Ахова здароўя
Медпаслугі ў новым фармаце
Адной з самых доўгачаканых падзей мінулага года для землякоў стала вяртанне раённай паліклінікі ў звыклы будынак
Зручнасць абноўленай медустановы пацыенты не адразу змаглі ацаніць, бо пераезд прыйшоўся на самы пік захворваемасці на каранавірус, а таму ў паліклініку цяпер ідуць толькі ў самых экстранных выпадках. Але тыя, хто пабываў там, заўважылі, што выгляд кабінетаў і калідораў значна змяніўся, адзначылі шмат іншых станоўчых перамен. Разам з новай мэбляй у паліклініку прыйшлі і новыя тэхналогіі. Гэта заўважаецца адразу пры ўваходзе. Рэгістратура набыла больш сучасны выгляд.
Паклапаціліся і пра людзей з рухомымі абмежаваннямі, бо перамяшчацца цяпер дапамогуць пандус і ліфт-пад’ёмнік.
Колькасць кабінетаў не павялічылася, але некаторыя змяненні ў іх размеркаванні адбыліся. Напрыклад, аддзяленне ўрачоў агульнай практыкі зараз займае значна большую плошчу, а кабінеты педыятраў “спусціліся” з другога паверха на першы. Усе вузкія спецыялісты вядуць прыём у звыклым рэжыме, працуюць кабінеты рэнтгена і мамаграфіі. Але пакуль немагчыма прайсці курс лячэбных ваннаў або наведаць дзённы стацыянар. Медкамісія вядзе прыём у памяшканні, дзе раней знаходзіўся кабінет дэрматолага. Побач прымаюць псіхіятры-нарколагі. “Хуткая дапамога” ж набыла пастаянную прапіску ў будынку райбальніцы.
Загадчык паліклінікі Ігар Анісімаў адзначае, што ў абноўленым будынку калектыву стала больш зручна працаваць. І робіцца ўсё на карысць пацыентаў. Напрыклад, медустанова стала тэрыторыяй, свабоднай ад курэння. Ні наведвальнікам, ні тым больш работнікам не дазваляецца смаліць на ганку ці двары, што павінна выконвацца ў любой установе аховы здароўя. Да таго ж на тэрыторыю паліклінікі цяпер забаронена заязджаць аўтамабілям, за выключэннем выпадкаў дастаўкі інвалідаў. З гэтых і іншых, здавалася б, дробязей пачынаецца ўзаемапавага, якой, на жаль, часта нестае ў многіх сферах.
У сувязі з наплывам пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй медыкі робяць усё магчымае, каб своечасова ізаляваць захварэўшых. Пры ўваходзе ў паліклініку арганізаваны сан-прапускнік, абсталяваны цеплавізарам, а медсёстры праводзяць апытанне пацыентаў, каб выключыць наяўнасць у іх вірусных інфекцый. Калі ж узнікаюць нейкія падазрэнні, хворага адпраўляюць у фільтр-бокс, які зараз знаходзіцца ў 120 кабінеце (са зваротнага боку будынка). Яго работа прыстасоўваецца пад паток пацыентаў. Калі іх асабліва шмат — пасля выхадных і святочных дзён, — прыём вядуць адразу тры ўрачы. А некалькі кантактных брыгад ажыццяўляюць агляд хворых дома. Іх графік таксама мяняецца ў залежнасці ад патрэбы, здараецца, што і да 22-23 гадзін даводзіцца быць на рабоце. Нагрузка на медыкаў, якія працуюць непасрэдна з каранавіруснымі хворымі, зараз, безумоўна, вялікая. А таму пацыентам трэба быць больш цярпімымі да людзей, якія часова змянілі белыя халаты на ахоўныя касцюмы. Калі ж узнікаюць пытанні, якія не паспелі задаць брыгадзе, можна звярнуцца ў інфармацыйны цэнтр па нумары 60-575.