16.1 C
Осиповичи
Среда, 25 мая, 2022
Еще

    Обряды Дарагановщины

    Популярное

    Асiповiцкi Крайhttp://gzt-akray.by
    Издание существует с 1931 года. Сегодня "Асіповіцкі край" выходит дважды в неделю по вторникам и пятницам. Тираж - около 5 тыс. экземпляров. Приоритетная тема для журналистов "районки" - жизнь Осиповщины: люди, работа предприятий и организаций, массовые мероприятия и многое другое. Оставайтесь с нами!

    “З лёгкім дымком хай усе грахі павыходзяць”

    Абрад ”Дзяркач” арганізоўваўся на Хрышчэнне ў вёсках Краі, Сялец, Халькі і Дараганава і запісаны са слоў яго ўдзельнікаў. Праводзіўся ён толькі сярод членаў сям’і непадалёку ад дома, дзе яны пражывалі: або на выгане, або на скрыжаванні дарог, а калі-нікалі — у печцы.

    Раніцай на Хрышчэнне ўсе члены сям’і ішлі ў царкву, маліліся і прычашчаліся. Па вяртанні з храма, перш чым пераступіць парог дома, старэйшы з мужчын (бацька ці дзед) наносіў сажай асвячонай свечкі крыжыкі і елачкі на вушаках уваходных дзвярэй і ў доме над вокнамі, а таксама ля ўсіх выхадаў з дома, адтулін і праёмаў звонку. Крыж сімвалізаваў свайго роду абарону, а елачкі — наступіўшы новы год. Свечкі, прынесеныя з царквы, запальвалі і ставілі ў хаце.

    У доме Анастасіі Якаўлеўны Кірдун з Краёў была традыцыя капціць крыжы на вушаках дзвярэй і акон свечкамі, запаленымі пад час чытання 12 Страсных Евангелляў.

    Венік, калі ён знасіўся, нельга было проста так спаліць ці выкінуць. У другой палове дня, пад вечар, тыя сем’і, якія жылі каля выгана, ішлі туды, а са старога веніка выдзіралі пруты і выстаўлялі такім чынам, каб утварылася кола. Дубцы веніка падпальвалі агнём ад свечак, што прынеслі з царквы. Унутры гэтага вогненнага кола ў выглядзе невялічкага вогнішча складвалі галінкі, трэскі, проста смецце, каб лягчэй было падпаліць. У полымя кідалі зношаны венік-дзяркач і ўсё, на чым на працягу года “награшылі”. Звычайна гэта маглі быць грахі, звязаныя з дамашняй працай, калі ў дні царкоўных свят або ў нядзелю па забыўлівасці ці неабходнасці хтосьці шыў, цыраваў, вышываў, вязаў, калоў лучыну, стругаў, піліў — карацей, парушыў забарону працаваць. Часам жыццёвыя абставіны складваліся так, што выканаць нейкую работу было проста неабходна. Напрыклад, накласці латку на парваную штаніну, зашыць сарочку, прышыць гузік, нешта зацыраваць у адзін з асноўных дванаццаці гадавых царкоўных свят. Вось і кідалі ў вогнішча кавалачак кудзелі ці палатна, трэску ці гузік, пер’е або іншыя прадметы ўмоўнага свайго граху. Пры гэтым той, хто кідаў, прыгаворваў тры разы: “Агонь, спалі з мяне ўсе грахі вольныя і нявольныя, дай мне сілы і здароўя”, “Што за год награшылася, няхай на апошнім дубе завершыцца”. Калі вогнішча прагарыць, усе члены сям’і вярталіся дамоў з песняй “Добры вечар таму…”. У гэтым шэсці не ўдзельнічалі малалетнія дзеці.

    Калі дом, у якім пражывала сям’я, знаходзіўся далёка ад выгана, але побач было скрыжаванне дарог, гэты абрад рабілі на скрыжаванні. Спальванне веніка праводзілі і ў печцы, куды таксама кідалі зношаны дзяркач і ўсе прадметы ўмоўнага свайго граху, прыгаворваючы пры гэтым: “З лёгкім дымком хай усе грахі павыходзяць”.

    Абрад запісаны са слоў:

    Ларысы Сідараўны Стоцкай, 1938 года нараджэння, ураджэнкі вёскі Сялец, цяпер пражывае ў Дараганаве. Абрад праводзіўся ў яе сям’і;

    Анастасіі Якаўлеўны Кірдун, ураджэнкі Краёў. Абрад праводзіўся ў сям’і. Пра яго расказала яе дачка Святлана, якая жыве ў Мінску, яна сама ўдзельнічала ў абрадзе;

    Марыі Андрэеўны Кірдун, ураджэнкі вёскі Краі. Пра абрад паведаміла яе дачка Валянціна, якая жыве ў тым жа населеным пункце. Абрад праводзіўся ў іх сям’і;

    Ганны Фёдараўны Кузьміч, 1922 года нараджэння, ураджэнкі вёскі Сялец. Пра абрад ведае ад сваёй бабулі і сама ўдзельнічала ў ім;

    Соф’і Сямёнаўны Цераш, 1937 года нараджэння, ураджэнкі вёскі Сялец, зараз пражывае ў вёсцы Птушычы. Абрад праводзіўся ў іх сям’і;

    Марыі Паўлаўны Дзямянік, 1943 года нараджэння, ураджэнкі вёскі Сялец. Абрад праводзіўся ў сям’і;

    Марыі Андрэеўны Кузьміч, 1931 года нараджэння, вёска Халькі. Абрад праводзіўся ў яе сям’і. Песня “Добры вечар таму…” і прыгавор “Што за год награшылася, няхай на апошнім дубе завершыцца” запісаны з яе слоў;

    Ніны Барысаўны Міхадзюк, 1933 года нараджэння, ураджэнкі вёскі Сялец. Абрад праводзіўся ў сям’і. Прыгавор “Агонь, спалі з мяне ўсе грахі вольныя і нявольныя, дай мне сілы і здароўя” запісаны з яе слоў;

    Галіны Аляксееўны Зык, 1931 года нараджэння, вёска Халькі. Абрад праводзіўся ў яе сям’і, і праводзіць яго яна цяпер у вёсцы Дараганава, дзе пражывае. Пастаянна напамінае сям’і сына напярэдадні Хрышчэння, каб не забылі правесці абрад. Прыгавор: “З лёгкім дымком хай усе грахі павыходзяць” запісаны з яе слоў.

    Валянціна Аўдзейчык, кіраўнік Дараганаўскага школьнага комплекснага краязнаўчага музея.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее