Чыгунка
Цягнік адправіцца, вакзал застанецца
Дзяжурны памочнік начальніка вакзала Алена Кашко ўзнагароджана Ганаровай граматай Беларускай чыгункі
Чыгуначны шлях Алены Дзмітрыеўны вымяраецца не ў кіламетрах, перагонах і станцыях, а ў гадах. І ён немалы: 32 гады бездакорнай працы.
Пачынала калісьці білетным касірам, затым стала дзяжурным па вакзале.
Сёння Алена Дзмітрыеўна — паважаны чалавек, які ахвотна дзеліцца вопытам з калегамі і перажывае за будучыню чыгункі.
Кожную змену яна шмат разоў выходзіць на перон, каб сустрэць і правесці кожны цягнік, што праходзіць праз станцыю. Адказвае за інфармаванне пасажыраў і сустракаючых аб прыбыцці таго ці іншага саставу. А яшчэ, як дбайная гаспадыня, сочыць за парадкам навокал. Дзякуючы наяўнасці сучаснай сістэмы відэаназірання, са свайго рабочага кабінета можа ўбачыць любую частку памяшкання вакзала і тэрыторыю, што знаходзіц-ца па яго перыметры. Гэта дапамагае своечасова адрэагаваць, калі ўзнікаюць якія інцыдэнты паміж тымі, хто па нейкіх прычынах аказаўся на вакзале. А сустракаецца тут розны люд. Бывае, што і сваркі ды бойкі спрабуюць учыніць або засынаюць проста на лаўцы ў непрытомным стане. Калі-нікалі пакідаюцца без нагляду рэчы або камусьці патрабуецца медыцынская дапамога. Усе гэтыя сітуацыі дзяжурны памочнік павінен тэрмінова “разруліць”, каб іншыя не адчувалі ніякага дыскамфорту. Адказвае і на пытанні пасажыраў, якія часта звяртаюцца да яе. Часцей за ўсё цікавяцца раскладам руху цягнікоў. Дарэчы, работнікі вакзала з задавальненнем паведамілі, што з 8 лютага пасля вымушанага перапынку аднавіліся рэйсы на Маскву. Цягнікі адпраўляюцца з Мінска, але многія набываюць білеты ў касах нашага вакзала.
— Работа ў Алены Дзмітрыеўны напружаная, аднак яна спраўляецца з ёй выдатна. Чалавек надзейны, адказны і сапраўдны прафесіянал, — зазначае начальнік вакзала Максім Лапко.