Хроніка здарэнняў
Супрацоўнікамі АДАІ РАУС з 1 па 7 лютага выяўлена 144 парушэнні ПДР. Прыцягнута да адказнасці 5 парушальнікаў правілаў перавозкі дзяцей, 2 “бяспраўнікі”, 1 вадзіцель у нецвярозым стане, 12 пешаходаў і веласіпедыстаў (пераважна за адсутнасць флікераў і асвятляльных прыбораў, рух па праезнай частцы вуліц).
Зарэгістравана 13 ДТЗ, з якіх 10 адбылося на шашы Мінск-Гомель падчас моцнага снегападу 4 чысла. Усе яны абышліся толькі механічнымі пашкоджаннямі і мелі агульную прычыну — няправільны выбар хуткаснага рэжыму ва ўмовах неспрыяльнага надвор’я.
Самае сур’ёзнае ДТЗ — апракідванне аўтапоезда каля п. Сасновы, вынікам якога стала перакрыццё палос руху і ўтварэнне затору.
Таксама зафіксаваны сляды як мінімум 4 сутыкненняў транспартных сродкаў з апорамі тросавай агароджы. У кожным выпадку вадзіцелі не сталі выклікаць ДАІ і паехалі далей, чым парушылі патрабаванне ПДР не пакідаць месца транспартнага здарэння, калі яго наступствам стала прычыненне маёмаснага ўрону. Караецца такое свавольства жорстка — вялікім штрафам ці нават пазбаўленнем правоў на 2 гады.
Аддзелам Дэпартамента аховы перасечаны дробны крадзеж і рабаўніцтва. Прыцягнуты да адказнасці 3 асобы, якія знаходзіліся ў месцах грамадскага карыстання ў стане алкагольнага ап’янення.
У РАНС паведамілі пра два пажары, якія адбыліся па невядомых прычынах.
3 лютага ў САТ “Дружба” згарэў дачны дом, 7 чысла істотна пашкоджаны агнём дах і маёмасць кацельні ў амбулаторыі ўрача агульнай практыкі аг. Ліпень.
ІАЖІРС складзена 5 пратаколаў за парушэнне правілаў утылізацыі рэшткаў лесанарыхтоўкі. Кожны “цягне” на штраф памерам да 25 базавых велічынь.