15.9 C
Осиповичи
Пятница, 1 июля, 2022
Еще

    Осиповчане, которые приятно удивили в 2021-м году

    Популярное

    Ведай нашых!

    Чарговы год завяршае свой ход, каб, як і іншыя, адысці ў гісторыю. Зараз гадзіннік адлічвае апошнія яго гадзіны, а кожны з нас міжволі ўспамінае, чым гэты адрэзак часу быў адметны. А было, калі добра пакапацца ў памяці, нямала.

    У сённяшнім святочным выпуску хочацца ўзгадаць некаторых землякоў, якія прыемна здзівілі і ўразілі сваімі поспехамі.

    Дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Антаніна Сцяпанава сёлета арганізавала ўжо традыцыйныя Магдаленаўскія чытанні ў прынцыпова новай форме. На гэты раз стацыянарная сустрэча выйшла за межы звыклай гутаркі літаратараў і чытачоў. Суполка неабыякавых людзей адправілася ў аўтамабільнае падарожжа па месцах, звязаных з жыццём і творчасцю знакамітай мецэнаткі, якое пачалося ў вёсцы Дуброва, а далей ляжала праз Мінск на Уздзеншчыну. Вандроўка стала першай, але яна мае ўсе шанцы ператварыцца ў турыстычны маршрут, які пазнаёміць удзельнікаў з гісторыяй Асіповіччыны і іншых рэгіёнаў Беларусі.

    Даволі незвычайны праект Алены Ерашэвіч прыемна здзівіў наведвальнікаў яе выставы, чытачоў нашай газеты і меў рэзананс у фотасуполцы ўсёй краіны. Нагадаем: вядомы асіповіцкі фотамастак арганізавала выставу “Фэшн: Прыгажосць і стыль”, а яе мадэлямі на гэты раз сталі работнікі сельгаспрадпрыемстваў з Пратасевіч, Орчы, Каменіч.

    У кампаніі фатографа тварылі стыліст, візажыст, цырульнік і іншыя спецыялісты. Грандыёзныя пераўтварэнні, якія адбыліся з сельскімі працаўнікамі, спадабаліся ўсім. У 2022 годзе будзем чакаць новых творчых праектаў і ўдалых знаходак!

    101 год адзначыла летам асіпаўчанка Таісія Каваленка. Шмат гадоў прысвяціла яна ахове здароўя землякоў і выхаванню немаўлят. У 1944 годзе, як толькі горад вызваліўся ад акупацыі, дзяўчына стала працаваць медсястрой інфекцыйнага аддзялення. Змагалася з дыфтэрыяй, сыпным і брушным тыфам, кішэчнымі інфекцыямі, рабіла прышчэпкі. У навакольныя вёскі дабірацца даводзілася сваім ходам, працавала ў эпідачагах, выратавала шмат людзей. А затым перайшла ў яслі і гадавала малых. 2 дачкі, 11 унукаў, 10 праўнукаў і 3 прапраўнукі — гэта яе ўласны набытак.

    Да нядаўняга часу жыхарка вёскі Углата Таццяна Кунцэвіч была адзінай прадстаўніцай цудоўнага полу ў вялікай сям’і. А яе мужу Дзмітрыю спакойна можна было арганізоўваць футбольны матч ва ўласным падворку: каманда з васьмі сыноў, старэйшаму з якіх 17 гадоў, ахвотна падтрымала б такую прапанову. Але нядаўна сям’я ў чарговы раз папоўнілася, і цяпер бацькі гадуюць і маленькую дачушку, якую ўсе вельмі чакалі. Іх радасць падзяляе і бабуля. Яна адзначыла, што сям’я сына — гэта і яе сям’я, а нявестка стала сапраўднай дачкой, пра якую яна клапоціцца, як пра ўласную.

    Хто-небудзь атрымоўваў у падарунак да дня нараджэння новы дом? Не ўзгадваеце такога выпадку? А вось юны жыхар Вяззя Багдан Бегункоў на сваё 9-годдзе стаў уладальнікам уласнага дома. Праўда, сезоннага. Бо, як зайка ў казцы, апынуўся ў ледзяной хатцы. Але, у адрозненне ад вушасціка, зусім не засмуціўся, а наадварот узрадаваўся такой прыгодзе. Дарэчы, ён сам дапамагаў тату ў будоўлі дома, у якім затым кожны дзень гуляў, а любячыя бацькі дапамагалі хлопчыку прыдумваць усемагчымыя забавы. Вось гэта канікулы атрымаліся! Не хочаце паспрабаваць?

    100 балаў па адной з дысцыплін цэнтралізаванага тэсціравання набраць удаецца далёка не кожнаму. Сёлета парадавала сваіх настаўнікаў, родных, а таксама ўвесь райаддзел па адукацыі выпускніца Ліпенскага вучэбна- педагагічнага комплексу Кацярына Астраух. Яна набрала 100 балаў па біялогіі, 98 — па хіміі і 91 — па рускай мове. Заканамернай адзнакай ведаў стаў і залаты медаль, які быў уручаны дзяўчыне. З трывалымі ведамі Каця ўпэўнена здзейсніла сваю мару: стала студэнткай медуніверсітэта. Дарыць людзям шчырыя ўсмешкі — гэта хутка стане яе прафесіяй, бо Каця вучыцца па спецыяльнасці “стаматалогія”.

    Гісторыю адукацыі ў Дараганаўскім краі сабраў педагог, краязнаўца і сапраўдны патрыёт Мікалай Тамашоў. І атрымалася праца даволі ўнушальных памераў з багатым фотаматэрыялам. Гэтаму папярэднічалі дні і гадзіны, праведзеныя ў архівах, бібліятэках, рэдакцыях нашага і суседняга Старадарожскага раёна, да якога Дараганава пэўны час адносілася. Тысячы дакументаў перагледжана-перачытана, з дзясяткамі людзей праведзены сустрэчы-гутаркі. Затое цяпер кожны можа даведацца пра тое, як прыйшла асвета ў канкрэтны населены пункт паўднёвай часткі раёна, і атрымаць прыблізную карціну развіцця сістэмы адукацыі на Асіповіччыне ў цэлым.

    Мільён кіламетраў — гэта шмат? Уявіць такую адлегласць наўрад ці атрымаецца. А вось для Аляксандра Высоцкага гэта не лінейная велічыня: яна вымяраецца колькасцю адпрацаваных гадоў, перавезеных пасажыраў і грузаў. Нагрудны знак “За безаварыйны прабег на лакаматыве 1 000 000 кіламетраў” ён атрымаў сёлета як напамін і падзяку за добрасумленную працу і адданасць справе, якая для яго, можна сказаць, фамільная: дзед, бацька, дзядзька, два сыны — усе паездзілі не толькі ў вагонах цягнікоў, але і ў лакаматывах.

    Наталля Гоціна вырасла ў Радуцічах, а затым атрымала адукацыю і пасялілася ў горадзе. Доўгі час настаўнічала, узначальвала адну са школ. Але ніколі не парывала сувязі з роднай вёскай. І калі пайшла на пенсію, канчаткова перабралася на малую радзіму. Але толькі не для таго, каб там адпачываць: сапраўдныя вяскоўцы жывуць працай. А Наталля Уладзіміраўна дбае не толькі аб уласнай сядзібе. Населены пункт для яе — гэта агульны дом, аб якім неабходна клапаціцца. Дзякуючы намаганням такіх нераўнадушных сялян — а іх у Радуцічах нямала, — у вёсцы з’явіліся дзіцячая пляцоўка, ліпавая алея, кветнікі, рэгулярна праводзяцца суботнікі, даглядаюцца могілкі. Людзі ладзяць сумесныя святы, арганізоўваюць канцэрты.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее