Ларыса
Баршчэўская — усяго першае скліканне ў ролі дэпутата. Яна — народны выбраннік
па Аўтазаводской выбарчай акрузе № 17. У склад участка ўваходзяць дамы па
вуліцы Сумчанкі №№ 49 (к. 1, 2, 3), 55, 55а, 57, 65, у якіх пражывае больш за
тысячу выбаршчыкаў. Гэта ў асноўным работнікі-завадчане. Ларыса Юльянаўна добра
ведае амаль кожнага, бо таксама працуе на гэтым прадпрыемстве.
Атрымаўшы
дыплом тэхніка-тэхнолага ў 1978 годзе, уладкавалася па спецыяльнасці ў аддзел
галоўнага тэхнолага АЗАА, а з 1986 года стала інжынерам па падрыхтоўцы кадраў.
Кола яе абавязкаў звязана з пытаннямі падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў,
павышэння імі кваліфікацыі і інш. Яна — кампетэнтны, граматны спецыяліст, што пацвярджаецца
добрымі водгукамі людзей, якія звяртаюцца да яе па розных пытаннях. Якой бы ні
была праблема — Баршчэўская заўсёды знойдзе па-трэбнае вырашэнне. А то і
проста, па-чалавечы, падтрымае або дасць слушную параду. Асаблівую ўвагу, па яе
словах, на прадпрыемстве ўдзяляюць маладым спецыялістам, у руках якіх —
будучыня аўтазавода. Для іх створаны ўсе ўмовы, каб не толькі рухацца наперад у
плане прафесійнага росту, але і адчуваць сябе сацыяльна абароненымі.
Штодзённая
работа патрабуе стасункаў з рознымі катэгорыямі людзей. Сярод іх і выбаршчыкі,
якія даверылі менавіта Ларысе Юльянаўне прадстаўляць інтарэсы аўтазавадчан на
другім узроўні ўлады (раённым), даючы ёй шанц змяніць жыццё на асобна ўзятай
тэрыторыі да лепшага.
— Сказаць, што
я раблю нешта звышнатуральнае, нельга, — гаворыць дэпутат. — Як чалавек адказны
і неабыякавы, заўсёды прысутнічаю на сесіях райсавета, сустракаюся з людзьмі,
карыстаюся дэпутацкім запытам, раблю справаздачы перад насельніцтвам пра сваю
дэпутацкую дзейнасць. На некаторыя праблемы і сама звяртаю ўвагу. Стараюся
ўмела і тактоўна данесці іх да раённага дэпутацкага корпуса, каб сумеснымі
намаганнямі прыняць адпаведнае рашэнне. Без-умоўна, іншы раз бывае складана
знайсці выйсце з узнікшай сітуацыі, прыходзіцца брацца за праблему з розных
бакоў. I якое ж тады наступае задавальненне, калі ўсё вырашаецца станоўча! Да
прыкладу, звярнулася да мяне былая супрацоўніца аўтазавода з просьбай дапамагчы
пераабсталяваць пляцоўку для сушкі бялізны. З дапамогай старшыні райсавета
праблема вырашылася. Дробязь, але прыемна.
Жыццёвы
прынцып, якім карыстаецца Ларыса Баршчэўская — у першую чаргу быць
патрабавальным да сябе. Гэта яна тлумачыць і сваім выбаршчыкам, якія звяртаюцца
да яе з некаторымі пытаннямі па добраўпарадкаванні. Напрыклад, чысціня ў
пад’ездах у многім залежыць ад жыльцоў. У немагчымасці пад’ехаць машыне хуткай
дапамогі па ўказаным адрасе з-за загрувашчвання ўласнымі аўтамабілямі
прыдваровай тэрыторыі таксама не віна кагосьці збоку, а зноў жа саміх сябе.
Машынамі заняты нават дзіцячыя пляцоўкі. Вось адна з праблем, над якой трэба
працаваць у бліжэйшы час. Шмат набалелых пытанняў у выбар-шчыкаў і з вулічным
асвятленнем, і са сцёкавымі водамі. Адной іх не адолець — патрабуецца дапамога
некаторых гарадскіх служб. Думаецца, што ў хуткім часе народная выбранніца
справіцца і з гэтым.
Кожны запыт
успрымаецца Ларысай Юльянаўнай як абавязковы для выканання. Таму яна і
хвалюецца, калі нешта не ўдаецца выканаць. Успамінае, як цяжка вырашалася
пытанне са стацыянарнымі прыбіральнямі ў раёне гарадскога парку. I ўсё ж такі
было прынята рашэнне аб іх пабудове ў 2011 годзе.
Усе праблемы
адным махам адолець складана, але што дэпутат Баршчэўская стараецца не пакідаць
іх па-за ўвагай — факт. А гэта вельмі важна. Ды і наогул, у яе жыцці дробязей
не бывае. Яна лічыць, што кожная справа, за якую бярэцца чалавек, павінна
рабіцца належным чынам. А інакш навошта за яе брацца?
Для сям’і час
таксама знаходзіцца. Любіць пацешыць сваіх блізкіх смачным абедам, падчас свята
прыгатаваць усімі любімага фаршыраванага шчупака. Калі выпадае вольны час, бярэ
ў рукі гістарычны раман, а летам вельмі любіць займацца кветнікам, які аздабляе
цудоўнае месца сямейнага адпачынку — дачу.