-4.5 C
Осиповичи
Суббота, 3 декабря, 2022
Еще

    «Каласок» вырасціў важкі ўраджай

    Популярное

    Узрост 50 гадоў — нязвыклы для такога кшталту ўстановы, бо большасць яе насельнікаў мае 3-6 гадоў ад роду. І тым не менш менавіта паўвекавы юбілей адзначылі ўчора яслі-сад № 7 «Каласок».

    Сваё імя дашкольная ўстанова атрымала нездарма: яна была пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю разам з камбінатам хлебапрадуктаў, на балансе якога потым і знаходзілася на працягу трох дзясяткаў гадоў. І, безумоўна, большасць татаў і матуль былі заняты на перапрацоўчым прадпрыемстве, што дазваляла мець цесныя стасункі педкалектыву з бацькамі.

    Важнымі вяхамі ў жыцці «Каласка» сталі 2001 год, калі ён, як і іншыя дзіцячыя ўстановы, быў пераведзены ў ведамства раённага аддзела адукацыі, і 2009, у якім на базе ясляў-сада была створана дзяржаўная ўстанова адукацыі з правам юрыдычнай асобы.

    Сёння ў «Каласку», разлічаным на 110 месцаў, функцыянуе 6 груп, у ліку якіх 1 ясельная і 1 інтэграваная. З рабятамі працуюць 16 педагогаў, утульнасць ствараюць 20 чалавек тэхперсаналу.

    Падмурак сённяшняй матэрыяльнай базы, метадычнага патэнцыялу і ўласных традыцый стваралі тыя, хто з самага пачатку стаяў каля руля і каго ва ўстанове ўспамінаюць з удзячнасцю. Першым загадчыкам была Валянціна Кароткая, метадыстам Алена Курчэўская. 20 гадоў узначальвала ўстанову Валянціна Філімошына, намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці працавала Любоў Ігнацьева. А затым эстафету пераняла Алена Кобзар, якая зараз і з’яўляецца кіраўніком. Пэўны час на чале калектыву стаяла Анастасія Белая. Метадычную работу з педагогамі вядзе Святлана Вішнеўская. 2/3 педкалектыву маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі. Акрамя таго, што выхавальнікі і спецыялісты валодаюць высокім узроўнем падрыхтоўкі, большасць мае даволі вялікі вопыт работы. Ва ўстанове ганарацца музычным кіраўніком Яўгеніяй Лявонавай, кіраўніком фізвыхавання Святланай Суднік, выхавальнікамі Валянцінай Тарасевіч, Аленай Навумовіч. Да кожнага дзіцяці падбярэ ключык настаўнік-дэфектолаг Таццяна Заваруева, якая працуе ў інтэграванай группе з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафі-зічнага развіцця, а яе калега Аксана Кецкала з дапамогай аэрадызайну стварае дзівосныя кампазіцыі, чым заўсёды радуе і захапляе сваіх вучняў.

    Шмат робіцца ва ўстанове для стварэння адпаведнага прадметна-развіваючага асяроддзя, якое таксама выконвае педагагічныя функцыі. Сёлета, напрыклад, у двух групавых пакоях памянялі дзіцячую мэблю. Усталявалі новыя альтанкі на пляцоўках для гульняў. Набылі фізкультурнае абсталяванне. Для бяспекі дзяцей устанавілі камеры відэаназірання і так званую «трывожную кнопку».

    Улічваючы ўмовы пандэміі, многія мерапрыемствы педагогі пераносяць у анлайн-рэжым. Набылі тэлевізары, пад-ключылі іх да сеткі інтернэт, і зараз праводзяць віртуальныя экскурсіі па вуліцах і ўстановах горада, знаёмяць з яго гісторыяй і сучаснасцю.

    Адметных асаблівасцей у гэтай установы дашкольнай адукацыі нямала. Напрыклад, тое, што амаль 27% яе выхаванцаў — з мнагадзетных сямей. Быццам бы звычайная статыстыка, але яна сведчыць аб тым, што дзецям тут камфортна, таму бацькі, прывёўшы ў садок першынца, адпраўляюць сюды і малодшых сыноў і дачушак. А многія і ўнукаў — па пракладзенай сцежцы.

    Між тым у сацыяльным пашпарце не значыцца ніводнай сям’і, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

    На базе ясляў-сада «Каласок» працуюць тры метадычныя аб’яднанні. Педагогі павышаюць свой прафесійны ўзровень, удзельнічаючы ў вебінарах, праходзяць дыстанцыйна курсавую падрыхтоўку.

    Дарэчы, работа з бацькамі зараз таксама перамясцілася ў анлайн-фармат. Выхавальнікі стварылі групы ў месенджарах, дзе і абменьваюцца патрэбнай інфармацыяй, змяшчаюць відэаролікі.

    У бягучым навучальным годзе педкалектыў працуе над рэалізацыяй задач стварэння здароўезберагальнага асяроддзя, а таксама эстэтычнага развіцця дзяцей. Праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў. Рабяты ахвотна ўдзельнічаюць у спектаклях, сюжэтна-ролевых гульнях, тэматычных занятках, забавах, якія праводзяць з імі педагогі.

    А аб тым, што працуюць тут творчыя людзі, сведчаць і конкурсы, у якіх яны ўдзельнічаюць. Напрыклад, нядаўна выраблялі святочныя паштоўкі з дапамогай розных выяўленчых тэхнік. Кіраўнік установы з гонарам паведамляе, што творчы патэнцыял маюць не толькі педагогі. Так, памочнік выхавальніка Марына Шпаковіч славіцца сваімі інтэр’ернымі цацкамі, а яе калега Дар’я Дузбаева здымае цікавыя відэаролікі пра розныя віды дзіцячай дзейнасці, стала сааўтарам распрацоўкі інтэрактыўнай карты для абласнога конкурсу «Мая зямля — Прыдняпроўе». Раскрыем невялікі сакрэт: і на навагодніх ранішніках у ролі Дзеда Мароза выступае повар Алена Гідрыновіч. Словам, любы работнік можа рэалізаваць свае здольнасці і паказаць уменні. Нездарма многія робяць тут кар’ерны рост, вучацца і пераходзяць на іншую прыступку, асвойваюць новыя прафесіі, а некаторыя затым і займаюць кіруючыя пасады ўжо ў іншых установах.

    Гэты год знамянальны для «Каласка» не толькі тым, што ён адмераў паўвека існавання ўстановы. Роўна столькі ж адзначае яго загадчык Алена Кобзар, Святлане Суднік споўніцца 55, Валянціне Тарасевіч — 60, а былому загадчыку Валянціне Філімошынай — 70. Пра ўзрост жанчын, вядома, гаварыць не прынята. Але нягледзячы на тое, якія лічбы значацца ў пашпартах гэтых прадстаўніц цудоўнага полу, яны заўсёды будуць маладымі. Хіба ж можна пастарэць, калі кожны дзень сустракаеш дапытлівыя позіркі ясных вачанят, чуеш нечаканыя пытанні, недарэчныя прапановы, новыя словаўтварэнні, прызнанні ў любві, адчуваеш пазітыў і пяшчоту?

    Няхай жа «Каласок» і далей радуе бацькоў, а яго зярняты рассяваюцца затым па ўсёй краіне, забяспечваючы яе моцнымі прафесіяналамі і надзейнымі сем’янінамі!

     

    Предыдущая статьяКофе с ароматом радости
    Следующая статьяХто выхоўвае зайчыкаў?

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее