапанавалі «партфель” майстра
па добраўпарадкаванні і саначыстцы. Пагадзілася. Зараз Святлана Фіняк займаецца
добраўпарадкаваннем і азеляненнем гарадскіх вуліц, паркаў і плошчаў. Непасрэдна
пад яе кіраўніцтвам працуюць 28 чалавек, у асноўным — вулічныя прыбіральшчыкі.
І да кожнага са сваіх падначаленых кіраўнік змагла знайсці асабісты падыход. Па
словах дырэктара ДУКВП «Райсервіс” А.Ц.Маслава, Святлана Фіняк —
чалавек-псіхолаг, якая заўсёды адчувае настрой людзей і ў любой сітуацыі
стараецца быць аб’ектыўнай.
Падначаленыя яе таксама паважаюць, стараюцца ні ў чым
не падводзіць. А як жа інакш? Іх праца штодня навідавоку: уборка вуліц з
асфальтавым пакрыццём, 33 кантэйнерныя пляцоўкі, 31 аўтобусны прыпынак, вакзал
і пуцеправод, гарадская Алея герояў, двое могілак на паў-днёвым баку горада.
Яны штодня сочаць за знешнім выглядам і станам лавак у скверах і парках, дошак
аб’яў, помнікаў і шмат чым іншым, што стварае знешняе непаўторнае аблічча
нашага горада. Акрамя таго на іх рахунку каля ста вялікіх і маленькіх
кветнікаў, для большасці якіх, дарэчы, даводзіцца самім вырошч-ваць расаду.
Практычна большую частку свайго працоўнага жыцця
аддала Святлана Эдуардаўна жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Але быць
камунальнікам ёй ніколькі не надакучыла. Наадварот, чым большы вопыт, тым
большую асалоду атрымлівае ад выканання службовых абавязкаў.
Ды і павагай у калектыве карыстаецца не толькі за
віртуознае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў. Калегі аднагалосна
сцвярджаюць, што жанчына мае цудоўны характар і дасканала валодае сакрэтамі
чароўнай жаночай абаяльнасці.
У тым, што Святлана Фіняк з усімі цяжкасцямі
спраўляецца добра, немалая заслуга і яе родных. Муж Мікалай Іванавіч, сыны
Яўген і Аляксандр — заўсёды надзейная апора, а гэта для любой жанчыны — рэч не
апошняя. А яна, у сваю чаргу, стараецца атуліць іх клопатам і жаночай пяшчотай.
Вельмі любіць радаваць блізкіх смачнымі абедамі нацыянальнай беларускай кухні.
…У дзень прафесійнага свята гэты чалавек будзе
прымаць віншаванні яшчэ і з асабістым: роўна паўвека таму, 28 сакавіка,
наканавана ёй было з’явіцца на гэты свет.
Са святам Вас! Поспехаў як у працы, так і наогул у
жыцці, Святлана Эдуардаўна!
Тамара ВАЛАДЗЬКО.