15.1 C
Осиповичи
Вторник, 9 августа, 2022
Еще

    Перапынак і не толькі

    Популярное

    Лета — канікулы для вучняў, адпачынак для настаўнікаў. А вось для кіраўніцтва ўстаноў адукацыі гэта перыяд грунтоўнага аналізу дасягнутых вынікаў і інтэнсіўнай падрыхтоўкі да наступнага навучальнага года.

    Аб гэтым і гаворка з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Ірынай Сяргейчык.

    — Якімі вынікамі завяршыўся 2021/2022 навучальны год?

    — Сёлета больш за 70% вучняў 3-11 класаў скончылі адукацыйны курс з высокім і дастатковым ўзроўнямі засваення вучэбнага матэрыялу — 7-10 балаў. Дзевяці- і адзінаццаці-класнікі ўпэўнена пацвердзілі гадавыя адзнакі на экзаменах. 535 падлеткаў атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі, з іх 16 — з адзнакай выдатна. З 251 адзінаццацікласніка 19 атрымалі залатыя медалі, 46 выпускнікоў узнагароджаны пахвальным лістом за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў.

    — Новыя тэхналогіі ўкараняюцца ў адукацыйны працэс?

    — Інавацыйная дзейнасць вялася на базе СШ № 2, гімназіі, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, Ялізаўскай СШ і іншых устаноў адукацыі па розных актуальных тэмах.

    Педагогі актыўна выкарыстоўваюць у працы сучасныя прыёмы візуалізацыі інфармацыі — інтэлект-карты, скрайбінг, інфаграфіку, што дазваляе прадстаўляць складаныя паняцці, з’явы і працэсы ў наглядным, кампактным, больш зразумелым для дзяцей выглядзе. Сёння немагчыма вучыць дзяцей без інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, электронных сродкаў навучання. Яны пашыраюць і паглыбляюць веды, вырашаюць даследчыя і праектныя заданні. Да таго ж выкарыстанне мабільных прылад спрыяе павышэнню матывацыі да вывучэння прадметаў, дазваляе будаваць індывідуальныя адукацыйныя траекторыі і фарміраваць інфармацыйную культуру ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

    — Мінулы навучальны год быў багатым на ўзнагароды?

    — Так, больш за 40 дыпломаў першай і другой ступені і шмат заахвочвальных водгукаў атрымалі нашы вучні ў разнастайных конкурсах, алімпіядах, праектах рэспубліканскага і міжнароднага маштабу. Стыпендыятамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў сталі пяць школьнікаў. Значная падзея — перамога навучэнкі СШ № 3 у XVIII міжнародным юніёрскім лясным конкурсе. Вучні гімназіі, СШ № 2 і № 4 на працягу года праходзілі навучанне ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк”, якая рэалізуе праграму дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі па наступных напрамках: “Зялёная хімія”, “Нанаіндустрыя і нанатэхналогіі”, “Робататэхнічныя сістэмы”, “Інжынерная экалогія”, “Энергетыка будучыні” і г.д.

    Настаўнік гісторыі і кіраўнік музея СШ № 2 Наталля Шчарбачэня ўзнагароджана Дыпломам 1 ступені па выніках удзелу ў Рэспубліканскім форуме музеяў устаноў адукацыі “Памяць народа — у надзейных руках маладых”. Сумесна з настаўнікам інфарматыкі Святланай Панчук яна распрацавала аўтарскі электронны сродак навучання і выхавання “Віртуальнае падарожжа па родным краі”, дзе ў электронным выглядзе сабраны матэрыялы па гісторыі Асіповіцкага раёна.

    У VI абласным фестывалі маладых педагогаў “Прызванне — педагог” пераможцам у намінацыі “Пачатковыя класы” стала настаўнік СШ № 3 Юліяна Вараўка. Настаўнік гімназіі Таццяна Амбрушкевіч перамагла ў міжнародным конкурсе педагагічных ідэй і майстэрства сярод выкладчыкаў рускай мовы ў краінах СНД “Школа без межаў”. Па выніках удзелу ў Міжнародным экалагічным конкурсе “Экалагічны стыль жыцця” педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ўзнагароджаны Дыпломам I ступені.

    Якая дынаміка колькаснага складу вучняў за апошнія гады?

    — Даволі станоўчая. У мінулым навучальным годзе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі наведвалі 5 411 школьнікаў. Гэта на 49 чалавек больш, чым у папярэднім і на 120, чым у 2019/2020. Сярэдняя напаўняльнасць класаў у горадзе складае 23,5, а ў вёсцы, з улікам пасёлкаў Ялізава і Татарка, — 8,6. Да таго ж вясковыя школы наведваюць і гарадскія рабяты.

    У 20 установах агульнай сярэдняй адукацыі навучалася 555 першакласнікаў. У наступным годзе ў першыя класы плануецца прыняць 571 дзіця. Набор працягваецца да 28 жніўня.

    — Як у раёне ідуць справы з дашкольнай адукацыяй?

    — У нас функцыянавала 13 ясляў-садоў, сем дзіцячых садоў, адзін дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці і сем вучэбна-педагагічных комплексаў — усяго 28 устаноў, дзе выхоўвалася 1 914 дзяцей. У будучым годзе плануецца 26 такіх устаноў і 1 806 выхаванцаў. У сувязі са змяншэннем колькасці выхаванцаў, сетка ўстаноў адукацыі патрабуе аптымізацыі. З гэтай нагоды спыняць дзейнасць дзіцячы садок у Карытным і Вязаўніцкі ВПК д/с-БШ.

    Перспектыўным у забеспячэнні даступнасці і якасці дашкольнай адукацыі з’яўляецца развіццё новых форм яго арганізацыі. Летась на базе ясляў-сада № 9 “Крынічка” была адкрыта спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі арганізавана работа чатырох санаторных груп з адпаведнай матэрыяльнай базай (медблокам і басейнам): па дзве — у яслях-садзе № 9 і дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці.

    — Ці вялікі аб’ём рамонтных работ запланаваны?

    — На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года выдзелена 256 347,58 рубля, у тым ліку на бягучы рамонт — 232 601,92 рубля, на набыццё тэхналагічнага абсталявання 4 400 рублёў, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы — каля 20 тысяч.

    У Пратасевіцкай СШ праводзіцца бягучы рамонт даху і столевага пакрыцця; у СШ № 3 будуць заменены аконныя блокі, Татаркаўскай СШ, Каменіцкім і Ясенскім ВПК плануецца устаноўка сістэм відэаназірання. Запланаваны рамонт сістэм пажарнай сігналізацыі. У СШ №№ 1, 3 і 4 яны ўжо выкананы. Да таго ж заменены аконныя блокі ў СШ № 2. Плануецца бягучы рамонт спартыўнай пляцоўкі СШ № 1 з уладкаваннем міні-футбольнага поля са штучным пакрыццём, замена шыфернага пакрыцця даху ў яслях-садзе паселка Ялізава, бягучы рамонт даху ў Каменіцкім ВПК, таксама будзе выкананы бягучы рамонт столевага пакрыцця ў некаторых навучальных класах СШ № 4 і шмат іншага.

    — Міністэрствам адукацыі агучана ініцыятыва па ўвядзенні ва ўстановах адукацыі школьнай формы. Як жа скора з’явяцца ў школах знакі адрознення?

    — Сітуацыя вывучаецца, больш канкрэтна адказаць на гэта пытанне можна будзе у жніўні.

    Але сама ідэя добрая. Форма дае вучням магчымасць выглядаць прэзентабельна, дысцыплінуе, стварае працоўны настрой. Разам з тым, да рэалізацыі трэба падыходзіць асцярожна. Кожная школа распрацоўвае свой адзіны тып адзення самастойна. Што ж вызначыць вонкавае аблічча вучняў, як будзе выглядаць знак адрознення — ужо зараз вырашаецца калегіяльна кіраўніцтвам установы адукацыі, педагогамі і бацькамі на савеце.

    — Якія яшчэ змены “прымераць” на сябе школы?

    — Міністэрствам адукацыі краіны распрацаваны новы тыпавы навучальны план на 2022/2023 год. Прадугледжана павелічэнне часу на вывучэнне беларускай і рускай моў у 10-11-х класах. Раней была гадзіна у тыдзень, стане паўтары. Плануецца абнаўленне навучальных праграм і дапаможнікаў па шэрагу прадметаў. Таксама ў школы вернуць дапрофільную падрыхтоўку вучняў 8-х і 9-х класаў. З дапамогай псіхолага-педагагічнай службы школы рабяты змогуць выявіць свае схільнасці і вызначыцца з інтарэсамі, што дапаможа падлеткам больш свядома выбіраць профіль навучання, а затым і будучую прафесію. Адзін са структурных кампанентаў дапрофільнай падрыхтоўкі — вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні складанасці. Прычым акцэнт будзе рабіцца на стварэнне сумежных профіляў: біялогія-інфарматыка, матэматыка-інфарматыка і г.д.

    У 2023 годзе для выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўвядуць выніковае выпрабаванне ў выглядзе сумяшчэння выпускнога экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання па адной з дзяржаўных моў і матэматыцы. Гэта будуць цэнтралізаваныя экзамены. Сертыфікаты ЦЭ стануць падставай для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

    Выпускны экзамен па гісторыі Беларусі прадугледжваецца перанесці з 11-га класа ў 9-ы, і праводзіць яго будуць, як і раней, у вуснай форме.

    Таксама адобраны Дзяржаўны школьны стандарт. Ён накіраваны на забеспячэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі, умацаванне дысцыпліны і правапарадку, дасягненне адносін супрацоўніцтва, узаемападтрымкі паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу ў мэтах забеспячэння даступнасці і якасці агульнай сярэдняй адукацыі, паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў у дынамічных умовах лічбавага грамадства, падрыхтоўкі да ўсвядомленага выбару прафесіі і працягу адукацыі на працягу жыцця.

    У мэтах павышэння прэстыжу і прафесіі зацверджаны правілы педагагічных работнікаў. Настаўнікі абавязаны пацвярджаць свой статус вонкавым вы-глядам, паводзінамі ў сацсетках, правільна выбудаванай камунікацыяй з бацькамі. Натуральна, да іх працы павінны паважліва ставіцца і дзеці, і бацькі.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее