Медыцына
Па выніках агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2020 год сярод раёнаў з насельніцтвам звыш 20 тысяч чалавек Асіповіцкая ЦРБ прызнана лепшай цэнтральнай раённай бальніцай Магілёўскай вобласці
Соф’я САВАЙТАН.
s.savaytan@gzt-akray.by
Дыплом I ступені ўпраўлення аховы здароўя абласнога выканкама і аблкамітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя — другі запар у скарбонцы нашых медыкаў, таму ўзнагарода яшчэ больш прыемная. Асабліва калі ўлічыць, што ЦРБ таксама адзначана Дыпломам рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2020 год, а многія асіповіцкія медыкі атрымалі ўзнагароды розных узроўняў. У прыватнасці, Падзякі міністра аховы здароўя ўдастоена ўрач анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Кацярына Міткевіч, Ганаровай граматы абласнога Савета дэпутатаў — урач лабараторнай дыягностыкі (загадчык) клініка-дыягнастычнай лабараторыі Антаніна Кандыба.
Як расказаў галоўны ўрач ЦРБ Павел Шаціла, пераможцы штогадовага агляду-конкурсу вызначаюцца па выніках выканання цэлага шэрагу паказчыкаў — мадэляў канчатковых вынікаў: іх каля 25, устанаўліваюцца яны Міністэрствам аховы здароўя. Гаворка, у першую чаргу, ідзе пра дэмаграфічныя паказчыкі (нараджальнасць, агульная смяротнасць, смяротнасць у працаздольным узросце, натуральны прырост насельніцтва), выхад на інваліднасць асоб працаздольнага ўзросту, блокі анкалагічных паказчыкаў і хвароб сістэмы кровазвароту, экспарт паслуг, забяспечанасць урачамі агульнай практыкі і інш. І па большасці дадзеных параметраў наша раённая медыцына перасягнула як сярэднеабласныя дасягненні, так і некаторыя рэспубліканскія кантрольныя лічбы.
— Несумненна, удасканаленне меддапамогі ў значнай ступені вызначаецца матэрыяльна-тэхнічнай базай, якая ў нас цяпер адна з лепшых сярод райбальніц вобласці. Але перакананы, што паўтарыць леташні поспех было б немагчыма без штодзённай і самаадданай працы калектыву, — падкрэсліў Павел Генадзьевіч. — І гэта высокая ўзнагарода па праве належыць усім тым, для каго праца ў сферы медыцыны — не проста прафесія: урачам і загадчыкам аддзяленняў, медсёстрам і фельчарам, санітаркам і абслуговаму персаналу, чые прафесіяналізм і вернасць справе дазволілі на высокім узроўні арганізаваць работу па аказанні кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, у тым ліку ўнеслі неацэнны ўклад у барацьбу з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі.