На малочнатаварнай ферме вёскі Каменічы працуюць
руплівыя людзі. Да іх адносіцца і аператар па абслугоўванні дойнага статка
Аляксандр Лапенчык, які забяспечыў надой малака на адну карову ў колькасці 6.059
кілаграм, і стаў летась лепшым сярод скотнікаў-пастухоў раёна. У чым жа сакрэт
яго поспеху?
— Працую даглядчыкам 7 гадоў. Упершыню дасягнуў
такога выніку. Дапамаглі многія абставіны, у тым ліку і наяўнасць добрых
кармоў. Бо галоўнае, каб каровы былі сытна накормлены. А яшчэ — каб «не
скардзіліся” на здароўе і адпачывалі на чыстай падсцілцы, — гаворыць Аляксандр.
Здавалася б, нічога складанага. Але чаму ў яго
атрымліваецца лепш, чым у другіх? Можа таму, што працуе самааддана, практычна
без выхадных, кожную хвіліну рабочага часу аддае гадаванцам, заўсёды памятае
народную прыказку: «Што ў каровы на языку, тое і ў вядры”?
Разам з напарнікам да-глядае 196 рагуль. Кожная з іх
павінна атрымаць з рук свайго карміцеля патрэбны рацыён. А гэта — каля 5 тон
сіласу штодня. Таму працу лёгкай не назавеш, хутчэй наадварот. Шчыруюць на
такой рабоце людзі вынослівыя, прывычныя да яе з дзяцінства. А Саша менавіта з
такіх. Часта прыходзілася дапамагаць сваёй матулі, якая таксама працавала на
гэтай жа ферме даяркай. Яна і навучыла яго працавітасці, добрасумленнасці,
адказнасці за даручаную справу.
— Такіх бы, як Лапенчык, паболей, — шчыра прызналася
загадчыца МТФ Марына Белабародава. — Яму можна давяраць любы ўчастак работы і
быць упэўненым, што чалавек ніколі не падвядзе. Не трэба нічога падказваць,
вучыць, напамінаць. Толькі невялікая каардынацыя дзеянняў — і рабочы працэс
стопра-цэнтна забяспечаны.
А дома Аляксандра чакаюць жонка Валянціна і дзеці —
дачушкі Таня і Люда. Якія сваім шчырым шчабятаннем здымуць любую стомленасць
дарагога ім чалавека…