Шмат, больш і яшчэ болей
Летась ААТ “Гродзенскі шклозавод” філіял “Ялізава” выпусціў такую колькасць шклатары, што ёй можна агарнуць Зямлю па экватары. Ды яшчэ з пэўным запасам.
Калі ў больш звыклых вымярэннях, гэта будзе 111 мільёнаў умоўных слоікаў і 132 мільёны ўмоўных бутэлек. Разлік для спрашчэння вядзецца ў адзінках, прыведзеных да агульнага эквіваленту — паўлітровай ёмістасці. Хаця на самай справе асартымент празрыстай шклатары ялізаўчане выдаюць амаль што бязмежны. Яны могуць зрабіць усё, што нафантазіруюць заказчыкі: усе айчынныя прадпрыемствы па выпуску моцнай алкагольнай прадукцыі і кансерваў з садавіны і гародніны, шматлікія фірмы з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і Расіі. У тым ліку рыбаперапрацоўчыя: кансервы найвышэйшых гатункаў у Еўрасаюзе фасуюцца выключна ў экалагічна чыстую абарачальную шклатару.
Але далейшы лёс слоікаў і бутэлек, за якія спажыўцы разлічыліся, па вялікім рахунку для вы-творцаў неістотны. Іх клапоціць іншае: як забяспечыць рытмічны, у неабходных аб’ёмах і адпавядаючы патрабаванням рынку выпуск прадукцыі.
Летась ялізаўскі філіял працаваў фактычна на поўную магутнасць, якую дазваляў развіць тэхнічны стан шклаварных пячэй. У цэху № 2 гэтае вытворчае абсталяванне новае, і каэфіцыент карыснага дзеяння максімальны. А вось у цэху № 4 печ амаль выпрацавала рэсурс, і яе магчымасці былі адчувальна меншыя пашпартных. Для задавальнення існуючага попыту магутнасці хапіла, аднак гэтай восенню “чацвёртая” печ будзе выведзена з эксплуатацыі на чатыры месяцы для правядзення мадэрнізацыі. Перыядычныя перапынкі ў рабоце для шклаварных пячэй — норма, а вось поўная замена на прадпрыемстве пройдзе ўпершыню. Тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы: замест маральна састарэлай і на сёння неэканамічнай канструкцыі будзе ўстаноўлена самая сучасная — энергаэфектыўная. Прынцыповае адрозненне новага абсталявання ў значна большай раўнамернасці нагрэву шкламасы (у старой печы падача цяпла папярэчная, у новай — падковападобная з дадатковым донным электрападагрэвам). Вось толькі рэалізацыя больш дасканалага спосабу размеркавання тэмпературы патрабуе поўнага дэмантажу старой печы ды будоўлі новай з адпаведнай пера-планіроўкай вытворчай зоны цэха. Усё гэта настолькі складана і дорага, што на прадпрыемстве вырашылі «на запалках» не эканоміць і замяніць тут усё абсталяванне, якое таксама ўжо не зусім сучаснае. Пасля правядзення мадэрнізацыі цэх № 4 будзе адной з самых тэхнічна дасканалых шкларобчых вытворчасцей у СНД, так што бізнес-план інвестпраекта аптымістычны: пры прагназуемых зменах у кан’юнктуры рынку ўкладанні павінны акупіцца за 5-6 гадоў.
Што цікава, рэалізоўваць гэты праект ялізаўчане будуць за кошт уласных сродкаў і банкаўскага крэдыту: галаўное прадпрыемства прадстаўляе свайму філіялу досыць шырокую аўтаномію, пад-трымлівае ідэі, якія тут узнікаюць, і стварае мясцовым кадрам прастору для прафесійнага росту.
Напрыканцы мінулага года дырэктар філіяла “Ялізава” Дзяніс Юрчанка ўзначаліў ААТ “Гро-дзенскі шклозавод”. Па словах сённяшняга кіраўніка філіяла Алега Гербача, узгаданая падзея па-спрыяла ўмацаванню прафесійнага гонару ялізаўскіх шкларобаў. Такі настрой людзей важны, прычым і ў дачыненні якасці выпускаемай прадукцыі.
…Зрабіць шклатару, якая адпавядае дзяржаўнаму стандарту, — гэта, так бы мовіць, базавае па-трабаванне, з выкананнем якога ў Ялізаве цяжкасцей не ўзнікае: узровень прафесіяналізму персаналу, належны нагляд за абсталяваннем і працоўнай дысцыплінай, сертыфікацыя працэсу вы-творчасці па міжнародных галіновых стандартах забяспечваюць роўны ўзровень якасці вырабаў. Аднак спажыўцы часта жадаюць атрымаць штосьці асаблівае і для эксклюзіву распрацоўваюць уласныя тэхнічныя ўмовы. Яны заўсёды больш жорсткія, чым дзяржстандарты, і нярэдка якасць спецвырабаў пераўзыходзіць масавую прадукцыю ў некалькі разоў. А гэта ўжо зусім іншы ўзровень вы-творчасці, на якім тэхналогіі са-ступаюць дарогу чалавечаму майстэрству. Канечне, суперякасную прадукцыю не робяць уручную: задзейнічана звычайнае абсталяванне, толькі працуе яно значна марудней і наладжваецца асаблі-вым чынам — з абавязковым улікам вопыту і інтуіцыі майстроў-віртуозаў, накшталт намесніка дырэктара па вытворчасці Віктара Жэлабковіча. Улічваць даводзіцца столькі фактараў і ў такіх мудрагелістых прычынна-выніковых камбінацыях, што гэта становіцца вельмі падобным на мастацтва.
На прадпрыемстве любяць выконваць складаныя заказы. Але не з жадання паказаць, якія тут усе крутыя і таленавітыя. Усё проста і прагматычна: складаная работа больш прыбытковая. Майстэрства ў шкларобчай справе заўсёды акупляецца — гэта ведае кожны з 572 работнікаў філіяла.