У
Дараганаўскім краязнаўчым музеі захоўваецца больш за 3.000 экспанатаў. Сярод іх
шмат такіх, чыя гісторыя звязана з перыядам Вялікай Айчыннай вайны. З апошніх
паступленняў можна назваць драўляную аснову кавалерыйскага сядла, знойдзеную ў
Буцінскім урочышчы; дымакур для пчалярства з сумкі нямецкага «Юнкерса”;
рукапісны песеннік на 400 старонках (заведзены ў 1939, закончаны ў 1946 годзе),
кавалкі ад стабілізатара супрацьтанкавай міны і г.д.
Найбольшую
значнасць сярод экспанатаў, звязаных з гісторыяй вайны, прадстаўляюць успаміны
жывых сведкаў падзей таго часу. Гэта пісьмы былых партызан з брыгады № 161 імя
Катоўскага, дыктафонныя запісы з галасамі людзей, якія засталіся жывымі ў
спаленых вёсках, вярнуліся з нямецкіх канцлагераў і турмаў, прайшлі ўсю вайну з
першага да апошняга дня, якія бачылі расстрэлы мірных жыхароў і жудасныя
карціны разбітых на Поклані і ў Буціне ў жніўні 1941 года кавалерыйскіх палкоў
з першага коннага рэйду пад камандаваннем Бацкалевіча.
Не так даўно
музей папоўніўся яшчэ адным дакументам: пісьмом, дасланым дачкой аднаго з
вядомых сыноў дараганаўскай зямлі Арцёма Тарасавіча Кірдуна — магіляўчанкай Галінай
Арцёмаўнай. Яно ўтрымлівае ўспаміны пра бацьку, а таксама фотаздымкі.
Нарадзіўся
Арцём Тарасавіч у 1903 годзе ў Птушычах у сям’і Тараса і Алены Кірдун. Закончыў
3 класы Дараганаўскай школы, але паколькі ў сям’і было 12 чалавек, то вымушаны
быў перарваць вучобу, каб дапамагаць бацьку.
У 1923 годзе
ажаніўся з Вольгай Пракопаўнай Дзяцел і пераехаў жыць у вёску Радуцічы, адкуль
быў прызваны ў армію. Калі вярнуўся з войска ў 1927 годзе, аднасяльчане абралі
яго старшынёй камітэта беднаты, а ў 1932 годзе — старшынёй калгаса «Камінтэрн”,
які на пачатку пяцідзесятых гадоў далучыўся да калгаса імя Ульянава. На гэтай
пасадзе Кірдун працаваў да самага прыходу немцаў.
Калектыўная
гаспадарка, якую ён узначальваў, развівалася вельмі паспяхова: былі пабудаваны
дзіцячы садок, клуб, школа, канюшня. Існаваў калгас і ў першыя месяцы акупацыі,
пакуль старшыня не пайшоў у партызанскі атрад.
Усю жывёлу на
пачатку вайны вырашана было раздаць калгаснікам. Паспелі нават сабраць ураджай
і звезці яго ў лес, а пустое гумно спаліць. Немцам паведамілі, што пажар
здзейсніў нехта невядомы. Хлеба фашысты не атрымалі — калгаснікі размеркавалі
яго па колькасці членаў сям’і. Фашысты хацелі жорстка расправіцца з Арцёмам
Кірдуном за такую хітрасць, але ён змог пазбегнуць нямецкай расправы. У хуткім
часе пайшоў у партызанскі атрад, дзе і ваяваў амаль да канца вайны. У адным з
баёў быў паранены і лячыўся ў шпіталі.
Вярнуўшыся на
радзіму, Арцём Тарасавіч зноў узначаліў калгас. Але ў хуткім часе яго перавялі
дырэктарам цагельнага завода ў вёсцы Шушараўка Старадарожскага раёна. Дабіраўся
ён туды штодня пехатою, бо чыгунка яшчэ не аднавілася. У кастрычніку 1945 года,
вяртаючыся з работы, як заўсёды, праз лес, сустрэўся знянацку з паліцаямі, якія
хаваліся там ад справядлівай расправы. Яны па-зналі былога старшыню і забілі
яго.
Пахаваны Арцём
Тарасавіч на радуціцкіх могілках.
Уся сям’я
Кірдуна была ў партызанах: жонка, чатыры дачкі і два сыны. У адным з баёў у
Глускім раёне быў забіты сын Аляксандр, які разам з бацькам хадзіў на баявое
заданне. Жонка Вольга Пракопаўна трапіла ў палон да немцаў. Яна некаторы час
знаходзілася ў канцлагерах у Асіповічах і Бабруйску, а потым была вывезена ў
Германію, дзе і сустрэла перамогу. Вярнулася дадому ў ліпені 1945 года.
У адным
партызанскім атрадзе разам ваяваў і яго брат Сцяпан. Два браты Рыгор і Іван
таксама ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Рыгор загінуў на фронце ў 1944 годзе,
Іван быў дэмабілізаваны з арміі ў званні палкоўніка.
Памятаюць пра
Арцёма Тарасавіча людзі і да гэтага часу. Добра было б адну з вуліц у Радуцічах
назваць яго іменем, у знак падзякі за яго добрыя справы!
Жанна
КАРАЛЕНЯ.