21.5 C
Осиповичи
Воскресенье, 3 июля, 2022
Еще

    Каля 8 000 экспанатаў захоўваецца ў фондах раённага гісторыка-краязнаўчага музея

    Популярное

    Невялічкі пакойчык, напоўнены стэлажамі, шафамі, паліцамі, на якіх можна знайсці і старадаўнюю вышыўку, і абраз, і савецкі буквар… На першы погляд здаецца, што гэткая пярэстая разнастайнасць — справа рук нейкага апантанага Плюшкіна, аднак з-за шафы выглядвае дзяўчына:

    — Вы ідзяце? Вось тут у мяне захоўваюцца фотаздымкі і дакументы. Кожны абразчык у асобным канверце, — пальцы галоўнай захавальніцы фондаў Кацярыны Саканцавай з любоўю перабіраюць папяровыя стосікі.

    Адчыняюцца дзверы чарговай шафы: там у прыцемку паблісквае фарфоравы посуд, сумуюць будзільнікі і гадзіннікі.

    — А вось на гэтай паліцы захоўваеццца рабочы інструмент. Адных толькі рубанкаў каля сарака адзінак. Людзі прыносяць, а мы не можам не ўзяць: падарункі — асноўны шлях папаўнення фондаў, — далей каменціруе Кацярына.

    У руках дзяўчыны з’яўляецца фігурка адмысловай работы.

    — Калекцыю вось такіх драўляных фігурак музею падарыў майстар са Старых Дарог. Шчыльна супрацоўнічаем з ваенкаматам. Усе больш-менш каштоўныя рэчы, знойдзеныя падчас земляных работ і раскопак, ваеннаслужачыя перадаюць нам. Дапамагаюць папаўняць фонды і звычайныя жыхары. Прыносяць рэчы з дамоў бацькоў, бабуль і дзядуль, а пасля ночы музеяў у савецкім стылі актыўнасць дарыцеляў дасягнула свайго максімуму. Многія нават не ведалі, што тыя прадметы побыту, кнігі, адзенне, якія так і просяцца на сметнік, могуць быць цікавыя ў якасці музейных экспанатаў. Мы вельмі ўдзячныя ўсім нераўнадушным, бо, нягледзячы на тое што музей арыентуецца на перыяд ад старажытнасці да ваеннага часу, атрыбуты савецкай эпохі таксама важныя. Ужо паступова сыходзяць сведкі тых часоў, і калі зараз літаральна не ўрваць тэхніку, кнігі, адзенне, посуд, цацкі, то гадоў праз дваццаць і працаваць не будзе з чым. Асабліва хочацца адзначыць унёсак асіпаўчанкі Святланы Быстровай. Жанчына перадала ў музей амаль тысячу экспанатаў савецкага часу: кнігі, цацкі, адзенне, дзіцячы ложак. Шмат чаго набываецца за ўласныя грошы. Нядаўна ездзіла ў Пухавічы па дыскавыя тэлефоны па пяць рублёў за адзінку. А ведаеце, як мы шкляныя ёлачныя цацкі збіраем? Перад Новым годам ідзём у школы ці садкі, дзе лясных прыгажунь  упрыгожваюць цацкамі, што звычайна прыносяць вучні. А якія там цацкі? Правільна, якія бацькам не шкада, старыя савецкія. Дзякуючы каталогам ведаем, што цацка старая, купляем у крамах фіксаванага кошту новыя бліскучыя і паштучна абменьваем. Плануем зрабіць экспазіцыю ў выглядзе савецкай кватэры. Нам нават прынеслі арыгінальныя дзверы з кватэры аднаго з першых дамоў, пабудаваных на «Баме».

    Кацярына прывяла да сэрца фонду — сейфа, дзе захоўваюцца экспанаты з наяўнасцю каштоўных металаў. Адна за адной на стале ля акна з’яўляюцца тры невялічкія скрыначкі.

    — Дарагіх экспанатаў няшмат, — акуратна раскрываючы каробачкі, расказвае спецыяліст. — Раней, каб прыняць каштоўную рэч, была патрэбна ліцэнзія. Некалькі гадоў таму музеі выключылі з пераліку ўстаноў з абавязковым ліцэнзаваннем дзейнасці, і вось гэтая прыгажосць змагла прапісацца ў фондах.

    У адной скрыні ляжаць медалі часоў Вялікай Айчыннай вайны, дзве астатнія змяшчаюць падарункі Ланы і Андрэя Дараганаў — элементы сямейнага сталовага срэбра рода Дараганаў і хрустальная чайніца са срэбранай з залачэннем крышкай.

    — З гэтай чайніцай увогуле выйшла цікавая гісторыя, — усміхаецца Кацярына. — Дараганы падарылі яе яшчэ ў першы свой прыезд да нас, сказаўшы, што бутэлька — флакон з-пад духоў. Пад такой назвай яна і была ўключана ў тэматычную экспазіцыю. Пасля дэтальнага вывучэння, пошуку ў каталогах аказалася, што гэта англійская чайніца. У мінулыя стагоддзі ў дамах брытанскай арыстакратыі былі спецыяльныя скрыначкі, якія ўтрымлівалі некалькі чайніц з рознымі гатункамі чаю, каб кожны госць мог выбраць сабе напой па смаку. Падобная сістэма захоўвання дазваляла забяспечыць разнастайнасць і адначасова зберагчы чай ад шкоднага ўплыву сонечнага святла.

    — Часта ад наведвальнікаў можна пачуць, што музей пераўтварыўся ў забаўляльны цэнтр: тут вам і выставы дыназаўраў, матылькоў, павукоў, кантактны заапарк ці яшчэ якое несуадноснае са стасусам мерапрыемства, — са смуткам адзначае дзяўчына, вяртаючы каштоўнасці ў сейф. — Аднак крытыкі не разумеюць, што ў такім ходзе спраў два бакі. Мы не толькі зарабляем грошы на абсталяванне, прадастаўляючы плошчу пад мерапрыемствы, але і дадаём разнастайнасці ў шэрую паўсядзённасць асіпаўчан. Усяго такіх мерапрыемстваў здараецца не больш чатырох. Таму асноўнаму напрамку дзейнасці ўстановы яны не шкодзяць.

    Кацярына вядзе ў суседні пакой.

    — Тут захоўваюцца рэчы, якія толькі рыхтуюцца да прапіскі на паліцах асноўнага фонду, — дзяўчына бярэ ў рукі пакет і разварочвае. Унутры аказваецца ржавы чыгуначны ліхтар. — Яны ўважліва аглядаюцца на наяўнасць цвілі, насякомых-шкоднікаў, ачышчаюцца ад бруду ці ржы. Праца музейшчыка ўвогуле вельмі брудная. Людзі бачаць толькі вяршыню вялізнай глыбы — залавых дазорцаў — і думаюць, што ўсё, чым займаюцца спецыялісты музея — адцягваюць руку чарговага школьніка, які пацягнуўся да мушкета ХIХ стагоддзя, ды п’юць гарбату ў перапынках паміж экс-курсіямі. На самой справе ўсё складаней. Навуковыя супрацоўнікі, а тым больш захавальнікі фондаў — глыбокае «падполле». Мы працуем у пыле, брудзе, у кантакце з разнастайнымі хімікатамі. Таму праявы алергіі, раздражненняў — ужо звычная з’ява.

    Як жа можна любіць справу, ад якой яшчэ і пакутуеш?

    Для мяне гэта не работа, а вобраз жыцця, — натхнёна адказвае Кацярына. — Я нават дома не магу пазбавіцца ад звычкі збіраць усялякія цікавыя штукі. Нават пакойчык ёсць пад кодавай назвай “Для музея”. Падабаецца знаходзіць рэчы, вывучаць іх гісторыі, рабіць цікавыя вынаходніцтвы. Пыльныя куткі фондасховішча даражэй за любыя чырвоныя дарожкі, скураныя крэслы і доўгія сукенкі…

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее