Вытворчасць
Шклатара — гэта нестарэючая класіка ўпакоўкі харчовых прадуктаў. І філіял “Ялізава” ААТ “Гродзенскі шклозавод” робіць усё, каб забяспечыць спажыўцоў якаснымі слоікамі ды бутэлькамі.
Катэгорыя якасці ў дачыненні да шкла, якое выпускаецца для патрэб харчовай прамысловасці, падкрэслена невыпадкова.
На прадпрыемстве строга кантралююцца ўсе параметры сыравіны і працэсу пераўтварэння яе ў гатовую прадукцыю, а кваліфікацыя работнікаў і ўжываемыя тэхналогіі вытворчасці адпавядаюць патрабаванням сістэмы ХАСПП — міжнародным нарматывам бяспекі ў вытворчасці прадуктаў харчавання.
Для беларусаў гэта важна, паколькі ялізаўскія шкларобы ў значнай ступені забяспечваюць патрэбы айчыннай кансервавай і лікёра-гарэлачнай вытворчасці. Прадпрыемства можа выпускаць звыш 100 відаў шклатары, і штогод тут распрацоўваецца 10-20 новых вырабаў. Як правіла, гэта робіцца па заказе кліентаў, жадаючых мець эксклюзіўную ўпакоўку.
За студзень-жнівень бягучага года філіялам выпушчана 52,6 тысячы тон прадукцыі. Сярод буйнейшых партнёраў можна назваць “Бульбашъ”, “Минск Кристалл Трейд”, “Белалко”, “Аквадив”, ляхавіцкі і гродзенскі кансервавыя заводы. Нягледзячы на ўсе складанасці ў знешнеэканамічных зносінах на міждзяржаўным узроўні, пазіцыі Ялізава застаюцца ўстойлівымі на рынках Літвы, Эстоніі, Польшчы, Украіны, Расіі: сюды накіроўваецца амаль 40% выпускаемай прадпрыемствам шклатары.
1 кастрычніка шклаварная печ цэха № 4 спынена для планавага рамонту, падчас якога будзе праведзена мадэрнізацыя сістэмы падачы цяпла. Для разумення сутнасці перамен і складанасці работы трэба зрабіць невялікі экс-курс у тэрмадынаміку. Было: полымя рушыць праз зону плаўлення шкла па кароткай траекторыі (упоперак). Будзе: за кошт рэалізацыі падковападобнага кірунку руху гарачы газ перадае шклу больш цяпла, так што энергаэфектыўнасць печы ўзрасце. Разам з укараненнем дадатковага электрападагрэву гэта дазволіць на чвэрць павялічыць карысны аб’ём печы пры змяншэнні патрэбы ў прыродным газе. Ну і бонусам ідзе адчувальнае ўзрастанне міжрамонтных інтэрвалаў.
Паралельна пачынаецца пераход цэха № 4 (тут выпускаюць слоікі) на тэхналогію выпуску аблегчанай шклатары. Такая тэхналогія летам мінулага года была асвоена ў цэху № 2 (бутэлькі) і дала абнадзейваючыя вынікі. Пры некаторым павышэнні якасці і захаванні дастатковай механічнай трываласці бутэлька важыць на 20 працэнтаў меней і, адпаведна, мае меншы сабекошт.
Трэба дадаць, што аблегчаную шклатару пакуль у нашай краіне ніхто не вырабляе, а попыт на яе расце. Так што ялізаўскія шкларобы збіраюцца атрымаць ад сваіх асаблівых магчымасцей максімум фінансавай выгады.
Хаця, канечне, спачатку трэба патраціць грошы, і немалыя. На рэалізацыю ўзгаданага праекта запланавана выдаткаваць каля 26 мільёнаў рублёў. Сума вялікая, але фінансавае становішча філіяла “Ялізава” ААТ “Гродзенскі шклозавод” устойлівае і прад-прыемства можа з упэўненасцю рабіць інвестыцыі ва ўласную будучыню. Надзейнае пацвярджэнне “эканамічнага здароўя” — сярэдні ўзровень заробкаў, які, па ёмкім выразе эканамістаў прадпрыемства, “імкнецца да сярэдняга агульнарэспубліканскага паказчыка”.
Прыстойны ўзровень аплаты працы і відавочныя перспектывы далейшага развіцця прыцягваюць на філіял якасныя працоўныя рэсурсы. Ну а тое, што пераважная большасць з 570 работнікаў — мясцовыя жыхары, сведчыць аб рэпутацыі прадпрыемства як надзейнага работадаўцы.
Для пасёлка Ялізава, дзе шклаварства існуе ўжо другое стагоддзе, гэта прынцыпова важны момант.