У аўтапарку № 19 паведамілі, што з 20 красавіка падаражаў праезд у мясцовым грамадскім транспарце. Зараз білет у гарадскім аўтобусе каштуе 80 капеек у месцах продажу і 85 — у вадзіцеля. Праязны на месяц і дэкаду складае 30 руб. 60 кап. і 10 руб 72 кап. адпаведна. На прыгарадных маршрутах раней 1 км каштаваў 11 кап., зараз — 12.
77 адміністрацыйных працэдур ажыццявіў Дрычынскі сельвыканкам за першы квартал. Па запытах насельніцтва выдадзена 15 даведак аб скла-дзе сям’і і месцы жыхарства; 11 — жылым памяшканні, якое займае чалавек у населеным пункце, і складзе яго сям’і; пяць дакументаў датычыліся апошняга месца жыхарства спадчынадаўцы і складу яго сям’і і столькі ж — месца пахавання бацькоў. Сем чалавек звярнулася для атрымання ўчастка для пахавання. Зарэгістравана нараджэнне і пяць смярцей.
Падчас “Тыдня лесу” работнікі лясгаса высадзілі дрэвы на тэрыторыі 26,8 га. Усяго ў акцыі прынялі ўдзел 636 чалавек, у тым ліку 342 работнікі прадпрыемства, 294 удзельнікі старонніх арганізацый. Яшчэ было створана тры алеі, адрамантавана зона адпачынку, убрана каля 15 м3 непатрэбных рэшткаў драўніны.
У Асіповіцкім участку паштовай сувязі паведамілі, што адна з новых паслуг, якія зараз прапаноўваюцца кліентам, — выдача пасылак з дапамогай SМS-кода. Для гэтага неабходна зарэгістравацца ў асабістым кабінеце, зрабіць заяву і звярнуцца ў бліжэйшае аддзяленне сувязі з дакументам, які засведчвае асобу. Затым любыя пасылкі можна будзе атрымоўваць на пошце толькі з дапамогай SМS, а заадно і адсочваць іх дастаўку ў спецыяльным дадатку.
Плошча Асіповічаў — 2 281 га. Парадак на ўсёй гэтай тэрыторыі падтрымліваюць 35 рабочых па комплекснай уборцы УКП ЖКГ. Такім чынам на кожнага дворніка выпадае каля 65 га.