21.5 C
Осиповичи
Воскресенье, 3 июля, 2022
Еще

    Жудасць тых гадоў і цяпер у вачах…

    Популярное

    Жыхарка Радуціч Ніна Паланейчык і жыхар Мязовіч Сяргей Пінчук ведаюць пра вайну не з кніг і фільмаў: яны бачылі яе сваімі вачамі.

    Тую чэрвеньскую раніцу 13-гадовая Ніна запомніла назаўжды. Бацькі з малодшымі братамі некуды пайшлі, а яна летуценна сядзела на падаконніку адчыненага акна і спявала: “Тры танкісты, тры вясёлыя сябры…”

    Раптам на вуліцы нешта загудзела. Дзяўчына зірнула

    на поле і абамлела: на вёску цёмнай хмарай насоўвалася мноства матацыклістаў. Так у яе памяці занатаваўся пачатак акупацыі.

    Нашы салдаты, імкнучыся спыніць чорную лавіну, узарвалі мост. Адзін з іх загінуў. Астатнія, адступаючы, перадалі цела вяскоўцам, якія закідалі яго галінамі арэшніку, а пазней ціхенька пахавалі. Ужо больш за 80 гадоў тыя вяскоўцы, іх дзеці і ўнукі даглядаюць магілу невядомага байца.

    Сям’я бабулі і дзядулі Ніны Паланейчык налічвала 11 душ. Вайна істотна прарэдзіла яе, асабліва мужчынскую частку. Тата дзяўчынкі стаў адзіным з братоў, хто не пайшоў у партызаны: хлопцы наказалі яму застацца ў вёсцы, каб забяспечваць харчам і інфармацыяй. Ён падтрымліваў партызан як мог. Але знайшоўся здраднік, які данёс пра гэта сваім “гаспадарам”. Мужчыну схапілі, моцна білі жалезнымі шомпаламі па падэшвах, так што вязень не мог хадзіць. Нейкім цудам выжыў. Раён якраз вызвалілі, і ён вярнуўся дадому, ноччу, літаральна прыпоўз, пастукаў у акенца. Пасля перажытага не мог спакойна жыць, адразу стаў прасіцца на фронт. Яму спачатку далі лекі, каб загаіліся ногі, а потым залічылі ў адну з часцей. Ніна Мікалаеўна ўспамінае, што тата дайшоў да Германіі, фарсіраваў Одэр. У час бамбёжкі яго цяжка раніла. Падлячыўся ў шпіталі і яшчэ паспеў дайсці да Берліна.

    Матулін род таксама моцна пацярпеў ад фашыстаў. Загінулі Нініны дзядзькі Іван, Аляксей, а таксама дзядуля. Шмат аднавяскоўцаў было расстраляна ў час адной з распраў. Была знішчана сямейная пара, што жыла па-суседству з бабуляй, засталіся адны дзеці. І бабуля, пакарміўшы сваіх родных чым бог пашле, часта нагадвала Нінцы: “Пайшлі пакормім Алёксіных!”

    Матуля нашай гераіні і яе малодшая сястра Ніна баяліся, каб немцы не па-крыўдзілі іх, і выкарыстоўвалі свае хітрыкі. Дзяўчына-прыгажуня заўсёды хавалася ад немцаў і паліцаяў, а яе сястра, калі хтосьці ішоў у хату, насоўвала ніжэй хустку і хуценька перапэцквала твар сажай. Але былі і сярод чужынцаў годныя людзі. Так, у час адной з аблаў салдат вермахта ўласнымі рукамі закінуў Ніну на гарышча, каб яе не забралі ў Нямеччыну.

    …Вызвалілася краіна ад акоў акупацыі. Ніна Мікалаеўна стварыла ўласную сям’ю. Яе муж быў ваенным будаўніком, разам аб’ездзілі ўвесь Савецкі Саюз. Яна таксама шмат гадоў працавала пры ваенных часцях. Зараз жыве ў бацькоўскай хаце ў Радуцічах, дзе ўсё нагадвае пра тату, маму, ваеннае дзяцінства.

    Падобнае не павінна паўтарыцца, — лічыць жанчына. — Няхай нашы ўнукі жывуць у міры, радуюцца сонейку, вучацца і працуюць”.

    А сама яна помніць, што давялося перажыць, расказвае пра гэта дзецям і схіляе ў паклоне галаву перад магілай невядомага салдаціка, якому не суджана было гадаваць сваіх дзяцей. Ён зрабіў усё, каб спыніць фашысцкую навалу, і аддаў за гэта ўсё, што меў…

    * * *

    Страшную навіну сям’я Пінчукоў пачула з радыёрэпрадуктара. А праз некаторы час жыхары вёскі Крынка ўбачылі акупантаў на ўласныя вочы. У Дараганаве размясцілася фашысцкая камендатура, па населеных пунктах пачалі шпацыраваць паліцаі. У лясах сталі стварацца партызанскія атрады, з якімі акупанты вялі жорсткую барацьбу. За дапамогу лясным змагарам яны пагражалі мясцоваму насельніцтву лютай карай і ўжывалі жорсткія меры запалохвання. Хлопец сваімі вачамі бачыў, як яны расправіліся з мясцовымі яўрэямі.

    Не абышла горкая доля і сям’ю Сяргея Мікалаевіча. Аднойчы ў іх хату ўварваліся ворагі. Было іх восем асобін (людзьмі назваць цяжка). Яны абвінавацілі бацькоў у сувязі з партызанамі і некалькі разоў прайшліся па іх аўтаматнымі чэргамі. Як падкошаныя, паваліліся тата з матуляй на падлогу, заліваючы яе крывёю…

    Дзеці ад роспачы пахаваліся хто куды. З-пад лавы пазіраў і Сяргей на гэту бесчалавечную расправу. Ад чарговай партыі куль пасыпалася гліна з печы, якая, як і яе гаспадары, скрозь пакрылася ранамі. Са свайго сховішча хлопец бачыў боты варожых салдат і скрыню з боепрыпасамі, якую яны неслі з сабой. Падлетак кінуўся да акна, каб убачыць, што фашысты зробяць далей. Ён ведаў, што звычайна карнікі паляць хаты. Але на гэты раз яны хутка з’ехалі.

    Назаўтра прыбылі партызаны і на кані адвезлі целы застрэленых на могілкі.

    Так чацвёра дзяцей, малодшаму з іх ішоў другі год, разам асірацелі. Старэйшая сястра, якой было каля 18-ці, замяніла дзецям матулю. Як магла, берагла ад голаду і куль, бараніла ад непрадбачлівых учынкаў. Напрыклад, калі праз вёску праязджалі танкісты, сустрэлі хлопца, даведаліся, што ён застаўся без бацькоў, і хацелі забраць яго з сабой. Але сястра не дазволіла. Яшчэ раней іх ледзьве не адправілі ў Германію, у ліку іншых землякоў пагналі ў Дрычын, але сястра стала тлумачыць ворагам, што мае немаўля, і прасіць за ўсіх. Нейкім чынам іх адпусцілі.

    Калі прыйшло доўгачаканае вызваленне, Сяргей стаў араць шматпакутную калгасную зямлю — спачатку на валах, затым атрымаў каня Верабейку, які слухаўся толькі яго.

    А вайна яшчэ доўга нагадвала пра сябе. Так, мясцовыя кавалі, якія перакоўвалімячы ў арала”, перад адпраўкай у печ чарговага пісталета вырашылі з яго пастраляць. Па недарэчнай выпадковасці куля трапіла ў нагу Сяргею. Рана тая і цяпер нагадвае пра сябе.

    Ваеннае дзяцінства нашага героя  атрымала працяг і ў прафесійнай, быццам бы самай мірнай дзейнасці: 36 гадоў Сяргей Мікалаевіч працаваў лесніком у ваенным лясніцтве.

    Предыдущая статьяПрямые линии и прием граждан
    Следующая статьяАнонсы

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее