У службе электрагаспадаркі УКП ЖКГ працуе 22
чалавекі. Калектыў працаздольны і зладжаны — як, дарэчы, і іншыя структурныя
падраздзяленні камунальнага прадпрыемства.
— У нас прынята працаваць чэсна і аддана. Нейкія
ўласныя праблемы пакідаюцца дома, — гаворыць начальнік службы Валерый
Шчасновіч, — а рабочыя не пераносяцца ў сям’ю. Любое непаразуменне ў калектыве
стараемся вырашаць на месцы, адразу. То хлопцы згладзяць яго арыгінальным
жартам, то незласлівай шпількай-уколам. Заўсёды імкнемся нават самую складаную
сітуацыю «разруліць» смехам — адначасова падняць настрой і тую-іншую
праблему зняць.
Здаровы мікраклімат у калектыве дапамагае кожнаму
работніку і ва ўзаемаадносінах з іншымі людзьмі. Гэта, лічыць Валерый
Шчасновіч, і ёсць фірменны стыль яго службы.
Па словах дырэктара УКП ЖКГ Л.С.Змачынскага, наогул
для энергагаспадаркі прадпрыемства мінулы год склаўся паспяхова, і гэта,
зразумела, заслуга калектыву ў цэлым. Тэмп росту аб’ёму вытворчасці прадукцыі
па ўчастку ў супастаўных цэнах склаў 120,2%, прыбытак — 213,0 мільёнаў рублёў
пры рэнтабельнасці 32,4%.
Акрамя асноўных электрамантажных работ калектыў
энергагаспадаркі займаецца электрафізічнымі вымярэннямі, цалкам на
абслугоўванне ім перадалі сваё электраабсталяванне ўстановы аховы здароўя і
культуры, банкі, санстанцыя, служба экалогіі, некаторыя жыллёва-будаўнічыя
кааператывы і інш. І трэба сказаць, што з усёй гэтай вялікай гаспадаркай
энергетыкі УКП ЖКГ спраўляюцца на «выдатна».