19.9 C
Осиповичи
Вторник, 28 июня, 2022
Еще

    Дуда

    Популярное

    Сто гадоў таму любы беларус, які час ад часу быў на кірмашах і багатых вяселлях, адказаў бы без запінкі, што самы папулярны беларускі музычны інструмент — гэта дуда. Сёння не кожны адразу сцяміць, як яна выглядае і, тым больш, гучыць. Але калі адказваць на пытанне, не абмяжоўваючыся перыядам электрагітар і сінтэзатараў, а ўлічваючы шматвяковую гісторыю, то адказ беларуса з мінулага будзе правільным.

    Па прынцыпе функцыянавання і вонкавым выглядзе беларуская дуда нагадвае шатландскую валынку. Ды і ў цэлым падобныя інструменты існавалі ў многіх краінах: Арменіі, Балгарыі, Партугаліі, Іспаніі, Расіі. Але ўсё ж беларуская дуда — унікальная прылада, яе вылучаюць сярод іншых дэталі. Напрыклад, колькасць бурдонаў (трубак, якія ствараюць фон), іх размяшчэнне і, адпаведна, адметны гук.

    На дудзе ігралі скамарохі на святах у Радзівілаў яшчэ ў XII стагоддзі. Пад песні і гучанне дуды ў пачатку XIV ст. народ сустракаў князя Альгерда з паспяховых ваенных паходаў. Гэты музычны інструмент часта ўсплывае ў апавяданнях шляхціца Завальні — героя твора Яна Баршчэўскага. Апісвалі яго і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, і Адам Міцкевіч, і Браніслаў Тарашкевіч.

    Аднак цяжка нават меркаваць, калі дуда ўпершыню зайграла на беларускіх землях, бо інструмент вядомы яшчэ са славянскіх міфаў і сам надзелены сакральным сэнсам. Мяшок для прылады часта выраблялі са скуры жывёлы, якую прыносілі ў ахвяру. І потым гэта дуда іграла падчас усіх найважнейшых падзей у жыцці чалавека. Напрыклад, у вясельным абрадзе ў дудара была асаблівая роля. Ён з’яўляўся своеасаблівай даверчай асобай: пасля вячэры разам з дружкай і сваццяй суправаджаў маладых у свіран, а ранкам граннем на дудзе абуджаў іх і запрашаў на сняданне.

    Сёння дуда мала вядомая беларусам, бо ў сярэдзіне ХХ стагоддзя яе практычна перасталі выкарыстоўваць. Яшчэ ў пачатку 1900-х інструмент прысутнічаў на беларускіх святах, але потым адразу на некалькі дзесяцігоддзяў знік з вачэй.

    Прынамсі, рэчы з тысячагадовай гісторыяй не так проста спісаць. Знаходзіцца ўсё больш энтузі-ястаў, якія адраджаюць гучанне дуды ў краіне. З’яўляюцца майстры, якія яе вырабляюць, і музыкі, якія на ёй іграюць. А ў горадзе Глыбокае ўжо на працягу некалькіх гадоў праходзіць фестываль “Дударскі рэй”, на які з’язджаюцца дудары не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы.

    Жыхарам і гасцям нашага раёна вельмі пашанцавала: яны могуць бачыць і чуць гэты інструмент ужывую падчас выступленняў земляка, загадчыка Вяззеўскага сельскага Дома культуры Мікалая Забаўскага. Пагутарылі з музыкам пра незвычайнае захапленне.

    — Як прайшло знаёмства з дудой?

    — Убачыў гэты інструмент падчас экскурсій у Нацыянальную бібліятэку і Лепельскі краязнаўчы музей. У апошнім знаходзіцца старажытная “лепелька”, так званая дуда, з вельмі цікавай гісторыяй. Неяк адразу мяне захапіў гэты музычны інструмент. Зразумеў, што гэта маё, хаця ў нашай мясцовасці не было нават успамінаў пра дуду. Цікавы збег абставін, але маіх прадзедаў звалі Савелій ды Рыгор. Зусім як у вядомай песні: “Саўка ды Грышка ладзілі дуду. Павесяліцца і прагнаць нуду…” Можа я не выпадкова захапіўся гэтым інструментам. Ён амаль увесь час знаходзіцца недзе побач.

    — Да якога мерапрыемства падыходзіць асаблі-вае гучанне дуды?

    — Па-першае, гэта старажытны інструмент і яму не пашанцавала: калі з’явіліся аўтаматычныя інструменты, напрыклад, лягчэйшы, званчэйшы і весялейшы гармонік, дуда стала менш запатрабаванай, бо гучыць працяжна. Раней царква яе не прызнавала, і інструмент мог застацца толькі часткай гісторыі. Але зараз ёсць энтузіясты, якія шукаюць звесткі пра інструмент, іграюць на дудзе, даюць канцэрты. Словам, адраджаюць. Як ні дзіўна, але большасць дудароў сканцэнтравана ў Мінску. Шмат іх і на Віцебшчыне.

    — У многіх дуда асацыіруецца з шатландскай валынкай…

    — Дуда была распаўсюджана па ўсім свеце ў розных відах і варыяцыях. Але ў кожнай краіне свае адносіны да традыцый і нацыянальных каштоўнасцей. Так атрымалася, што ў Шатландыі інструмент вельмі распаўсюджаны, таму ён і найбольш вядомы ўсім. У Балгарыі, напрыклад, таксама іграюць на дудзе ў аркестры. Бывае, на канцэрце выступаюць каля ста-двухсот дудароў. У іх таксама праходзяць розныя цікавыя фэсты. Але ў кожнай варыяцыі дуды своеасаблівае гучанне, і, канечне, яны робяцца з розных матэрыялаў.

    — Ці цяжка было авалодаць інструментам?

    — Дуда вельмі капрызная. Улічваючы матэрыялы, з якіх яе вырабляюць, яна жыве сваім жыццём. Інструмент з характарам. Вось, напрыклад, які-небудзь медны інструмент падкруціў, настроіў і ўсё. А яна адгукаецца на надвор’е. Пайшоў дождж, дуда ўжо можа па-іншаму гучаць. Спякотна — таксама гук адрозніваецца. Таму тут трэба не толькі навучыцца іграць, але і пасябраваць са свавольным інструментам.

    — А з якіх яшчэ матэрыялаў вырабляецца дуда?

    — Памятаеце, як у легендзе: Казу вадзілі па хатах на Каляды, зорку насілі. Потым было рытуальнае забойства гэтай Казы. Нават і песня захавалася: “Не бойся, козачка, стральцоў-байцоў. Бойся, козачка, дзеда старога з сівой барадой. Ён цябе злове, скуру злупе, дуду пашые”. Вось гэты казіны мех і выкарыстоўвалі пры вырабе. Ды і, як ужо казаў, дрэва.

    — Ці шмат майстроў вырабляюць дуды ў Беларусі і з-пад чыіх рук выйшаў ваш інструмент?

    — У краіне сёння ўсяго тры-чатыры чалавекі, якія займаюцца гэтай справай. Трэба дадаць, што вырабляюць яны інструменты не толькі на нашу рэспубліку. Ёсць заказчыкі з Літвы і Польшчы. Бо толькі ў нас засталіся такія ўмельцы. А мой інструмент вырабіў Фёдар Кашкурэвіч. Гэта сын знакамітага мастака, манументаліста. У свой час ён займаўся вырабам музычных інструментаў і зрабіў мне дуду.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее