-6.9 C
Осиповичи
Пятница, 2 декабря, 2022
Еще

    Янка Непачаловіч: “Я атрымаў права пісаць вершы на роднай мове”

    Популярное

    Нарадзіўся Янка Непачаловіч 25 мая 1917 года ў вёсцы Мінкавічы Старадарожскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1934 годзе 17-гадовы юнак працаваў загадчыкам Крываносаўскай хаты-чытальні Старадарожскага раёна. У 1935 годзе паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, аднак з трэцяга курса будучаму паэту давялося спыніць вучобу. Яго накіравалі працаваць у Дзяржынскую сярэднюю школу, дзе ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ў 1937-1939 і 1944-1947 гадах.

    Вучобу заканчваў завочна ў       1940-м. Напрацягу 1939-1941 гадоў Іван Данілавіч настаўнічаў у Мар’інагорскай сярэдняй школе Пухавіцкага раёна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны дапамагаў партызанам, а пасля вызвалення Беларусі працаваў настаўнікам у Дзяржынску (1944-1947), інспектарам Старадарожскага раённага аддзела народнай адукацыі (1947-1948).

    З 1948 года пачынаецца асіповіцкая старонка ў біяграфіі Непачаловіча. Амаль 20 гадоў (да 1967 года) ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дараганаўскай сярэдняй школе. У сваім артыкуле, надрукаваным у часопісе “Роднае слова”, доктар гістарычных навук прафесар Эмануіл Іофе ўспамінае: “У час працы ў Крамокскай сярэдняй школе Старадарожскага (потым Слуцкага, а цяпер Асіповіцкага) раёна мне неаднаразова давялося наведваць вёску Дараганава і Асіповіцкі раённы аддзел народнай адукацыі і чуць самыя добрыя водгукі пра настаўніка беларускай мовы і літаратуры Дараганаў-скай сярэдняй школы Івана Данілавіча, пра актыўнасць яго вучняў, пра тое, што гэтыя прадметы ў вялікай пашане сярод вучняў і настаўнікаў школы, што ён умела выкарыстоўваў на ўроках беларускія прыказкі і прымаўкі”.

    У 1967 годзе літаратар пераязджае ў Мінск, дзе становіцца рэдактарам у выдавецтве “Народная  асвета”.

    Пачатак літаратурнай дзейнасці Янкі Непачалові-ча датуецца 1936 годам, калі на старонках часопіса “Полымя рэвалюцыі”  з’явіліся першыя вершы “Марыула” і “Вячэрняя сустрэча”. Праз год там жа былі надрукаваны “Садоўнік” і “Чаканне”. Знакавым для Янкі Данілавіча стаў 1958 год. Тады выйшла першая кніга “Мера любві” і аўтара прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Другі зборнік “Позні паром” выйшаў у 1967 годзе ў выдавецтве “Беларусь”. На грамадскіх пачатках яе адрэдагаваў Анатоль Вялюгін.

    Апошняе лета жыцця Янка Непачаловіч праводзіў у вёсцы Дараганава, дзе трагічна загінуў 3 ліпеня 1969 года. Як адзначаў Эмануіл Іофе, “Анатоль Вялюгін, які прысутнічаў на пахаванні Янкі Непачаловіча, успамінаў у 1977 годзе: “Я ўсё думаў і думаў, а што там здарылася? Дні тры таму ён заходзіў да мяне, здаровы, вясёлы.

    — Дам дэпешу, як палезуць з моху баравікі, — смяяўся Янка. — Адпачынак сёлета, уга! Месяц… ды яшчэ — дамовіўся ў выдавецтве — два тыдні на свой кошт. Кніжку хачу закончыць.

    Баравая сіла кіпела ў ім, здавалася, яшчэ паўвека ў запасе. Што здарылася? На чыгуначным пераездзе ў Асіповічах дарожны інспектар, распытаны мною, папярхнуўся ад цыгарэтнага дыму: “Куля п’янага барыгі…”, — прамовіў ён”.

    Нягледзячы на тое што Янка Непачаловіч пражыў усяго 52 гады, ён пакінуў даволі багатую літаратурную спадчыну: тры зборнікі вершаў (зборнік выбраных вершаў “Перад заходам сонца” выйшаў у 1977 годзе), дзясяткі вершаў у часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Беларусь”, “Вожык” і газетах на беларускай мове, цікавыя вершы на рускай і ўкраінскай мовах, надрукаваныя ў беларускіх і ўкраінскіх выданнях. На верш Янкі Данілавіча таленавіты беларускі кампазітар Юрый Семяняка напісаў папулярную песню “Табе маё прызнанне”.

    Выходзілі вершы Непачаловіча і на літаратурнай старонцы раёнкі. Вось некалькі з апошніх, надрукаваных у № 62 ад 25 мая 1967 года.

     

    Радзіме

    Ты свяціла нам яркаю зоркаю,

    Ведучы па дарогах крутых.

    Хоць калісь жалуды елі горкія,

    Ліст альховы служыў нам махоркаю,

    Ды натхняла на подзвігі ты.

    Кожны ведаў — калі давядзецца

    Пасці ў бітве за долю сваю,

    Ярасць сэрца яго разальецца

    Па сяброўскіх разгневаных сэрцах,

    І сябры смертаносцаў даб’юць.

    Справа наша, мы верылі, выслыве,

    Нашу мужнасць ацэніць народ.

    Сабіраючы хлопцаў на Зыславе,

    Ты ўрачыста паліла кастры свае,

    Рыхтавала ў вялікі паход.

    Мы, прайшоўшы дрыгвой і чаротамі,

    Там, дзе чэрці прайсці не маглі,

    Смела рушылі ў бой з жываглотамі,

    Што хацелі фашысцкімі ботамі

    Растаптаць славу роднай зямлі.

    Азараючы нас перамогаю,

    Рвала рэйкі, крышыла масты.

    Мы ішлі тваёй вернай дарогаю,

    Здраду мерай караючы строгаю, —

    Нас, як сталь, загартоўвала ты.

    Калі сэрцы надзеяй заселены,

    На шляху перашкоды — не страх.

    Славай нашыя справы авеяны,

    Як ніколі, мы сёння ўпэўнены,

    Што ў жыцці выбран правільны шлях.

    * * *

    Зрываючы лісток календара,

    Рука ад хвалявання не дрыжыць:

    Наш дзень звычайным днём не вымяраць,

    Бо дню пражытаму яшчэ нямала жыць.

    У каляндар упісаныя дні —

    Нямала дзён мы ведаем такіх —

    Прайшлі яны, а слава іх звініць

    Аж рэха коціцца ў наступныя вякі.

    Любы наш дзень сабой здзіўляе свет:

    Адзін мог землі новыя адкрыць,

    Другі — сузор’е цэлае планет,

    А трэці — атамам прасторы азарыць…

    Рука ад хвалявання не дрыжыць,

    Зрываючы лісток календара:

    Мне выпала ў дні такія жыць,

    Якім не суджана ніколі паміраць.

    Маё крэда

    Само жыццё дало мне крэда,

    Яно праверана як след:

    Як паважаеш ты суседа,

    Цябе шануе так сусед.

    Як ты гукнеш, так адгукнецца,

    А што пасееш, тое жнеш.

    Сваё сябрам адкрыеш сэрца —

    Душу сяброў пазнаеш лепш.

    Дабро прыносіш добрым людзям —

    З табою людзі як браты:

    Ніхто ніколі не забудзе

    Сапраўднай шчырай дабраты.

    Сумленне нашае правераць

    Па строгіх правілах гады.

    Патрэбна сем разоў адмераць,

    Каб раз адрэзаць назаўжды.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее