27.6 C
Осиповичи
Среда, 29 июня, 2022
Еще

    Дричинский сельсовет. Трудоустройство

    Популярное

    Праект «Саветы за работай»

    Наяўнасць работы — ужо вялікі плюс

    Працаўладкавацца ў райцэнтры бывае няпроста, асабліва людзям, якія маюць не вельмі распаўсюджаную прафесію. А што ж казаць пра невялікія населеныя пункты, да таго ж аддаленыя ад горада, дзе колькасць рабочых месцаў зусім абмежаваная?

    Гэта праблема хвалюе не толькі людзей, якія па нейкіх прычынах пазбавіліся работы, але і прадстаўнікоў мясцовай улады. Старшыня Дрычынскага сельвыканкама Мікалай Яромаў зацікаўлены ў тым, каб усе працаздольныя жыхары дзесяці населеных пунктаў, што знаходзяцца на падуладнай яму тэрыторыі, мелі работу. Бо праца — гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні, вера ў сябе, стабільнасць, павага ў сям’і, складнік годнага жыцця. Дарэчы, Мікалай Ягоравіч — узорны старшыня сельсавета: гаспадар, чалавек, які сэрцам прырос да сваёй малой радзімы, праклаў сцяжынку да душы кожнага земляка, ведае, чым жывуць насельнікі, што іх хвалюе. І калі пра кагосьці запытаць, абавязкова падрабязна раскажа. Валодае і агульнай інфармацыяй. Ён паведаміў, што на тэрыторыі Дрычына і прылеглых населеных пунктаў знаходзіцца 608 домаўладанняў, з іх 274 жылыя, 300 выкарыстоўваюцца як дачы. Пастаянна пражывае тут 531 чалавек, з іх 293 працаздольнага ўзросту. Налічваецца 182 пенсіянеры, 56 дзяцей. Ёсць і незарэгістраваныя грамадзяне, большасць якіх са сталіцы і Мінскай вобласці.

    — Важны напрамак дзейнасці сельсавета — укараненне на тэрыторыі дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, — тлумачыць старшыня. — Установы вытворчай і сацыяльнай сфер, якія знаходзяцца на тэрыторыі, дазваляюць забяспечыць асноўныя нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў.

    Але працоўных месцаў тут на ўсіх не хапае. Справа ў тым, што сельгаспрадпрыемствы, на якіх працавала 140 чалавек, некалькі гадоў таму скончылі сваю дзейнасць. Было ўтворана таварыства з абмежаванай адказнасцю “Сельгасінвест”, штат якога налічвае 70 чалавек. Акрамя яго, на тэрыторыі Дрычынскага сельсавета працуюць лясніцтва, кацельня УКП ЖКГ, па дзве клубныя ўстановы і бібліятэкі, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, аддзяленне сувязі, комплексна-прыёмны пункт. Пяць чалавек з’яўляюцца сацыяльнымі работнікамі. Ніякіх новых рабочых месцаў апошнім часам не стваралася, а вось аддзяленне “Беларусбанка”, наадварот, было ліквідавана.

    Куды ж працаўладкаваліся людзі, якія засталіся без работы? Чалавек сем ездзіць на заробкі ў Расію, працуюць вахтавым метадам. А частку Мікалай Яромаў, выкарыстаўшы суседства са Старадарожскім раёнам, “прыстроіў” у гаспадаркі Мінскай вобласці. 15 каштоўных для сельгаспрадпрыемстваў работнікаў — механізатары, аператары машыннага даення, спецыялісты — ездзяць цяпер на работу ў ААТ “Залужжа”, “Профіт-Агра”, “Шчыткавічы”. Дастаўку ажыццяўляе транспарт гаспадарак.

    Садзейнічае мясцовая ўлада знаходжанню і часовых заробкаў для тых, хто не мае пастаянных. Напрыклад, летам і ўвосень накіроўваюць на збор грыбоў ды ягад, вясной — на пасадку лесу, зімой — збор шышак. Каля дзясятка чалавек гэтым і жыве.

    За мінулы год было праведзена дзесяць пасяджэнняў ГПАП, на якіх разглядаўся лад жыцця 37 грамадзян. Па іх выніках было накіравана на працаўладкаванне дзевяць, двое з якіх займелі рабочае месца. Зараз у банку даных 24 чалавекі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, а таксама людзі, якія вярнуліся з турмы. Гэты кантынгент знаходзіцца ў групе рызыкі па працаўладкаванні: судзімых не хочуць прымаць на работу, а пітушчыя доўга на ёй не затрымліваюцца. Мікалай Ягоравіч узгадвае выпадак, калі завёз на АЗАА аднаго з такіх прэтэндэнтаў, яго прынялі, але хутка звольнілі, бо на вытворчасці чалавеку ў падпітку, вядома ж, не месца. Не раз дастаўляў старшыня сваіх беспрацоўных на медкамісію, неабходную для выхаду на работу, даводзілася і кадзіраваць ад алкагалізму. Двое такіх зараз працуюць у Расіі і вельмі ўдзячныя, што своечасова ім працягнулі руку дапамогі.

    — Галоўнае, каб чалавек імкнуўся да прыстойнага жыцця, жадаў працаваць, забяспечваць сям’ю, — рэзюмуе старшыня. — А калі хто саступіўся ці трапіў у цяжкае становішча — заўсёды дапаможам.

    Радуе прадстаўніка мясцовай улады і тое, што знайшоўся ініцыятыўны прадпрымальнік, які пажадаў выкупіць будынак былой сталовай і адрамантаваць яго, каб адкрыць кафэ. Месца ўдалае, таму справа павінна пайсці, а гэта значыць, з’явяцца новыя рабочыя месцы, насельніцтва атрымае дадатковыя паслугі, а калі і госці завітваць пачнуць — гэта толькі плюс, бо населеныя пункты павінны жыць.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее