Без цыгарэт горш не стане
Курэнне абцяжарвае захворванне на каранавірусную інфекцыю, пагаршае яго наступствы. Любы чалавек, які курыць пяць-шэсць гадоў, як мінімум мае хранічны бранхіт. А пры наяўнасці хранічнага бранхіту рызыка атрымаць пнеўманію ўзрастае ў некалькі разоў. Тыя, хто курыць, у большасці сваёй маюць паніжаны імунітэт. У іх арганізме выпрацоўваецца дадатковая слізь, якая забруджвае лёгкія яшчэ больш. У іх таксама мутуюць імунныя клеткі. І гэта прыводзіць да таго, што яны часцей заражаюцца вірусамі.
Рызыка развіцця вірусных захворванняў у вейпераў пакуль не вывучана ў належнай меры. Аднак, паводле даследаванняў біёлагаў, ужыванне электронных цыгарэт душыць актыўнасць імуннай сістэмы ў клетках носа нават больш, чым курэнне.
Напрамую звязваць курэнне з рызыкай захварэць COVID-19 не варта, аднак факт таго, што гэтая звычка наносіць значную шкоду імуннай сістэме, ужо сведчыць аб павышэнні шанцаў заразіцца каранавіруснай інфекцыяй.
Алкаголь — толькі для дэзынфекцыі рук
Шукаць выратаванне ад каранавіруса ў алкаголі таксама не мае сэнсу: спіртазмяшчальныя напоі здольныя шкодзіць клеткам арганізма, тым самым павялічваючы рызыку пранікнення віруса. Акрамя таго, свае карысныя ўласцівасці губляюць медыкаменты, якія вы п’еце на пастаяннай аснове або ў якасці прафілактыкі каранавіруса. Калі колькасць алкаголю, які выпіваецца за суткі, значная, прэпараты будуць цалкам блакіраваныя спіртам і прадуктамі яго распаду. Частка алкаголю будзе таксама выходзіць праз лёгкія, што ў сукупнасці з курэннем робіць іх вельмі ўразлівымі. Такім чынам, ужыванне алкаголю адназначна пагаршае цячэнне інфекцыйнага захворвання.
Адзінае, для чаго можа быць карысны спірт, — гэта дэзынфекцыя рук і паверхняў. Аднак і тут важна ведаць меру, каб скура не высахла і не пакрылася дробнымі траўмамі.
Лішні тлушч перашкаджае імунітэту
Нездаровая ежа сур’ёзна павялічвае рызыкі заражэння COVID-19. З рацыёну лепш вы-ключыць прысмакі, кандытарскія вырабы, сухафрукты, цукар і іншыя хуткія вугляводы. Таксама варта ўстрымлівацца ад ужывання вэнджаніны, смажанай ежы і фастфуду. Гэтыя прадукты заўсёды не вельмі карысныя, а ў перыяд эпідэміі — проста смерць для імуннай сістэмы. Усё вышэйпералічанае прыводзіць да запалення ўнутры цела, забівае наша “войска” па абароне ад віруса.
Таксама варта піць дастаткова вады, каб засцерагчы слізістыя і дыхальныя шляхі ад высыхання: гэта палягчае пранікненне вірусаў у арганізм. Не варта забываць і аб фізічных нагрузках: любы лішні тлушч вельмі перашкаджае імунітэту паўнавартасна працаваць.
Святлана Шаўлюга, інструктар-валеолаг аддзялення прафілактыкі райпаліклінікі.