15.1 C
Осиповичи
Вторник, 9 августа, 2022
Еще

    Насустрач юбілею

    Популярное

    Сёлета Асіповічы адзначаюць 150 гадоў, кожны з якіх прынёс у жыццё горада нешта непаўторнае, пакінуў свой адбітак. Асабліва гэта датычыць юбілейных гадоў.

    Лягчэй за ўсё даведацца, чым жыў райцэнтр у той ці іншы перыяд, безумоўна, з раённай газеты, якая асвятляе жыццё рэгіёна найбольш поўна.

    Рэдакцыя вырашыла здзейсніць віртуальнае падарожжа ў мінулае. Нагадаем і нашым чытачам, якія важныя падзеі адбываліся ў жыцці горада апошнія 50 гадоў.

    1972

    Год паўвекавога юбілею ўтварэння СССР. Асіповічы адзначылі

    100-годдзе

    Спраў для будаўнікоў хапае

    «Год у жыцці горададаволі значны перыяд. Асабліва, калі вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва, — слушна разважаў тагачасны архітэктар Міхаіл Багук, падводзячы вынікі за мінулы год і ставячы мэты на новы. Летась здадзена ў эксплуатацыю 2 753 кв.м жылля. Акрамя гэтага, у горадзе вырасла каля 60 індывідуальных дамоў. На 1972 год запланавана вялікая праграма прамысловага, жыллёвага і культурнабытавога будаўніцтва <…>. Пачалося рыццё катлавана і ўкладка пліт пад фундамент трохпавярховага Дома быту на рагу Пралетарскай (Каралёва — заўв. аўт.) і Сумчанкі. А крыху раней распачалі цыкл земляных работ будаўнікі на рагу вуліц Рымы Кунько і Пралетарскай. Тут узводзіцца 70-кватэрны дом жыллёва-будаўнічага кааператыву № 1.

    Насупраць сталовай на вуліцы Сумчанкі вырасце пяціпавярховы прыгожы дом на 90 кватэр, які будуецца на сродкі КРЗ <…>. Будзе завершана будаўніцтва 56-кватэрнага дома БМУ меліярацыі з кафэ і гастраномам на ніжнім паверсе, такога ж дома на вуліцы Сумчанкі з прамтаварным магазінам, 120-кватэрнага дома для маласямейных БУ-89.

    На тэрыторыі цяперашняй аўтабазы вырасце 100-кватэрны дом, інтэрнаты КРЗ на 216 месцаў і БУ-89 на 502 месцы. На рагу вуліц Пралетарскай і Дзмітрыева пачнецца будаўніцтва 100-кватэрнага дома для кардоннаруберойдавага завода, а ў квартале паміж вуліцамі Пралетарскай, Дзяржынскага, Дзмітрыева і Сумчанкі размесціцца садяслі на 280 дзяцей. Тут жа будзе будавацца і групавая кацельня».

    Чытаеш, і перад вачамі паўстае цэнтральная частка горада ў сённяшнім яе выглядзе. Аказваецца, яна забудоўвалася не так і даўно — нейкія паўстагоддзя таму. І 1972 год азнаменаваўся пачаткам гэтага маштабнага будаўніцтва.

    «У 1972 годзе распачнецца забудова новага мікрараёна, — працягвае «прароцтвы» архітэктар. Направа пры ўездзе ў горад. Ён будзе прыгожым, зручным, сучасным. Акрамя жылля, тут вырастуць Дом культуры, спартыўны комплекс, паліклініка і г.д. Сквер імя 40-годдзя ВЛКСМ будзе захаваны. Ён акажацца, згодна з планіроўкай, у цэнтры мікрараёна.

    З больш значных аб’ектаў наступнага года можна спыніцца на такіх, як аўтазавод у раёне прамысловага вузла. Будуць рэканструявацца і расшырацца існуючыя прадпрыемствы, такія як хлебазавод, млынкамбінат, дзе пачнецца будаўніцтва крупянога цэха, прамысловая база «Міжкалгасбуда«. У раёне вёскі Замошша мяркуецца пабудаваць асфальтавы завод. Словам, спраў для будаўніцтва вельмі многа».

    Насельніцтва павялічыцца ўдвая

    Ход капітальнага будаўніцтва абмяркоўваўся і на сесіях райсавета дэпутатаў працоўных. «За пяцігодку павінна быць уведзена 43 тысячы кв.м жылля, газіфікавана 750 кватэр, пракладзены кіламетры водаправода, заасфальтаваны вуліцы і тратуары», — чытаем у артыкуле дэпутата У.Зорына. «Мы павінны будаваць па-сучаснаму, прыгожа, дабротна, танна», — падтрымліваюць яго і іншыя дэпутаты.

    На працягу года тэма ходу будаўніцтва не сыходзіла са старонак газеты. І запланаванае выконвалася, нават з апярэджаннем. Але адно з намечанага ўсё-такі не спраўдзілася. Гэта ўзвядзенне льнокамбіната. «Хуткімі тэмпамі развіваецца прамысловасць у горадзе, — аналізаваў у той год намеснік старшыні гарвыканкама В. Іваноў. Асартымент прадукцыі прадпрыемстваў самы разнастайныад пернікаў і канцылярскіх прылад да сучасных аўтамабільных вузлоў і дахавага кардону. Прадукцыя ідзе ва ўсе куткі краіны, нават і ў іншыя дзяржавы. Леспрамгас, напрыклад, адпраўляе дзесяткі тысяч кубаметраў дзелавой драўніны ў Аўстрыю, Венгрыю, Фінляндыю, ГДР І ФРГ. Ідзе будаўніцтва завода аўтамабільных агрэгатаў. Кошт завода разам з жыллёвымі і культурнабытавымі аб’ектамі складзе больш за 100 мільёнаў рублёў. У Дырэктывах ХХІV з’езда КПСС вызначана будаўніцтва ў Асіповічах ільнокамбіната. Гэта буйнейшае ў рэспубліцы прадпрыемства, на якім размесціцца звыш 20 тысяч прадзільных верацён і 600 ткацкіх станкоў. Ільнокамбінат будзе выпускаць тканіны на 15 мільёнаў рублёў у год».

    І ўжо 25 лістапада газета друкуе паведамленне БелТА: «Сённяшнія Асіповічы сустракаюць вас прыгожымі кварталамі. Праўда, большасць з іх толькі размечана на карце горада. Але пад’ёмныя краны ўжо ветліва раскланьваюцца ўздоўж рыжых узгоркаў зямлі <…>. «Аблічча» горада вызначае вялікае прамысловае будаўніцтва <…>.

    Зробім невялікае падарожжа па будучаму гораду. Тут у паўночнай частцы ствараецца вялікі прамысловы комплекс. Апрача ўжо названых прадпрыемстваў, у дзевятай пяцігодцы намечана будаўніцтва другога ў рэспубліцы льнянога камбіната, завода сухога абястлушчанага малака. А каб бесперабойна забяспечыць новабудоўлі бетонам і іншымі матэрыяламі, будуюцца прамысловая база БУ-89 і завод жалезабетонных вырабаў Беларускай чыгункі.

    Сацыёлагі падлічылі, што бурнае развіццё прамысловасці і транспарту ўжо да канца пяцігодкі ў два разы павялічыць насельніцтва горада. І калі раней Асіповічы не мелі асаблівай патрэбы ў вялікім жыллёвым будаўніцтве, то цяпер многія спраўляюць наваселле ў сваіх «Чаромушках«. У 1975 годзе гараджане атрымаюць тысячу добраўпарадкаваных кватэр. Гэта больш, чым за шэсць папярэдніх пяцігодак, разам узятых.

    Ёсць у горада яшчэ адна асаблівасць. Прамысловая зона тут размешчана ўдалечыні ад жылых кварталаў. Архітэктары здолелі стварыць мікрараёны прыгожымі і сучаснымі. Шырокія вуліцы з магазінамі, адміністрацыйнымі будынкамі грунтуюцца вакол грамадскага цэнтра, разыходзячыся ад яго па сіметрыі. Побач вырастуць школы, стадыён, бальнічны гарадок, камунальнабытавыя прадпрыемствы. І хоць Асіповічы вясной і летам патанаюць у зеляніне, з’явяцца новыя скверы і цяністыя паркі <…>. Здаўна вядучымі тут былі прафесіі, звязаныя з чыгуначным транспартам і лесанарыхтоўкамі. Цяпер жа самыя паважаныя людзі — будаўнікі».

    Буйнейшы пастаўшчык кардону

    Яшчэ адной важнай старонкай гісторыі стала ўвядзенне ў эксплуатацыю кардонна-руберойдавага завода. 6 сакавіка 1972 года — важная дата для прадпрыемства. Менавіта ў гэты дзень была выпушчана першая прадукцыя. «Так, сёння атрымана вялікая працоўная перамога, — сказаў у інтэрв’ю газеце дырэктар Дз.Л. Акопаў. — Пробны пуск прайшоў паспяхова. Асіповічы становяцца буйнейшым у краіне пастаўшчыком дахавага кардону. Поўная магутнасць завода 50 тысяч тон кардону і 125 мільёнаў метраў квадратных руберойду ў год. Мы цалкам забяспечым патрэбу новабудоўляў Беларусі ў дэфіцытным пакуль матэрыяле і яшчэ палавіну сваёй прадукцыі будзем пастаўляць братнім рэспублікам».

    КРЗ пачаў працаваць, і даволі паспяхова, а працоўныя брыгады навыперадкі расказваюць на старонках газеты пра перавыкананне планаў, пра жыццё на прадпрыемстве, якое струменіла і бруіла.

    Зносіны са сталіцай паляпшаюцца

    3 лістапада 1972 года азнаменавалася пачаткам руху электрацягнікоў па маршруце Мінск-Асіповічы. «Вялікай працоўнай перамогай сустракаюць 55-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі чыгуначнікі, — пісала газета 4 лістапада. Датэрмінова завершана электрыфікацыя ўчастка Беларускай чыгункі. Учора на станцыю Асіповічы прыбыў з Мінска першы электрапоезд«. «Сустракаючыя вітаюць першых пасажыраў, — чытаем далей у рэпартажы. Горача віншуюць лакаматыўную брыгаду. Радасна ўсміхаюцца машыніст А.Д. Капылоў і яго памочнік В.А. Лютынскі. Гэта ім, пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за званне «Лепшы па прафесіі«, было даручана правесці першую электрычку ў Асіповічы <…>. Аб значэнні пуску электрычкі разказвае начальнік станцыі В.М. Шараў: «Электрапоезд будзе адпраўляцца з Асіповіч у Мінск шэсць разоў у суткі, прыкладна праз кожныя чатыры гадзіны. У дарозе ён будзе знаходзіцца ў сярэднім дзве гадзіны. Усё гэта вельмі зручна для пасажыраў, мае вялікае гаспадарчае значэнне»<…>.

    * * *

    Нямала іншых падзей адбылося ў той легендарны год. Шырока разгарнулася сацыялістычнае спаборніцтва ў гонар 50-годдзя ўтварэння СССР. Кожны дзень брыгады машыністаў праводзяць па 7-10 цяжкавагавых паяздоў. У выдавецтве «Беларусь» была выпушчана кніга «Асіповічы» — гісторыка-эканамічны нарыс, якую напісалі У. Зорын і Г. Яршова. У госці да асіпаўчан завітала дэлегацыя пісьменнікаў Беларусі. Адкрылася пасля рамонту гарадская дзіцячая бібліятэка. Прайшлі раённыя лыжныя спаборніцтвы на прыз газеты «Запаветы Леніна». У красавіку адбыўся камуністычны суботнік, на які выйшла больш за 10 тысяч чалавек. На жаль, не абышлося і без сумных падзей: пайшлі з жыцця легендарныя кіраўнікі партызанскага руху Рувім Голант і Мікалай Каралёў.

    Цікава расказалі работнікі розных сфер аб тым, чым ім запомніўся мінулы год. Спектр важных падзей вельмі шырокі: рост вытворчасці яек і ўраджайнасці збажыны, абранне на больш высокую пасаду, здача новага аб’екта, атрыманне дэпутацкага мандату. Адзначалі, як правіла, працоўныя дасягненні і ўдзел у грамадскай рабоце. А для Д. Фалевіча год стаў знамянальным тым, што ён упершыню стаў дэпутатам мясцовага Савета, партыйная арганізацыя прыняла яго ў члены КПСС, камсамольцы абралі сваім сакратаром, сям’я атрымала кватэру, а жонка па-ступіла ў 10 клас завочнай школы. Даволі тыповая сітуацыя для таго часу.

    (Працяг будзе).

    «Запаветы Леніна» № 142 ад 25 лістапада 1972г.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее