3.3 C
Осиповичи
Понедельник, 3 октября, 2022
Еще

    Как работает Вязовницкий клуб сегодня

    Популярное

    Клубная ўстанова

    Арыентацыя — на дзяцей

    Клубныя ўстановы ва ўсе часы накіраваны на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Таму апошнія два гады сталі свайго роду выпрабаваннем для работнікаў культуры: у сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй збіраць вялікую колькасць людзей у адным памяшканні забараняюць медыкі. І тым не менш прафесійных абавязкаў ніхто не адмяняў. Таму даводзіцца шукаць выйсце — і яно знаходзіцца.

    Так, Вязаўніцкі клуб, які ўзначальвае Жанна Ліхадзіеўская, перанёс усе мерапрыемствы ў рэжым open-air. Навагодняе свята, Каляды, Масленіца, Купалле — усё на свежым паветры. Дадаюцца нейкія новыя моманты, ствараецца адпаведны антураж — і звыклае свята набывае новае гучанне, праходзіць цікава, весела. Нават самім культработнікам спадабаўся такі фармат. Прыйшоўся ён па гусце і моладзі.

    Народны ансамбль народнай песні “Чыстыя крыніцы” пад кіраўніцтвам Алега Матусевіча таксама вёў сёлета актыўную канцэртную дзейнасць. Прадстаўнікоў старэйшага пакалення, ашчаджаючы іх здароўе, далучалі толькі да правядзення абрадаў, а мала-дзейшыя прымалі ўдзел у рэспубліканскіх фестывалях у Маладзечне, Александрыі, Бабруйску, выступалі на Дзень Незалежнасці ў райцэнтры, увайшлі ў лік пераможцаў конкурсу “Падняпроўскі гармонік”. Ездзілі з канцэртамі ў Карытнае, Радуцічы і Свіслач, выступалі ў Вяззі. У “Вязаўніцы-Агра” правялі “Зажынкі”. Адным словам, не сядзелі ў ізаляцыі.

    Нягледзячы на пільнае захаванне масачнага рэжыму і рэгулярныя дэзапрацоўкі, дзверы Дома культуры заўсёды адчынены для наведвальнікаў. Найбольш частыя госці ва ўстанове — дзеці. На іх робяць стаўку, бо гэта наша будучае. Няхай не ўсе застануцца ў сваёй вёсцы, але ж закладзенае ў дзяцінстве стане падмуркам у дарослым жыцці.

    У Доме культуры юным жыхарам Вязаўніцы прапануецца свабода выбару дзейнасці. Пераканаліся ў гэтым, пазнаёміўшыся з дзіцячымі работамі: малюнкі і фларыстычныя кампазіцыі, вырабы з прыроднага матэрыялу і ў тэхніцы канструявання з паперы. Бібліятэкар Ірына Дзяцел прымае рабят як добрая матуля: і чаем напоіць, і вучобай пацікавіцца, і мульцікі пакажа, і, безумоўна, новую кніжку прапануе. А дзеці ідуць туды, дзе ім рады. Самы актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах прымаюць менавіта яны. Эльвіра Зінавенка, Уладзіслаў Шусцік, Цімафей Каралёў, Ульяна Руха, Максім і Вадзім Мычко, Валянціна Папова, Эдуард і Энні Краўчук, Раман Добрыкаў, Сцяпан Маслоўскі, Васіліса Улянкова, Вікторыя Белякова, Раман Ліха-дзіеўскі — гэтых рабят часценька можна сустрэць ва ўстанове. Дыскаклуб, вакальны гурток “Усмешка”, дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва “Рукадзельніца”, выяўленчага мастацтва “У свеце фарбаў”, велапаходы па легендарных мясцінах на тэрыторыі свайго сельсавета — тут заўсёды прапануюць штосьці цікавае.

    Творчы калектыў шмат робіць для папулярызацыі роднай мовы і культуры. Праводзяць фальклорныя святы, сцэнарыі для многіх з якіх пішуць самі. Збіраюць вырабы мясцовых майстроў.

    І наогул кожная рэч тут знаходзіць сваё прымяненне. Хтосьці аддаў даўнія фарфоравыя лялькі — рэстаўрыравалі іх сваімі рукамі. Набылі саламяны куфэрак — ён стаў атрыбутам многіх свят.

    А яшчэ сёлета работнікі Дома культуры сталі практыкаваць правядзенне сямейнай гасцёўні, калі кожная сям’я расказвае пра свае традыцыі і захапленні. Напры-клад, некалькі пакаленняў сям’і Коўрык займаліся конегадоўляй, а малодшая з іх Надзейка, нават не ведаючы гісторыі сям’і, падсвядома малявала скакуноў розных масцей і парод, яе работы выстаўляліся ў бібліятэцы. Плануецца гэту форму практыкаваць і далей: яна садзейнічае ўмацаванню сямей і пашырэнню ведаў жыхароў пра сваіх землякоў.

    Расказваючы пра работу ўстановы, Жанна Уладзіміраўна гаворыць, што калектыў Дома культуры — гэта дружная каманда, у якой у кожнага ёсць свае абавязкі. Алег Матусевіч — адзіны ў раёне мужчына-культарганізатар. Ён не толькі можа правесці цікавае мерапрыемства, але і сам цудоўна спявае, іграе на музычных інструментах, а яшчэ займаецца добраўпарадкаваннем сваёй установы: лавачкі, арэлі, млын і іншыя драўляныя малыя архітэктурныя формы зроблены менавіта ім. Прыбіральшчыца Анжэла Маслоўская прымае ўдзел у фестывалях, дапамагаючы арганізаваць падворак, гатуе цудоўную выпечку. Бібліятэкар Ірына Дзяцел афармляе выставы і падбірае цікавы друкаваны матэрыял. Канцэртмайстар Сцяпан Саханчук дапамагае развучыць новыя песні. Пажылыя наведвальнікі ўстановы культуры дзеляцца каштоўнымі ўспамінамі, юныя — зараджаюць радасцю і аптымізмам. А ўсе разам робяць адну карысную справу.

    ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

    Пожалуйста, введите ваш комментарий!
    пожалуйста, введите ваше имя здесь

    Реклама

    Последнее