Сёння Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць адзіны дзень бяспекі дарожнага руху “Колаў менш — небяспекі больш!”. З пачаткам цёплага сезона на дарогі выязджае велізарная колькасць матацыклістаў, вадзіцеляў мапедаў, скутараў і веласіпедыстаў. Няўмелае кіраванне такім транспартам і няўважлівасць аўтамабілістаў нярэдка прыводзяць да ДТЗ. У сувязі з гэтым супрацоўнікі ДАІ заклікаюць вадзіцеляў двухколавых транспартных сродкаў да няўхільнага выканання правілаў дарожнага руху.
Вакцынацыя ад COVID-19 у раёне ідзе актыўна. Па ўчарашніх звестках, першы кампанент вакцыны ўведзены 27 551 земляку (62,8% насельніцтва), цалкам вакцынаваны 23 554 (53,7%), рэвакцынацыю ад каранавіруса прайшлі 2 534 чалавекі.
Як паведамілі ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі РАУС, усё большая колькасць людзей аддае перавагу біяметрычным дакументам: па даных на 26 красавіка, з пачатку года ўладальнікамі ID-карт сталі 289 жыхароў раёна, біяметрычных пашпартоў — 232, біяметрычны від на жыхарства атрымалі 148 чалавек.
У красавіку спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі абследавана 192 тэрыторыі аб’ектаў, у тым ліку тэрыторыі чатырох сельсаветаў. Парушэнні ўстаноўлены на 48 аб’ектах. У адрас кіраўнікоў накіравана 26 рэкамендацый (11 застаюцца на кантролі). Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута адна службовая асоба.
На абласны этап агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей” было прадстаўлена больш за 500 работ. Журы высока ацаніла творчасць рабят Асіповіччыны: так, III месцы ў намінацыі “Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі” атрымалі навучэнцы Свіслацкай школы Арцём Абразевіч і Мікіта Курыльчык, “Скульптура малых формаў” — выхаванцы раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Цімафей Чумакоў і Ульяна Зубовіч, “Верш” — Ілля Казачонак з Вязаўніцкага ВПК д/с-СШ, “Апавяданне” — Руслан Лазарэвіч з Восаўскага ВПК д/с-СШ, а Дыплом II ступені ў апошняй з намінацый заваявала Дзіяна Шайко, якая вучыцца ў Пратасевіцкай школе.