27.6 C
Осиповичи
Среда, 29 июня, 2022
Еще

    Дзеяслоў “памятаць” мае прошлы, цяперашні і будучы час

    Популярное

    Нібы шаравая маланка, пракацілася Вялікая Айчынная вайна праз усю Беларусь, зносячы на сваім шляху дамы і масты, руйнуючы гарады і знішчаючы ў полымі вёскі. Пасля вызвалення па ўсёй тэрыторыі краіны павырасталі пясчаныя бугры з крыжамі ды таблічкамі, а на іх месцы паступова з’явіліся помнікі, абеліскі, стэлы, курганы ды мемарыялы. На працягу ўжо амаль васьмі дзясяткаў гадоў яны трывала ўвайшлі ў беларускія краявіды, упісаліся ў архітэктуру населеных пунктаў і надзейна нясуць сваю журботную, але высакародную місію — клапаціцца аб тым, каб людзі помнілі, задумваліся і своечасова спыняліся.

    Згодна з Дзяржпраграмай “Увекавечванне памяці пра загінуўшых пры абароне Айчыны” на 2021-2025 гады праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне, утрыманне і рамонт воінскіх пахаванняў. Асаблівая ўвага ім надаецца ў Год гістарычнай памяці.

    “На тэрыторыі Ялізаўскага сельсавета размешчана шэсць помнікаў воінскай славы і воінскіх пахаванняў. Па сабраных даных, у іх знаходзяцца астанкі 491 чалавека, вядомы імёны толькі 382 з іх”, — паведаміў старшыня сельвыканкама Аляксандр Ждановіч.

    У кожнага помніка свая гісторыя. Так, у брацкай магіле на ўсходняй ускраіне рабочага пасёлка каля чыгуначнага моста праз Бярэзіну пахавана каля сотні салдат. У 1967 годзе на гэтым месцы ўстаноўлены бюст воіна. “Вечная памяць загінуўшым за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы” — апавяшчае надпіс на помніку, які некалькі гадоў таму быў заменены на новы, гранітны.

    Яшчэ адзін помнік устаноўлены на вуліцы Рамашкі ў 1970 годзе. У ліку пахаваных на гэтым месцы байцоў Герой Савецкага Саюза Сяргей Пяцялін. Два гады таму быў праведзены бягучы рамонт дадзенага помніка.

    Чатыры невядомыя салдаты знайшлі спачын у брацкай магіле на тэрыторыі мясцовых грамадзянскіх могілак. У 1967 годзе там быў устаноўлены надмагільны помнік-бюст. На пагосце знаходзіцца і магіла партызана Кірыла Раковіча, які загінуў пры вызваленні раёна. Помнік і агароджа вакол яго неаднаразова мяняліся.

    Яшчэ адно брацкае пахаванне знаходзіцца ў завулку Палявым. Там пахавана група рабочых шклозавода і ваеннапалонных, расстраляных фашыстамі 22 студзеня 1942 г. Шэсць гадоў таму ў магілу падзахаваны астанкі яшчэ трох ваеннаслужачых. Летась гэты помнік быў адрамантаваны.

    На паўднёва-заходняй ускраіне Ялізава размешчаны самы вялікі мемарыял. У гэтым месцы пакоіцца 366 ваеннаслужачых. Імёны ўсіх вядомы. У 2015 г. прайшла рэканструкцыя комплексу, устаноўлены новыя пліты з імёнамі загінуўшых, а праз пяць гадоў зроблены бягучы рамонт.

    У сельсавеце адзначаюць, што згодна з рашэннем райвыканкама ўсе памятныя месцы замацаваны за арганізацыямі, якія падтрымліваюць гэтыя аб’екты ў належным стане, пры неабходнасці рамантуюць іх і штогод наводзяць парадак на прылеглай тэрыторыі. З павагай да гісторыі і яе герояў ставяцца ў аддзяленні “Бабруйскводаканал” УПК ПВКГ “Магілёўаблводаканал”, сярэдняй школе, УКП ЖКГ, філіяле “Ялізава” ААТ “Гродзенскі шклозавод”, Гомельскім атрадзе ваенізаванай аховы Беларускай чыгункі, Акцябрскім лясніцтве. Работнікі гэтых прадпрыемстваў без напаміну прыводзяць у парадак месцы пахаванняў, ажыццяўляюць рамонтныя работы. Каля помніка на вуліцы Рамашкі нярэдка можна сустрэць школьнікаў, якія прыбіраюць тэрыторыю, ускладаюць кветкі. У рабочым пасёлку ёсць і добраахвотнікі, якія па ўласнай ініцыятыве наведваюць воінскія пахаванні.

    Кожны год на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці краіны на мемарыяльным комплексе ў Ялізаве праходзяць мітынгі, на якіх ушаноўваецца памяць загінуўшых у час вайны землякоў, а таксама ўсіх, хто абараняў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. На такія мерапрыемствы нярэдка прыязджаюць і родныя байцоў, якія знайшлі спачын на ялізаўскай зямлі. На жаль, сведкаў тых падзей застаецца ўсё меней.

    Дарэчы, у Ялізаве пражывае адна з чатырох удзельнікаў вайны, што сёння жывуць на Асіповіччыне, — былая партызанка Станіслава Кутнікава. Яшчэ дзве ялізаўчанкі — Тамара Ефімец і Яўгенія Клепча — зусім маленькімі спазналі вайну ў самых страшных яе праяўленнях. Дзяўчынкам не было і дзесяці гадоў, калі яны трапілі за калючы дрот, стаўшы фашысцкімі вязнямі. Нямала такіх, хто ведае пра вайну па расказах сваіх бацькоў. А юнае пакаленне знаёміцца з падзеямі тых вогненных гадоў у сярэдняй школе. Подзвіг нашых бабуль і дзядуляў павінен жыць у сэрцах і назаўсёды застацца ў памяці ўдзячных нашчадкаў.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее