Коратка
Дэпазіты па праграме “Сямейны капітал” з моманту ўвядзення 1 снежня 2015 года гэтай формы дзяржаўнай падтрымкі бацькоў, што выхоўваюць траіх і болей дзяцей, атрымалі 572 шматдзетныя сям’і землякоў. Зараз у раёне пражывае 680 такіх сем’яў (даныя райцэнтра сацабслугоўвання насельніцтва на 1 студзеня). Дарэчы, рэкардсменамі па колькасці рабят з’яўляюцца сем’і Кунцэвічаў са Свіслацкага сельсавета і Палешчукоў з райцэнтра: у кожнай гадуецца па 8 дзяцей.
Паслугу «Відэакантроль», якую прадастаўляе ЗВЭС «Белтэлекам», у мінулым годзе падключылі 304 карыстальнікі з Асіповіцкага, Глускага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў. 144 фізічным і 304 юрыдычным асобам не прыйшлося марнаваць час і сродкі, каб выбраць і купіць сістэмы відэаназірання: абсталяванне ўласнае “белтэлекамаўскае”, а ўсе работы ажыццяўляюцца пад ключ сіламі супрацоўнікаў прадпрыемства.
Запазычанасць грамадзян па аплаце паслуг УКП ЖКГ і Асіповіцкага аддзялення філіяла “Бабруйскводаканал” УВКП ВКГ “Магілёўаблводаканал”, паводле інфармацыі КДУП “Адзіны разліковы цэнтр”, складае 294 000 рублёў па 3 066 асабовых рахунках.
183 новыя домаўладанні дапушчаны ў эксплуатацыю ў мінулым годзе Асіповіцкай райэнергагазінспекцыяй Бабруйскага міжрайаддзялення філіяла ДУ «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд» па Магілёўскай вобласці. Работнікамі інспекцыі праведзена 1 671 прафілактычная гутарка з насельніцтвам па бяспечнай эксплуатацыі энергасетак і распаўсюджана 3 107 памятак. Па выніках наглядных мерапрыемстваў, праведзеных на 76 аб’ектах, выдадзена 63 прадпісанні на ліквідацыю заўваг.
Прыём падатковых дэкларацый праводзіцца ІМПЗ па Асіповіцкім раёне па 31 сакавіка ў працоўныя дні з 8 да 19 гадзін (20 і 27 сакавіка — з 9.00 да 13.00). Папярэдні запіс грамадзян ажыццяўляецца па тэл. 25-927, кансультацыя аб парадку прадстаўлення падатковай дэкларацыі, неабходных дакументах, тэрмінах і парадку выплаты (вяртання) падаходнага падатку — па тэл. 25-919.
На добраўпарадкаванне населеных пунктаў Градзянскага сельсавета летась зрасходавана 15 324,49 рубля бюджэтных сродкаў. Пры ліквідаванні 98 несанкцыянаваных звалак вывезена 255 кубаметраў смецця; замест 8 спілаваных аварыйных дрэў пасаджана 35. Знесена 360 м старых платоў, адрамантавана 45 м, у тым ліку 25 — на грамадзянскіх могілках у в. Лазовае. Праведзена абследаванне кожнага з 661 домаўладання.
Пракат лыж і канькоў прапануе аматарам зімовага актыўнага адпачынку фізкультурна-аздараўленчы клуб “Алімпія”. Заўзятарам суткі пракату абыдуцца ў 11 рублёў, а пачаткоўцы могуць скарыстацца інвентаром гадзіну — за 3 рублі.
Чарговая кніга асіповіцкага паэта і краязнаўцы Станіслава Лукашэвіча «Гісторыя Туркаўскай Свята-Троіцкай царквы» выдадзена ў канцы снежня ў інфармацыйна-выдавецкім цэнтры ААТ «Фандок» г. Бабруйска.