21 C
Осиповичи
Вторник, 16 августа, 2022
Еще

    Дзяцінства, пра якое не хочацца ўспамінаць

    Популярное

    Першыя ўспаміны дзіцяці занатоўваюцца ў сярэднім ва ўзросце каля трох гадоў. Запамінаюцца, як правіла, самыя яркія падзеі. Для Любові Яфімаўны Ганчар гэта не ранішнік у дзіцячым садзе і не новая цацка. Яе першыя ўспаміны — гэта мост, натоўп людзей, плач і крыкі. Маленькіх дзяцей вырываюць з рук матуль. А потым — вагон і доўгая дарога…

    У Германіі, куды трапіла група дзяцей, маленькіх вязняў выкарыстоўвалі ў якасці донараў для салдат вермахта. Жанчына ўспамінае, што пасля кожнай такой працэдуры ім давалі кавалачак шакаладу. Малыя паміралі, тады іх закідвалі ў машыну, нібы дровы, і кудысьці адвозілі. Усё рабілася будзённа і звыкла. Яшчэ маленькая Люба запомніла хлопчыка, які быў гады на тры старэйшы за яе і, як мог, абараняў, сачыў, каб не адымалі ежу.

    Неяк дзяўчынка захварэла. Вельмі балелі вушы, яна енчыла ад болю. Тады на яе спусцілі сабак. Нейкім цудам сука, у якой былі маленькія шчанюкі, не дала зграі разарваць дзіця, відаць, мацярынскі інстынкт у жывёл часам больш моцны, чым у некаторых людзей. Але адзін сабака ўсё-такі ўкусіў дзяўчо за вусны. Фашыст у бліскучых ботах (такім запомніла яго маленькая нявольніца) адвёў яе ў медчасць, дзе Любе аказалі дапамогу. А потым гэты чалавек яшчэ заходзіў, цікавіўся яе здароўем.

    Памятае дзяўчынка і момант вызвалення. Матацыкліст вынес яе на руках і здзівіўся, што такая змардаваная. А потым знай-шлася матуля. Яна таксама была ў няволі, толькі ўтрымоўвалася ў іншым памяшканні…

    Прайшлі гады. Любоў скончыла сярэднюю школу. А затым гідрафак Горацкай сельгасакадэміі. Па размеркаванні прыехала ў наш горад, дзе больш за паўвека працавала ў мясцовай ПМК. Займалася будаўніцтвам гідразбудаванняў. Тут выйшла замуж. З мужам пражыла ў ладзе ды згодзе 50 гадоў і ўзгадвае пра яго толькі самае добрае. Выгадавалі дваіх сыноў. Барыс геройскі загінуў у час ваенных дзеянняў у Афганістане. Матуля беражліва захоўвае ўзнагароды сына. Другі сын, Віктар, жыве і працуе ў Асіповічах.

    Ужо не займаецца жанчына шыццём ды вязаннем. А калісьці так добра шыла! У час вучобы на ўсім курсе было толькі пяць дзяўчат, і Любоў усім ім стварала шыкоўныя ўборы. Вельмі любіць чытаць, мае багатую бібліятэку. А работа ў агародзе паляпшае ёй настрой. Вось і зараз Любоў Яфімаўна гадуе расаду памідораў: хутка ж настане пара рабіць грады.

    А вайна нагадвае ёй аб сабе ўспамінамі, якія не сатрэш з памяці. Дарэчы, не так даўно пайшоў з жыцця адзін з яе сяброў па няшчасці Уладзімір Бялягін, з якім знаходзіліся ў адным лагеры. Землякі па нараджэнні, яны разам неслі ношу малалетніх вязняў, затым і жылі ў адным горадзе, а таму сталі амаль сваякамі.

    Не хочацца Любові Яфімаўне расказваць пра няволю. Цяжкая і непрыемная старонка жыцця. Пра такія людзі не любяць гаварыць. Лепш пра дзяцей, калег, знаёмых…

    Няхай жа ў прадстаўнікоў наступных пакаленняў не будзе падобных успамінаў: дзяцінства стварае падмурак для ўсяго жыцця чалавека і павінна несці свет, радасць і ўпэўненасць у будучым.

     

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее