Коратка
446 вадзіцеляў летась падрыхтавала ДТСААФ. Катэгорыю А атрымалі 17 навучэнцаў, В — 187. Уладальнікамі катэгорыі С сталі 98 чалавек, у тым ліку 72 ваеннаслужачыя. Катэгорыю Е зараз маюць яшчэ 62 вадзіцелі, а шасцёра змогуць вадзіць аўтобусы. Упраўленню аўтамабілем з газавым абсталяваннем навучылі 55 кіроўцаў, а яшчэ 21 чалавек стаў вадзіцелем-“міжнароднікам”.
У лясах Асіповіччыны растуць практычна ўсе дрэвы, якія ёсць у краіне, за выключэннем, бадай, вольхі шэрай. Безумоўна, самая распаўсюджаная — сасна звычайная. Расце нямала елкі еўрапейскай, клёна вастралістага, бярозы звычайнай, ясеня звычайнага, ліпы драбналістай. Нярэдка можна сустрэць дуб чарэшчаты і чырвоны, граб, вяз шаршавы, асіну, вольху чорную. У невялікай колькасці — лістоўніца еўрапейская, піхта белая, а самы “малады” жыхар нашых лясоў — псеўдатсуга (хвойнае дрэва, падобнае на елку). У лясгасе ганарацца ляснымі масівамі, дзе сустракаецца адразу да 9 парод дрэў.
Падчас мэтавага комплексу прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні ДТЗ з удзелам нецвярозых вадзіцеляў, што праходзіў з 5 па 9 сакавіка, АДАІ РАУС папярэджана 113 правапарушэнняў, у тым ліку выяўлена 5 аўтааматараў без вадзіцельскага пасведчання, якія пакараны адміністрацыйна, і 1 — у стане ап’янення. Апошняга п’яным за рулём затрымалі паўторна на працягу года, таму ён падлягае крымінальнай адказнасці па арт. 317 КК, чыі санкцыі прадугледжваюць канфіскацыю аўтамабіля.