-3.2 C
Осиповичи
Суббота, 3 декабря, 2022
Еще

    Маўклівы суразмоўца

    Популярное

    Асiповiцкi Крайhttp://gzt-akray.by
    Издание существует с 1931 года. Сегодня "Асіповіцкі край" выходит дважды в неделю по вторникам и пятницам. Тираж - около 5 тыс. экземпляров. Приоритетная тема для журналистов "районки" - жизнь Осиповщины: люди, работа предприятий и организаций, массовые мероприятия и многое другое. Оставайтесь с нами!

    Гэты дамок і зараз выглядае невялікім. А калі ўлічыць, што веранда была прыбудавана пазней, то першапачаткова ён нагадваў сабой нейкую казачную будыніну ў адзін пакойчык.

    Менавіта такая хата была прадастаўлена ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя дырэктару Ліпенскай сярэдняй школы Уладзіміру Кунько. Сюды ён і засяліўся разам з сям’ёй, перабраўшыся з Рэчыцы, дзе жылі раней.

    Уладзімір Данілавіч выкладаў ва ўстанове адукацыі беларускую мову і літаратуру, а яго жонка Вера Маркаўна была матэматыкам. Разам з бацькамі ў Ліпень прыехалі трое дзяцей. Каля пяці гадоў Кунько-старэйшы ўзначальваў школу. Яго любілі вучні, паважалі бацькі. Але час быў неспакойны. Па чыімсьці даносе педагога абвінавацілі ў шпіянажы і прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання.

    Няпроста было сям’і перажыць страту роднага чалавека. А наперадзе чакала яшчэ адна трагедыя — пачалася Вялікая Айчынная вайна. Матулю яна застала ў Севастопалі, дзе тая праходзіла курс лячэння ў адной са здраўніц. А яе сыны і дачка з самага пачатку акупацыі ўвайшлі ў склад падпольнай групы, а потым былі прыняты ў партызанскі атрад.

    Дом на час апусцеў. Не гучалі тут вясёлыя галасы. Не запальвалася ўвечары святло, не струменіў дым з коміну. Сіратліва паглядаў ён у скрусе на будынак школы, які занялі чужынцы. У двары ўжо не бегалі юныя свавольнікі, там нервова шпацыравалі фашысты, якія занялі ўстанову адукацыі, размясціўшы сваю камендатуру.

    Калі ў час баявой аперацыі смерцю героя загінуў старэйшы брат Уладзімір, Рыма паклялася на яго магіле, што адпомсціць ворагу за роднага чалавека. Яна настаяла на пераводзе яе з гаспадарчай у баявую групу і стала актыўна ўдзельнічаць у «рэйкавай вайне». Не раз дзяўчына разам з іншай моладдзю пускала пад адхон фашысцкую тэхніку, знішчала ворагаў, набліжаючы перамогу. На жаль, крыху не дажыла да поўнага вызвалення раёна: загінула ў час аднаго з баёў. Удастоена ордэна Леніна.

    Актыўна змагаўся з акупантамі і Марк. Першая падпольная група ў Ліпені была створана менавіта ім. А потым удзельнічаў у многіх баявых аперацыях. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

    Нягледзячы на летнюю спёку, у Ліпені стала больш вольна дыхаць пасля таго, як з яго выгналі карнікаў. Разам з жыхарамі, здавалася, бязмоўна радаваўся і дом былога дырэктара. Але тужыў па былым…

    З усёй сям’і Кунько ў жывых засталіся толькі Вера Маркаўна і яе сын Марк. Гаспадар, дарэчы, у 1956 годзе быў рэабілітаваны. Пасмяротна.

    Марк пасля вайны ўзначаліў калгас у Вязаўніцы. А затым кіраваў сельгаспрадпрыемствам у Жыткавіцкім раёне. Вера Маркаўна ж працягвала настаўніцкую справу. За сябе і нявінна загубленага мужа. Атрымала званне «Заслужаны настаўнік». Але жыла апошнія гады ўжо ў іншай пабудове, якая не захавалася да нашых часоў. На яе месцы пазней размяшчалася амбулаторыя, а потым леспрамгасаўскі магазін.

    А легендарны дом застаўся стаяць у адзіноце. Пакінуты гаспадарамі.

    Другое жыццё яго пачалося амаль праз чатыры дзесяцігоддзі пасля ваеннага ліхалецця. Педагогі Ліпенскай СШ, на тэрыторыі якой знаходзіцца будынак, вырашылі зрабіць тут музей баявой і працоўнай славы.

    У музеі, якім кіруе настаўнік гісторыі Вольга Падвойская, сабраны багаты матэрыял з гісторыі Ліпеня. Цэнтральная экспазіцыя прысвечана, безумоўна, сям’і Кунько. Дарэчы, педагогі ўстанавілі сувязь з дачкой Марка Рытай Бельскай, пазнаёміліся з яго ўнучкай Наталляй, наведалі іх, родныя героя таксама нанеслі візіт на малую радзіму таты і дзядулі. А ўсе разам пабывалі ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, дзе размешчана інфармацыя ў тым ліку і пра нашых слаўных землякоў.

    Важнае месца ў музеі адведзена макету спаленай вёскі Сёмкава Слабада, які выканалі вучні пад кіраўніцтвам былога выпускніка Ліпенскага ВПК, а зараз педагога дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Леаніда Астрэйкі. У планах стварэнне макетаў школы, канцлагера, рэканструкцыі Ліпенскага бою. Дарэчы, Леанід разам з настаўніцай Анастасіяй Казлоўскай прыгожа размалявалі музей звонку.

    Педагогі з Ліпеня актыўна шукаюць стасункі з былымі вучнямі школы і іх роднымі. Напрыклад, тут бывалі прафесар Алег Слука, жонка, сын і ўнук партызанскага камандзіра Рыгора Баразны. Вядуць перапіску з вядомымі землякамі.

    Да актыўнай гісторыка-краязнаўчай працы настаўнікі далучаюць сваіх вучняў. Яны пішуць навукова-даследчыя работы, збіраюць разнастайнную інфармацыю. Прыемнай навіной для ўсіх стала тое, што адна з работ вучняў нядаўна была адзначана дыпломам Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, а Лізавета Джавакова прыме ўдзел у ваенна-патрыятычным праекце «Цягнік гонару», у якім будуць задзейнічаны беларускія і расійскія школьнікі, якія змогуць наведаць некалькі гарадоў дзвюх краін, бітвы пад якімі адыгралі ключавую ролю ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

    Гэты дом пабачыў шмат. Калектывізацыю, гады неўраджаю, акупацыю і пасляваеннае аднаўленне. Пад яго вокнамі ў розныя гады месціліся кветнікі і дзоты, хадзілі сяляне і салдаты вермахта, вясковая інтэлігенцыя і яўрэйская грамада. А часцей за ўсё дзеці. Можа, таму і выглядае ён, нягледзячы на ўзрост, бадзёра.

    Дом, якому ёсць аб чым паведаць свету…

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее