20.1 C
Осиповичи
Среда, 25 мая, 2022
Еще

    Велічны подзвіг, які ніколі не забудзем

    Популярное

    Асiповiцкi Крайhttp://gzt-akray.by
    Издание существует с 1931 года. Сегодня "Асіповіцкі край" выходит дважды в неделю по вторникам и пятницам. Тираж - около 5 тыс. экземпляров. Приоритетная тема для журналистов "районки" - жизнь Осиповщины: люди, работа предприятий и организаций, массовые мероприятия и многое другое. Оставайтесь с нами!

    Дзень Перамогі сёлета быў свайго роду кульмінацыяй яркага тыдня, на працягу якога на Асіповіччыне адбываліся акцыі і мерапрыемствы, прысвечаныя аднаму з найбольш знакавых свят Беларусі.

    Пра абласную маладзёжную акцыю “Дарогамі Памяці і Славы” і творчы праект “Песня роднай зямлі” раёнка паведамляла ў папярэднім нумары. Сёння ж знаёмім чытачоў з далейшымі падзеямі.

    6 мая

    Асіповічы наведаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк. Разам са старшынёй райвыканкама Канстанцінам Жыгуцкім, старшынёй райсавета дэпутатаў Сяргеем Сувеевым, камандзірам 51 гвардзейскай артбрыгады Аляксеем Ратушным, ваенным камісарам Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў Фёдарам Шапавалавым ён павіншаваў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Падвойскага з Днём Перамогі.

    — Узрост ветэрана шаноўны — 97 гадоў. Здароўе не дазваляе наведваць вялікія мерапрыемствы, таму такія віншаванні дома асабліва важныя. У час размовы Міхаіл Паўлавіч падзяліўся з гасцямі сваімі думкамі аб тым, як важна захоўваць мір, дружбу паміж народамі. Пакаленне пераможцаў завяшчае нам усё, што такой цаной далося ў час Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыў Леанід Мартынюк.

    Пасля размовы з ветэранам памочнік Прэзідэнта наведаў музей воінаў-інтэрнацыяналістаў СШ № 3 і азнаёміўся з работай ААТ “Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў”.

    Не засталіся без увагі і іншыя ўдзельнікі вайны: Уладзімір Кабылянец, Станіслава Кутнікава, Зінада Савіна, Зінаіда Удавенка, Аляксей Дзідзенка, Генадзь Вепраў.

    Іх павіншавалі Сяргей Сувееў і начальнік упраўлення па працы і сацабароне райвыканкама Алена Старавойтава. І, вядома, для нашых ветэранаў у гэты дзень гучаў духавы аркестр.

    * * *

    Дэлегацыя Асіповіцкага раёна па за-прашэнні ўнука і цёзкі знакамітага партызана Рыгора Баразны наведала ўрачысты канцэрт, прысвечаны Дню Пермогі, у Беларускім дзяржаўным тэатры музкамедыі. Гэты музычны фэст ужо стаў традыцыйным для культурнага жыцця сталіцы, і, што прыемна адзначыць, яго рэжысура даверана нашай зямлячцы Валерыі Чыгілейчык.

    7 мая

    У ваенным гарадку “Паўднёвы” прайшоў дзень адчыненых дзвярэй. З жыццём дыслакаваных у ім вайсковых часцей пазнаёміліся старшакласнікі Асіповіцкага, Клімавіцкага, Крычаўскага, Краснапольскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага раёнаў.

    Такая форма ўзаемадзеяння часцей Узброеных Сіл і ўстаноў адукацыі Асіповіччыны ўжо праверана часам, аднак сёння яе патэнцыял рэалізуецца і ў іншых кірунках.

    На базе 51 гвардзейскай артылерый-скай брыгады месяц назад быў створаны школьны ваенна-патрыятычны клуб “Гарнізон”. Гэта пілотны праект, планы распрацоўкі якога анансаваў міністр адукацыі Андрэй Іванец на сустрэчы з актывістамі Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета 19 сакавіка (гл. “АК” № 22 ад 22.03.2022 г. “Молодежь, армия, историческая правда”).

    І вось напярэдадні Дня Перамогі адбылася цырымонія прынясення ўрачыстай клятвы рабят, якія сталі асабовым складам “Гарнізона”. У прысутнасці Канстанціна Жыгуцкага, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Здорыкавай і Наталлі Тарасенка, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірыны Кусковай 26 хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі ўзялі на сябе абавязацельствы, па духу блізкія да сапраўднай вайсковай прысягі.

    Падкрэсліла значнасць падзеі ўручэнне начальнікам Асіповіцкага гарнізона гвардыі палкоўнікам Аляксеем Ратушным “Гарнізону” сцяга, які ў ваеннай традыцыі з’яўляецца сімвалам воінскага гонару і служыць напамінам кожнаму вайскоўцу аб гераічных традыцыях і свяшчэнным абавязку абароны Айчыны.

    Далей школьнікі і іх бацькі былі запрошаны на экскурсію па ваенным гарадку і канцэрт, падрыхтаваны духавым аркестрам 51 артбрыгады сумесна з райцэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.

    Завяршылася праграма спаборніцтвамі юнакоў-дапрызыўнікаў, у якіх яны прадэманстравалі навыкі ў зборцы-разборцы аўтамата АК-74, запаўненні аўтаматнага магазіна, кіданні гранат. Таксама кожны раён выставіў каманду для ўдзелу ў перацягванні каната.

    * * *

    На базе Лапіцкай СШ прайшла ваенна-спартыўная гульня “Мяжа”, якую члены ГА “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы” прымеркавалі да Дня Перамогі. Удзельнічалі ў ёй вучні дзвюх школ: да гаспадароў далучылася Цэльская СШ. Тут жа была разгорнута экспазіцыя калекцыі значкоў ветэрана-пагранічніка Валерыя Чупахіна.

    Спаборніцтвы складаліся з некалькіх этапаў, а заданні былі самыя розныя.    Удзельнікі каманд “Юнацтва” (Лапічы) і “Вымпел” (Цэль) адказалі на пытанні тэматычнай віктарыны. Напрыклад, трэба было назваць працягласць мяжы Беларусі, прозвішчы легендарных пагранічнікаў і г.д. Юныя следапыты прадэманстравалі ўменне арыентавацца на кантрольна-следавай паласе, а яшчэ паказалі сваю фізічную падрыхтоўку. Хлопцы і дзяўчаты 7-11 класаў сапернічалі ва ўменні разбіраць аўтамат і апранацца ў спецадзенне. Да таго ж падлеткі “чыталі” сляды, спасцігаючы школу “Юнага следапыта”, і праходзілі паласу перашкод, дзе перабягалі праз роў, паўзлі па-пластунску, бегалі праз перашкоды і гэтак далей.

    І хоць усе заданні былі цікавымі, бадай, найбольш інтрыгуючым стала размініраванне вучэбнага поля. Цікавасці дадало тое, што ветэраны-пагранічнікі не сталі сама-стойна закладаць міны — гэту задачу яны паставілі перад дзецьмі. Не менш відовішчнымі сталі распальванне вогнішча і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Дарэчы, вучаніца Лапіцкай школы Крысціна Пархомчык асабістым прыкладам даказала, што і дзяўчынкі страляюць выдатна, вырваўшы перамогу ў сапернікаў. На чарговым этапе спаборніцтва рабятам было прапанавана перавязаць “раненых”, а таксама накласці шыну тым, хто “атрымаў пераломы”, і акуратна аднесці пацярпелых у “медсанбат”.

    Капітаны Арцём Лось і Мікіта Якабчук добра арганізавалі зладжаную работу ў камандах. Дзякуючы гэтаму спаборніцтвы праходзілі ў “спякотнай” абстаноўцы. Поспех спадарожнічаў то адной камандзе, то другой, таму на працягу ўсяго мерапрыемства цяжка было вызначыць лідара. Але ў выніку з перавагай у тры балы перамагла каманда Лапіцкай школы. Усе ўдзельнікі атрымалі граматы і салодкія падарункі ад ветэранаў-пагранічнікаў.

    9 мая

    Больш за тысячу чалавек далучылася да акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”, з якой пачалося святкаванне 77-годдзя Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Калона, у якой былі прадстаўлены ўсе пакаленні асіпаўчан, пад гукі духавога аркестра прайшла ад цэнтральнай плошчы горада да мемарыяльнага комплексу “Алея Герояў”.

    Ва ўрачыстым мітынгу прынялі ўдзел Канстанцін Жыгуцкі і Сяргей Сувееў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Шутава.

    Асабліва запамінальным свята стала для школьнікаў, якія ў гэты дзень былі прыняты ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю. Гэта свайго роду знак павагі да пакалення пераможцаў з боку тых, каму трэба будзе працягваць справу сваіх пра-дзедаў, дзядоў і бацькоў — развіваць і ўмацоўваць суверэнную Рэспубліку Беларусь. І, канечне, захоўваць гістарычную памяць, неабходнасць чаго падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі: “Мне асабліва прыемна бачыць на плошчы тысячы маладых, энергічных і таленавітых беларусаў. Гледзячы ў іх ясныя разумныя вочы, я бачу, што вялікі подзвіг народа і памяць аб ім будуць жыць у вяках”.

    Працягнулася святочная праграма ў гарадскім парку, дзе самадзейныя артысты правялі канцэрт “Песні Вялікай Перамогі”. Шмат землякоў таксама наведала гісторыка-краязнаўчы музей, які, як і астатнія музеі Магілёўскай вобласці, 8 і 9 мая адкрыў экспазіцыю, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне, для бясплатнага агляду.

    * * *

    У ШШК “Дэбют” прайшоў бліцтурнір па шахматах, прысвечаны Дню Перамогі. Першае месца ў спаборніцтве заняў адзін з наймацнейшых бліцыстаў Андрэй Літвінаў, серабро ўзяў дзіцячы трэнер па шахматах і шашках кандыдат у майстры спорту Вячаслаў Смольскі, замкнуў тройку лідараў Васіль Фамін. Першынство сярод ветэранаў і агульнае чацвёртае месца ў Аляксея Ткачова. Пераможцай сярод школьнікаў стала васьмікласніца СШ № 4 Дзіяна Савельева. Названыя прызёры ўзнагароджаны абанементамі на наведванне басейна ФАК “Жамчужына” ФСК “Алімпія”.

    Па гэтым жа відзе спорту ў мінулую пятніцу ў СШ № 3 прайшла спартакіяда сярод 1-4 класаў, таксама прысвечаная Вялі-кай Перамозе. Суддзёй юных шахматыстаў і шашыстаў выступаў педагог дадатковай адукацыі Вячаслаў Смольскі. 48 вучняў атрымалі прызы — абанементы на наведванне “Жамчужыны”.

    Дню Перамогі і 150-годдзю Асіповічаў былі прысвечаны і турніры па баскетболе на Кубак райарганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” і міні-футболе. Пераможцамі ў абодвух спаборніцтвах сталі каманды АЗАА.

    Векапомная сустрэча адбылася ў Дзень Перамогі  і ў райаддзеле ўнутраных спраў. Туды завіталі родныя ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, былога старшыны міліцыі Аляксея і маёра міліцыі Андрэя Ганчаронкаў.

    Калі пачалася вайна, Аляксею толькі споўнілася 16. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў хлопец быў прызваны ў армію і стаў франтавым шафёрам. Дайшоў да Берліна і нават на яго цытадэлі пакінуў надпіс «Ганчаронак з Орчы», занатаваўшы такім чынам у ліку пераможцаў фашызму маленькую вёсачку Асіповіччыны.

    Юнак не раз глядзеў смерці ў твар, бо падвозіў боепрыпасы на перадавую, а таму яго транспарт з’яўляўся аб’ектам павышанай увагі самалётаў і кулямётчыкаў. Шмат яму даводзілася манеўраваць у час бамбёжак, віхляючы паміж варонкамі, каб варожы прыцэл не мог зафіксаваць яго. Медалі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» упрыгожвалі яго гімнасцёрку, калі былы салдат змяніў франтавы «ЗІС-5» на міліцэйскі «ГАЗ-51», які адвозіў аператыўную групу ў розныя куточкі раёна. Калі перад Аляксеем Маісеевічам ставілі задачу, ён нязменна адказваў: «Даедзем. Бамбёжкі няма».

    Званне «Выдатнік міліцыі» з фотаздымкам каля разгорнутага сцяга УУС і Ганаровая грамата Міністэрства ўнутраных спраў СССР дадаліся ў скарбонку ўзнагарод у мірны час. Пра гэта расказалі яго таварышы па службе, якія характарызавалі старшыну як сціплага інтэлігентнага чалавека, а аднойчы нават так паўшчуваў падазронага, што той сам прызнаўся ў сваім злачынстве.

    На стэндзе музея побач з інфармацыяй пра Аляксея знаходзяцца звесткі пра Андрэя Ганчаронка — яго брата, таксама супрацоўніка міліцыі, толькі транспартнай. Ён ваяваў у складзе партызанскага атрада, а затым прайшоў франтавымі дарогамі да самай Перамогі.

    Пра баявыя подзвігі родных і іх добрасумленную працу ўзгадвалі ў Дзень Перамогі дзеці, унукі і праўнукі ветэранаў, удава Андрэя Маісеевіча, якія наведалі райаддзел, дзе беражліва захоўваюць памяць пра кожнага былога супрацоўніка. Па крупінках збіраюць члены савета ветэранаў РАУС на чале з Георгіем Гаеўскім інфармацыю, архіўныя матэрыялы, фотаздымкі, асабістыя рэчы, каб перадаць будучым пакаленням веды пра папярэднікаў. Дарэчы, напярэдадні Дня Перамогі Аляксандр Ганчаронак, сын Андрэя і таксама былы міліцыянер, згодна з рашэннем сямейнага савета перадаў музею на захоўванне некаторыя дакументы і ўзнагароды свайго таты.

    На сустрэчы прысутнічаў начальнік РАУС Віктар Архіпенка, які падзякаваў савету ветэранаў за карпатлівую работу і неабыякавасць да спраў аддзела, а таксама глыбокую павагу да кожнага таварыша па зброі, а Ганчаронкам-малодшым паведаміў, што яны могуць наведваць пакой гісторыі РАУС у любы час, удзячны будуць ім і за кожны новы экс-панат, прадстаўлены ў экспазіцыю.

    Памяць пра гэтых ветэранаў захоўваецца ў сэрцах чатырох пакаленняў іх родных. Іх імёны занатаваны ў кнігах «Памяць. Асіповіцкі раён», Барыса Дабрадомава «Уходили в поход партизаны». А зараз яшчэ і ў экспазіцыі пакоя гісторыі райаддзела міліцыі.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее