Кожная школа, як і чалавек, мае сваю рэпутацыю.
Вязьеўская заўсёды знаходзілася на добрым рахунку: нездарма яна на працягу
пэўнага перыяду была эксперыментальнай пляцоўкай па апрабацыі мадэлі
12-гадовага навучання і 10-бальнай сістэмы ацэнкі ведаў вучняў. Вось і за
мінулы год установа, якую ўзначальвае Валянціна Грышановіч, прызнана пераможцам
раённага спаборніцтва.
Важная асаблівасць школы — у кожнага дзіцяці ёсць
магчымасць быць першым. Не ў вучобе, значыць, у спорце або ў творчасці. Гэтая
акалічнасць станоўча ўплывае на самаацэнку вучняў, іх агульны эмацыянальны
настрой, дазваляе адчуваць сябе значымымі і запатрабаванымі.
Вось ужо на працягу пяці гадоў школа займае вядучае
месца ў раённым спартыўным рэйтынгу сярод устаноў адукацыі сваёй групы. Гэтаму
спрыяе мэтанакіраваная работа настаўнікаў Анатолія Мікуліча і Валянціна
Мількевіча, а таксама належная спартыўная база. Добра аснашчаная трэнажорная
зала звычайна занята і на ўроках фізкультуры, і ў пазаўрочны час: тут вядзецца
актыўная работа спартыўных секцый. Свае заняткі — не толькі для школьнікаў, але
і для мясцовай моладзі і наогул неабыякавага да спорту насель-ніцтва
аграгарадка — праводзіць інструктар з ФСК «Алімпія”. З прычыны агульнай павагі
да актыўнага спосабу жыцця сталі традыцыйнымі турпаходы ўсёй школай па
Асіповіччыне падчас самага пачатку летніх канікул, велападарожжы вучнёўскай
«зборнай” па гістарычных мясцінах Беларусі з завяршаючай іх
справаздачай-фотавыставай у школе.
Вязьеўскай СШ нала-джана плённае супрацоўніцтва з
сельскім Саветам, Домам культуры, СВК «Калгас «Авангард”, ААТ «Рыбгас
«Свіслач”, ФАП. Сумесна з гэтымі ўстановамі вырашаюцца розныя пытанні,
праводзяцца рэйды па сем’ях і г.д. Клопат пра дзяцей, а гэта значыць — пра
будучыню Вяззя, павінен быць агульным. Так яно і ёсць на самой справе.
Цесна школа ўзаема-дзейнічае і з бацькамі. Прывычная
з’ява, калі мамы і таты прымаюць удзел у пазашкольных мерапрыемствах.
Напрыклад, нядаўна ўсе разам святкавалі Масленіцу. Можа быць, менавіта з-за
пастаяннай увагі школы да сямейна-бытавых умоў вучняў тут няшмат сямей
сацыяльнай рызыкі: у раённым банку даных знаходзіцца толькі адна. Праўда, на
ўнутрышкольным уліку іх больш: дадатковы кантроль не па-шкодзіць…
Найважнейшая падзея юнацтва — паступленне ў
навучальную ўстанову — вельмі хвалюе не толькі саміх выпускнікоў і іх бацькоў,
але і педагогаў. Сацыяльна-псіхалагічная служба, настаўнікі дапамагаюць вучням
вызначыцца з будучай прафесіяй. Свае веды дзеці могуць падцягнуць на
факультатывах, платных курсах па прадметах. Колькасць вучняў дазваляе пры
неабходнасці працаваць з імі індывідуальна. Летась 40% выпускнікоў сталі студэнтамі
ВНУ, 60% — сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
Дзе адказныя адносіны да працы, там і дасягненні.
Вось і зараз 9-класнік Дзяніс Кірдун, які ў студзені атрымаў Дыплом I ступені
на абласным этапе рэспублікан-скай алімпіяды па працоўным навучанні, рыхтуецца
ў Магілёве да завяршаючага тура інтэлектуальнага спаборніцтва. Грунтоўныя веды
па прадмету змог закласці настаўнік Аляксандр Ляўкоў.
— Новае і цікавае ў тэарэтычных ідэях і педагагічнай
практыцы можна знайсці ў кожнага настаўніка, — расказвае дырэктар школы
Валянціна Грышановіч. — Але ўсё ж хочацца адзначыць работу Ганны Сямёнавай,
якая выкладае выяўленчае мастацтва на вельмі высокім узроўні і стварыла цудоўны
кабінет — сапраўдную галерэю дзіцячых шэдэўраў. Свая сістэма работы, у тым ліку
ў падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд, ёсць у настаўніцы беларускай мовы і
літаратуры Валянціны Ярмоленка. Ужо некалькі яе выпускнікоў пасля заканчэння
школы абралі педагагічную дарогу. Гэта, мабыць, і ёсць самы яскравы паказчык
работы.
Валянціна КОРБАЛЬ.