Прычынай ДТЗ усё часцей становяцца дзікія жывёлы: зараз перыяд гону, які вымушае ласей, кабаноў, казуль мяняць пуці міграцыі і часам выходзіць на праезную частку. Як паведамілі ў АДАІ РАУС, з пачатку лета на тэрыторыі раёна ўжо адбылося сем падобных аварый, большасць з іх у начны час. Дзяржаўтаінспектары просяць вадзіцеляў быць вельмі ўважлівымі пры кіраванні транспартнымі сродкамі і па магчымасці рабіць паездкі ў светлы час сутак.
Распачалі сезон дзіцячыя летнікі. З 2 чэрвеня 779 рабят цікава і карысна бавяць вольны час у летніках з дзённым знаходжаннем, 146 дзяўчат і юнакоў — працы і адпачынку. Функцыянуюць яны ў 21 і 15 установах адукацыі адпаведна. У аўторак адчынілі дзверы і стацыянарныя “Пціч“ і “Родник“: на першую 18-дзённую змену сюды прыехала 180 рабят. Дарэчы, у апошнім працуе про-фільны атрад “Інтэлектуал”: тут 17 падлеткаў — пераможцаў і ўдзельнікаў раённых і абласных прадметных алімпіяд — паглыбляюць свае веды на базе Вяззеўскай СШ.
З мэтай размяшчэння рэкламы і аб’яў на старонках раёнкі ў сакавіку-маі ў рэдакцыю “АК” юрыдычныя асобы звярнуліся каля 400 разоў, фізічныя — больш за 900.
У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі праходзіць ваенна—патрыятычная выстава—квэст “Пераможцы. Франтавая разведка”, дзе на васьмі інтэрактыўных лакацыях дзеці ад трох гадоў і дарослыя маюць магчымасць адчуць сябе разведчыкам часоў Вялікай Айчыннай вайны. Папярэдні запіс па тэл. 25-271.
Калектыў пракуратуры Асіповіцкага раёна стаў лаўрэатам конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў пракуратуры ў намінацыі “Найлепшы цыкл матэрыялаў у сродках масавай інфармацыі аб дзейнасці органаў пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства”.
“Белпошта” дае магчымасць, не выходзячы з офіса і дома, аплаціць перасылку простай і заказной пісьмовай карэспандэнцыі праз сістэму “Электронная марка”. Электронная марка — гэта знак паштовай аплаты, які наносіцца на паштовае адпраўленне замест маркі і пацвярджае аплату паслуг паштовай сувязі. Тэрмін дзеяння электроннай маркі зараз складае шэсць месяцаў.
144 прафсаюзныя пярвічкі налічваецца ў раёне (15 124 землякі), вядзецца работа па стварэнні яшчэ чатырох ППА.
Кожны дзень 49 паштальёнаў спяшаюцца да адрасатаў, каб даставіць карэспандэнцыю. 15 з іх абслугоўвае горад, 28 — сельскую мясцовасць, а шэсць працуюць на мотадастаўцы.
Карэспандэнт «АК» Ганна Сабела стала фіналістам VII Міжнароднага маладзёжнага фестывалю—конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі сяброўства”, які праходзіць у рамках аднайменнага Міжнароднага фестывалю-свята нацыянальных культур 2022 года і работы Усерасійскай адкрытай школы паэтычнага перакладу для маладых аўтараў.
Лясгас правёў экскурсію па ўстанове для навучэнцаў СШ №1. Рабятам была прадэманстравана работа відэаназірання і відэакамер па ахове лесу. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з вытворчасцю паліўных пялетаў і механізаванай нарыхтоўкай лесу.