15.1 C
Осиповичи
Вторник, 9 августа, 2022
Еще

    Насустрач юбілею 1992

    Популярное

    Год пачаўся для некаторых асіпаўчан з непрыемнай сітуацыі: “Асноўная тэма, якая хвалявала жыхароў горада напярэдадні Новага года, была аб беларускіх купонах і новых цэнах, якія са студзеня ім патрэбна было асвойваць разам з работнікамі гандлю. Ужо з раніцы 1 студзеня ўспыхнулі першыя канфлікты, калі работнікі гандлю сталі па-трабаваць за мяса-малочныя прадукты купоны, а ў многіх іх не аказалася”.* (№ 2 ад 11 студзеня).

    Дарэчы, увядзенне купонаў было яшчэ кветкамі, больш за ўсё ўражвалі жыхароў новыя цэны, якія ўмомант павялічыліся ў 4-8 разоў. Кепска было ад гэтага і арганізацыям.

    “Спад вытворчасці ў краіне не абышоў і бытавое абслугоўванне. Праблемамі сталі такія, здавалася б раней дробязі, як ніткі, іголкі. Перабоі ў пастаўках на ўсім, і ў першую чаргу, у тканінах. <…>. І вось атрымаўся такі малюнак: заказы былі прыняты аж на год па старых цэнах, а з таго часу яны павысіліся яшчэ ў тры разы. <…>. А калі дакладна, то пашыць мужчынскія штаны, падкрэсліваю, пашыць, без уліку тканіны — 70-80 рублёў, паліто пацягне рублёў 400, куртка — 250-300, пашыў сукенкі будзе каштаваць ад 100 да 150 рублёў. <…>. Калі захочаце пастрыгчыся, то гэта абыдзецца ў 6-14 рублёў, хімічная завіўка ў салоне (Дом быту па вуліцы Сумчанкі) — 33-56 рублёў у залежнасці ад даўжыні валасоў, у звычайнай цырульні — 25-43 рублі, дзіцячая стрыжка — ад 1 рубля 40 капеек да 2 рублёў 80 капеек. Свае цэны ў рамонце абутку. Калі, скажам, уставіць замок раней каштавала толькі рубель, то зараз ужо сем. Або возьмем фотакартку звычайную, на пашпарт, якая каштавала толькі 60 капеек. Зараз яе цана 4 рублі 20 капеек” (№ 4 ад 18 студзеня).

    Горад развіваецца

    Нягледзячы на цяжкасці, прадпрыемствы імкнуліся да развіцця. Так, на заводзе аўтамабільных агрэгатаў “<…> значнай распрацоўкай заявілі аб сабе ў аддзеле галоўнага канструктара. <…>. Тут дадзена жыццё ўстаноўцы па прыёму спадарожнікавага непасрэднага тэлевізійнага вяшчання. <…>. Антэна ўстаноўкі накіравана на міжнародны спадарожнік “Астра” і прымае 16 тэлепраграм не толькі нашай рэспублікі.” (№ 6 ад 25 студзеня).

    “Для ўсёй галіны характэрны спад вытворчасці <…>. На гэта ёсць дзве прычыны. Па-першае, высокі ўзровень цэн і неплацежаздольнасць прадпрыемстваў; па-другое — канверсія <…>. У нас распрацавана пяць варыянтаў далейшага развіцця, сярод якіх галоўныя наступныя: па металургіі, па шклапластыку і па таварах народнага ўжытку <…>. Ужо сёння наш завод выпускае шклапластыкавыя дахі для аўтамабіляў, лодкі, распрацавана проціўгоннае ўстройства для аўтамабіляў “Жыгулі” і многае іншае.” (№ 74 ад 26 верасня).

    “Вырашана арганізаваць вытворчасць алюмініевых дэталей у механазборачным цэху аўта-прычапных вузлоў, <…>, на прадпрыемстве вядзецца планіроўка перамяшчэння дзеючага абсталявання, праводзіцца яго перамантаж. <…> з Мінскага аўтазавода на завод аўтаагрэгатаў перададзена шэсць адзінак рознага абсталявання па вытворчасці алюмініевых дэталей” (№ 85 ад 4 лістапада).

    У цэху шклапластыкавых кабін наладжаны выпуск лодкі “Русалка”: “Грузападымальнасць пасудзіны складае 300 кілаграмаў, і ў ёй могуць свабодна размясціцца чатыры чалавекі” (№ 100 ад 30 снежня).

    Не адстаюць ад АЗАА і іншыя прадпрыемствы: “На заводзе “Каммаш” выраблены доследны ўзор зменнага кузава для аўтамабіля МАЗ, які будзе прызначаны для транспарціроўкі бытавых адходаў, пяску і г. д. Акрамя таго, такая сістэма зможа працаваць і як самазвал” (№ 42 ад 6 чэрвеня).

    Кіраўніцтва масларобнага камбіната адкрыла фірменны магазін, размешчаны побач з прадпрыемствам (№ 63 ад 19 жніўня).

    “Пры вагонным дэпо ў старой прахадной адкрыўся новы магазін, які гандлюе вырабамі, выпушчанымі ў цэху тавараў народнага ўжытку прадпрыемства” (№ 67 ад 2 верасня).

    “Развіваецца і сацыяльная сфера. Пры раённым Доме культуры адкрылася тэатральная студыя. Нямала добрых задумак у яе ўдзельнікаў. Скажам, адраджэнне і ўкараненне ў жыццё народных абрадаў. Адзін з іх — вясельны”, — паведамлялася ў № 63 ад 19 жніўня.

    “Да нядаўняга часу на Асіповіччыне існавалі дзве інспекцыі Дзяржстраху — гарадская і раённая. Адбылася рэарганізацыя ў гэтай сістэме: дзве інспекцыі аб’ядналіся ў адну, якая зараз называецца “Асіповіцкае аддзяленне Белдзяржстраху па Магілёўскай вобласці” (№ 47 ад 24 чэрвеня).

    “Новы від паслуг для арганізацый, прадпрыемстваў, насельніцтва нашага горада прадаставіў раённы вузел сувязі. На цэнтральным тэлеграфе ўстаноўлены пункт калектыўнага карыстання тэлефаксам. <…>. Дарэчы, аб аплаце. Яна складае двайны міжгародні тарыф плюс кошт паперы, якая затрачана на перадачу тэлефаксам” (№ 73 ад 23 верасня).

    У Асіповічах манціравалася новая цэнтральная аўтаматычная тэлефонная станцыя, але тэлефонная сувязь не палепшылася: “Апаратура для АТС паступіла з Украіны. Пры яе наладцы і пуска-наладачных работах 50 працэнтаў апаратуры выйшла са строю, якую неабходна рамантаваць на вырабляемым заводзе”, — наракала Людміла Баскакава ў матэрыяле “Яшчэ раз пра тэлефонную сувязь” (№ 87 ад 11 лістапада).

    Планы, якім было наканавана ажыццявіцца, і тыя, што засталіся марай

    З-за павышэння цэн узнікла праблема здачы будаўнічых аб’-ектаў у тэрмін: “Шмат непрыемнасцей прынесла будаўнікам павышэнне цэн на матэрыялы. <…> на ўзвядзенні асноўных аб’ектаў горада занята 6 брыгад, <…> такіх аб’ектаў 19. Сярод іх і тры здатачныя — 72-кватэрны жылы дом кардонна-руберойдавага завода, 62-кватэрны дом завода “Каммаш” і інтэрнат на 110 месц перасовачнай механізаванай калоны № 95” (№ 24 ад 28 сакавіка).

    Таксама будуюцца дзевяціпавярховы жылы дом для работнікаў кардонна-руберойдавага завода і Дом грамадзянскіх абрадаў (№ 70 ад 12 верасня).

    “Аддзяленнем чыгункі запланавана пабудаваць два кааператыўныя жылыя дамы ў горадзе Асіповічы: 40-кватэрны жылы дом па вуліцы Школьнай і 99-кватэрны жылы дом па вуліцы імя Янкі Купалы. <…>, пачатак будаўніцтва намечаны на чацвёрты квартал гэтага года” (№ 80 ад 17 кастрычніка).

    Забягаючы наперад, адзначым, што наступнаму плану так і не суджана было здзейсніцца: “На ўскрайку Асіповіч у першым мікрараёне, які ў простай мове асіпаўчане даўно празвалі “Бамам”, ідзе ўзвядзенне доўгачаканай бальніцы на 300 ложкаў. <…>. Дакладна назваць тэрмін уводу ў строй новай бальніцы пакуль не бярэцца ніхто. Але верыцца, што праз якія год-два будоўля ўсё ж будзе завершана”. (№ 74 ад 26 верасня). (Асіповічы атрымалі новую бальніцу, але амаль праз 30 гадоў і зусім у іншым месцы… — аўт.).

    Заканчваецца рэканструкцыя другога паверха раённага дома культуры. Вядзецца будаўніцтва тэлевізійнай станцыі ў раёне вёскі Камарына. Пачала дзейнічаць музычная школа № 2: размясцілася яна ў будынку па вул. Сацыялістычнай, 23 — там, дзе і раней колісь чуліся гукі розных інструментаў. Вось толькі памяшканне сённяшняе ад тагачаснага значна адрозніваецца: узведзена прыбудова, з’явіліся новыя класы, цэнтральнае ацяпленне, вада, каналі-зацыя, — словам, капрамонт зрабіў сваю справу” (№ 66 ад 29 жніўня).

    Актыўна вядзецца прыватызацыя жыллёвага фонду (№ 68 ад 5 верасня).

    Сацыяльны бок медаля

    На старонках раёнкі пачалі друкавацца звесткі аб выніках даследаванняў на ўтрыманне астаткавых колькасцей ядахімікатаў (№ 72 ад 12 верасня) і аб утрыманні радыёнуклідаў у прадуктах харчавання і вадзе (№ 71 ад 16 верасня). Друкуюцца спісы грамадзян раёна, якія былі неабгрунтавана рэпрэсіраваны ў 20-50 гадах і пасля рэабілітаваны.

    Нямецкая дэлегацыя з гуманітарнай дапамогай наведала дзіцячы дом, спецшколу-інтэрнат і яслі-сад № 10. Замежныя госці рушылі да сябе на радзіму не адны, разам з імі амаль на цэлы месяц на чале з настаўніцай паехалі адпачываць і дзесяць выхаванцаў дзіцячага дома. (№ 68 ад 5 верасня).

    Разглядаліся праблемы з пітной вадой: “Вада з размеркавальнага сеткаправода па бакпаказчыках не адпавядала ГОСТу ў 1991 годзе ў 10 працэнтах выпадкаў, у 1992 годзе сітуацыя палепшылася, і працэнт нестандартных проб панізіўся да 5,7” (№ 52 ад 11 ліпеня).

    “Сярэднемесячная заработная плата рабочых і служачых у прамысловасці на 1 кастрычніка 1992 года склала 4.075 рублёў супраць 402 рублёў на 1 кастрычніка 1991 года” (№ 83 ад 28 кастрычніка). Згодна з артыкулам, насельніцтва горада ў той час складала 35.734 чалавекі.

    Падводзячы вынік, можна адзначыць, што 1992 стаў для землякоў годам расчаравання, як ёмка адзначыў Васіль Шабалтас у апошнім, сотым, нумары: “Хацеў набыць “Жыгулі”, сабраў 10 тысяч, а яны <…> ператварыліся ў пыл”.

    * Тут і далей захаваны правапіс першакрыніцы.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее