-4.5 C
Осиповичи
Суббота, 3 декабря, 2022
Еще

    Из опыта работы Дарагановского сельсовета

    Популярное

    Праект «Саветы за работай»

    Што кіруе гэтымі людзьмі?

    Іна Заскевіч.

    i.zaskevich@gzt-akray.by

    Важны напрамак работы сельвыканкама — арганізацыя работы мясцовага самакіравання. Вопытам дзейнасці па азначанай тэме дзеліцца старшыня Дараганаўскага сельсавета Тамара Валадзько:

    — Як сказана ва Указе Прэзідэнта краіны № 21 “Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”, асноўная адказнасць за рэалізацыю палітыкі дзяржавы ўскладаецца на мясцовыя органы ўлады. Пытанні сацыяльнай абароны насельніцтва, меры па яе паляпшэнні, а таксама чалавек з яго праблемамі і клопатамі знаходзяцца пад пільнай увагай Савета дэпутатаў, выканаўчага камітэта, разглядаюцца на сесіях і пасяджэннях.

    Але сёння ў штаце нават самых буйных сельсаветаў знаходзіцца толькі 2-3 чалавекі. Якім чынам яны могуць сачыць за парадкам на ўсёй тэрыторыі — а гэта 12-15 населеных пунктаў, якія размешчаны ў радыусе 10-15 кіламетраў ад адміністрацыйнага будынка мясцовага органа ўлады, — своечасова адгукацца на патрэбы насельніцтва? Вось тут і прыходзяць на дапамогу нашы актывісты.

    У сваёй рабоце Дараганаўскі сельсавет пастаянна апіраецца на падтрымку органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, а сем стараст і тры вулічкамы з’яўляюцца незаменнымі памочнікамі ў рашэнні задач жыццезабеспячэння насельніцтва. У складзе актыву ёсць тыя, хто працуе ў сацыяльнай, вытворчай сферах, сельскай гаспадарцы, а таксама пенсіянеры, якія раней жылі ў горадзе, а потым вярнуліся ў бацькоўскія хаты. Менавіта яны і складаюць большасць. Як правіла, гэта людзі, да якіх усе ставяцца з вялікай павагай, а тыя ў сваю чаргу — з патрэбнай адказнасцю да даручэнняў аднавяскоўцаў.

    Спачатку ў баяздольнасць гэтай “арміі” на месцах мала хто верыў. Але аказалася, што многія ўзяліся за справу з нежартоўнай энергіяй і ўпартасцю. Яны — і мясцовая гарачая лінія, і хуткая дапамога, і праваднік інфармацыі насельніцтву.

    Сёння старасты і старшыні сельскіх камітэтаў уваходзяць у склад аглядавай камісіі, створанай пры сельскім выканкаме,   удзельнічаюць у пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы правапарадку.

    Прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання шмат увагі надзяляюць абнаўленню аблічча малых населеных пунктаў. З задавальненнем уносяць свой пасільны ўклад у добраўпарадкаванне малой радзімы.

    Сёлета ў рамках мясцовай ініцыятывы з лірычнай назвай “Як прысніцца Лука, рэчка Пціч і туман, значыць трэба душы падлячыцца ад ран…” жыхары ўзгаданага населенага пункта з вялікім жаданнем і натхненнем працавалі на добраўпарадкаванні зоны адпачынку на беразе ракі Пціч, а таксама займаліся навядзеннем парадку на грамадзянскіх могілках і воінскіх пахаваннях, якія знаходзяцца ў вёсцы. Вынікам іх работы стала сумеснае незабыўнае свята “Купалле”, якое правялі работнікі Радуціцкага сельскага клуба.

    Дарэчы, святы вёсак апошнім часам трывала ўвайшлі ў практыку арганізацыйна-масавай работы нашага сельсавета. Па ініцыятыве жыхароў пры падтрымцы самадзейных артыстаў узгаданага Радуціцкага, а яшчэ Каўгарскага клубаў практычна ва ўсіх нашых вёсках на працягу апошніх гадоў адбыліся такія ўрачыстасці, на іх запрашаліся ўраджэнцы населеных пунктаў-імяніннікаў. Арганізоўвалі конкурсы на лепшае домаўладанне і прыдамавую тэрыторыю, адзначалі юбіляраў, старэйшых жыхароў… Па выніках такіх свят пішам гісторыю кожнай нашай вёсачкі, а разам з тым і сельсавета ў цэлым.

    Ініцыятарам штогадовага свята вёскі Краі стаў выхадзец з гэтага населенага пункта, а цяпер мінчанін Анатолій Сударыкаў; пад непасрэдным патранатам былога старшыні райсавета дэпутатаў Аляксандра Пузіка праходзіць свята Мязовіч; Аляксандр Караткевіч і былы жыхар Лукі, а зараз кіеўлянін Мікалай Маісейка сталі ініцыятарам і спонсарам свята сваёй малой радзімы; стараста Птушыч сумесна з жыхарамі вёскі наладзіла ўрачыстасць у населеным пункце.

    Не толькі святамі жывуць землякі. Старасты Птушыч і Крынкі Іна Неплашанава і Валянціна Грыбенік арганізавалі суботнікі на грамадзянскіх могілках з удзелам жыхароў гэтых і іншых населеных пунктаў.

    Радуціцкі сельскі камітэт неаднаразова станавіўся пераможцам не толькі раённага, але і абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы. Сёлета прыняў удзел у абласным спаборніцтве сацыяльных праектаў. І даволі ўдала. Сумесны сацыяльны праект дэпутата раённага Савета дэпутатаў Ірыны Сяргейчык і селькама “Жыві, квітней, вёсачка родная” адзначаны ў ліку пераможцаў. На тэрыторыі каля сельскага клуба ўстаноўлены спартыўны гарадок для дзяцей і моладзі, а таксама будзе абсталявана сцэна для правядзення масавых мерапрыемстваў. У авангардзе ўсіх добрых спраў у вёсцы старшыня селькама Наталля Мельнік, Раіса Васільева, Наталля Гоціна, Вікторыя Паўлава, дэпутаты сельскага Савета Алена Ерко і Надзея Мельнік, іншыя. Дарэчы, на працягу многіх гадоў у Радуцічах праводзяцца масавыя мерапрыемствы, такія як свята вёскі “Мой дварочак, як вяночак”, “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”, “Куточак, сэрцу дарагі”, “Сябрына на Садовай”, экалагічныя акцыі “Зробім прыгажэйшай вёску нашу”, “Бераг дзяцінства”, “Ліпавая алея”…

    Радуе, што ў кожным населеным пункце ёсць людзі, гатовыя падставіць плячо, прыйсці на дапамогу мясцовай уладзе ў выкананні тых ці іншых задач.

    Што кіруе гэтымі людзьмі? Упэўнена, што не толькі на тэрыторыі даверанага мне сельсавета ёсць шмат землякоў, гатовых, адклаўшы ўласныя клопаты, жыць для іншых. Яны жадаюць рабіць дабро, дапамагаць дзеля самой дапамогі, за якую — чаго граху таіць — не кожны і дзякуй скажа, але мясцовай уладзе без такіх памочнікаў не абысціся. Нізкі ім паклон і шчырая ўдзячнасць!

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее