27.6 C
Осиповичи
Среда, 29 июня, 2022
Еще

    Аддзяленне сувязі на рэйках

    Популярное

    Паштальён, у некаторых сітуацыях судовы выканаўца, касір, следчы і, безумоўна, сапраўдны патрыёт чыгункі — усё гэта пра асіпаўчанку Надзею Мазур.

    Чыгуначны вузел — гэта больш за дзясятак розных арганізацый, кожная з якіх выконвае свае задачы, але ўсе структурныя падраздзяленні падтрымліваюць цесныя стасункі паміж сабой. Сувязь гэту дапамагае забяспечваць у тым ліку і наладжаны дакументаабарот.

    Штодзень дзясяткі розных пісем адпраўляюцца з аднаго прадпрыемства ў іншыя, і не толькі ў межах аднаго чыгуначнага вузла.

    А каардынуюць перамяшчэнне карэспандэнцыі сартавальнікі вакзала. Надзея Мазур займаецца такой работай паўтара дзясятка гадоў. Расказвае, што кожны дзень спецыялісты чыгуначных прадпрыемстваў дастаўляюць у аддзел экспедыцыі пісьмы, якія тут сартуюцца і адпраўляюцца па назначэнні.

    За дзень праз станцыю Асіповічы праходзіць 19 саставаў, у складзе якіх ёсць штабныя вагоны. Менавіта ў іх і перавозіцца карэспандэнцыя. Некаторыя інструкцыі і загады перадаюцца і праз машыністаў цягнікоў эканом-класа. Так што сартавальнікі ўсю змену сустракаюць і праводзяць цягнікі.

    Уваходзяць у абавязкі гэтых спецыялістаў і некаторыя фінансавыя пытанні. Штодзённа забіраюць і здаюць інкасатару выручку аўтаматычных камер захоўвання. А яшчэ спаганяюць штраф з безбілетных пасажыраў. Бедалагі грошы ўносяць, але лічаць сваім доўгам паскардзіцца чалавеку ў чыгуначнай форме, што, праехаўшы ад Юбілейнага ці Савецкага да Асіповіч — а менавіта на гэтым перагоне трапляецца найбольшая колькасць “зайцаў”, — заплацілі не толькі кошт білета, але і штраф 20 рублёў. Даводзіцца Надзеі Уладзіміраўне яшчэ і растлумачальную работу праводзіць. Аб тым, што лепей купіць праязны на месяц або дэкаду — і ездзіць спакойна.

    Здараецца сартавальніку не толькі пошту сартаваць, але і асабістыя рэчы некаторых безуважлівых пасажыраў, бо знойдзеныя ў вагонах, на вакзале і пероне сумкі, тэлефоны, парасоны, адзенне дастаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі менавіта ў рабочы кабінет сартавальніка, які ў іх прысутнасці дэталёва апісвае знаходкі. А потым на працягу месяца разам шукаюць гаспадара.

    Раней Надзея працавала ў дзіцячым садзе № 38 Беларускай чыгункі, а калі ўстанову перадалі гораду, стала багажным касірам, адпраўляла і прымала грузы і багаж. Праз нейкі час аддзяленне, у якім працавала, было рэарганізавана і жанчына атрымала іншыя абавязкі. Але яна не шкадуе, бо засталася на тым жа прадпрыемстве. І наогул з вялікай пашанай расказвае пра чыгунку, дзе працуе шмат родных і сяброў. Кажа, што з работай іншых галін народнай гаспадаркі не знаёма. Усё яе жыццё, думкі, лёс — гэта чыгунка. Яна і зараз за акном службовага кабінета нагадвае аб сабе гудкамі цягнікоў, голасам дзяжурнага з рэпрадуктара, пасажырамі, што спяшаюцца да вагонаў.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее