-4.5 C
Осиповичи
Суббота, 3 декабря, 2022
Еще

    Амаль дзесяцігоддзе без права на памылку.

    Популярное

    У наступным годзе ў сваё прафесійнае свята супрацоўнікі ДКСЭ — аднаго з самых маладых камітэтаў у краіне — будуць святкаваць першую круглую дату: менавіта 22 красавіка 2013 года кіраўніком дзяржавы быў падпісаны ўказ “Аб утварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь” № 202. Прыняццю рашэння аб стварэнні папярэднічала правядзенне маштабнай працы, пры рэфармаванні судова-экспертнай сістэмы ў аснову быў пастаўлены асаблівы працэсуальны статус эксперта і значэнне яго заключэння для ўстанаўлення ісціны па крымінальных, адміністрацыйных, грамадзянскіх і эканамічных справах.

    Аб дзейнасці Асіповіцкага міжрайаддзела пагаварылі з яго начальнікам падпалкоўнікам юстыцыі Аляксеем Навіцкім:

    — За час, які прайшоў з дня заснавання камітэта, у лепшы бок змянілася многае. Так, прыкметна скараціліся тэрміны правядзення экспертыз і даследаванняў. Напрыклад, апошнія пару гадоў супрацоўнікі практыкуюць перадачу прама з месца здарэння канфіскаваных слядоў рук — з выкарыстаннем абароненых каналаў сувязі. Зразумела, гэта дазваляе істотна скараціць час ідэнтыфікацыі адбіткаў, а ў некаторых выпадках і раскрыць злачынства па гарачых слядах. Раней жа эксперту трэба было вярнуцца ў аддзел, а ад месца здарэння да горада часам 40 км і больш: наш міжрайаддзел абслугоўвае і Клічаўскі раён — гэта сукупная тэрыторыя звыш 3,5 тысячы квадратных кіламетраў і каля 62 тысяч насельніцтва.

    — Якім чынам палепшылася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне?

    — Зараз супрацоўнікі цалкам забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны і тэхнічнымі сродкамі, у тым ліку спецыялізаванымі чамаданамі судовага эксперта. Чатыры гады таму калектыў міжрайаддзела пераехаў у памяшканне на Ленінскай, 86. Добрае забеспячэнне і камфортныя ўмовы працы вельмі важныя, бо нагрузка немалая. Спецыялістаў прыцягваюць да агляду месцаў здарэння, праводзяць экспертызы па крымінальных, грамадзянскіх і гаспадарчых справах у тых выпадках, калі для вырашэння пэўных пытанняў неабходны спецыяльныя веды. Дарэчы, сёння няма ніводнай крымінальнай справы, у якой бы не было заключэння эксперта. І толькі адзінкі такіх грамадзянскіх спраў, дзе таксама не патрабавалася б заключэнне спецыяліста нашага камітэта. У выніку штогод міжрайаддзелам праводзіцца каля 900 экспертыз — і гэта не мяжа.

    — А што з забяспечанасцю кадрамі?

    — Міжрайаддзел укамплектаваны максімальна: і дасведчанымі спецыялістамі, як эксперты-крыміналісты Андрэй Слаук, Арцём Сiманенка, і маладымі, як медыцынскі эксперт Ірына Міраш, эксперты-крыміналісты Арцём Ляўкоў, Яўгеній Цітоў і Раман Юшкевіч. Дарэчы, хлопцы, былыя выпускнікі следча-экспертнага факультэта Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, пасля так званай “адпрацоўкі” засталіся ў нашым калектыве і мяняць месца службы не плануюць. Падтрымліваем моладзь не толькі ў прафесійным плане, але і ў бытавым.

    — Мяркуючы па ўсім, цякучкі кадраў няма і не будзе. Але ўсётакі: як трапіць на службу ў ДКСЭ?

    — Крыміналісты, як правіла, навучаюцца на следча-экспертным факультэце Акадэміі МУС. Медыцынскім экспертам можа стаць выпускнік медуніверсітэта. Экспертам па крыміналістычных, тэхнiчных i спецыяльных вiдах экспертыз — выпускнiк ВНУ нашай краіны. Толькі неабходна будзе прайсці падрыхтоўку ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па адпаведнай спецыялізацыі. Акрамя вышэйшай адукацыі, патрабаванні да эксперта такія: наяўнасць пэўных асобасных асаблівасцей, напрыклад уважлівасці, высокія маральныя якасці і, несумненна, усведамленне таго, што ў працы эксперта няма права на памылку.

    Предыдущая статьяПрямые линии
    Следующая статьяКоратка

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее