Коратка
Справаздачна-выбарная канферэнцыя ветэранаў чыгуначнага вузла прайшла на днях. Старшынёй савета ветэранаў працаўнікоў стальной магістралі зноў выбраны Аляксандр Яраш.
У абласным этапе рэспубліканскага конкурсу творчых работ “Мая сям’я, мой дом — мая Радзіма” ў намінацыі “Сям’я — адзінства думак і спраў” пераможцай стала Алеся Альфяровіч (Каменіцкі ВПК), другое месца заняла Анастасія Караткевіч (Дараганаўскі ВПК). У намінацыі “Мая сям’я ў гісторыі малой Радзімы” Дып- лом II ступені атрымаў Георгій Варакса (СШ № 4).
Паслугай “Віншаванне Дзеда Мароза”, якую прадастаўляе РУП “Белпошта”, ужо скарысталася больш за 100 землякоў. Сёлета прапануецца два варыянты віншавання: святочная паштоўка з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці ў арыгінальным канверце ці падарунак, які складаецца з пісьма і мяккай цацкі-падушкі з выявай сімвала года Бычка. Першы абыдзецца жадаючым павіншаваць сваіх блізкіх у 6 руб. 20 кап., другі — 17 руб. 50 кап. Падарунак будзе дастаўлены паштальёнам па ўказаным адрасе з 26 па 31 снежня.
Па выніках інтэрактыўнага радыёконкурсу чытальнікаў “Быў. Ёсць. Буду” да 90-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча і 95-годдзя Беларускага радыё карэспандэнт «раёнкі» Ганна Сабела стала ўладальніцай першага месца ў намінацыі “Аматары”. Удзел у конкурсе прынялі каля 100 выканаўцаў з усёй Беларусі. Пераможцаў выбіралі ў чатырох узроставых групах.
За невыкарыстанне на транспартным сродку зімовых шын з 1 снежня па 1 сакавіка прадугледжаны штраф да 0,5 базавай велічыні. Калі ж зімовыя шыны ўстаноўлены, але рэшткавая вышыня малюнка пратэктара складае менш за 4 мм, транспартны сродак будзе лічыцца няспраўным і яму не дазволяць удзельнічаць у дарожным руху. Адказнасць у дадзеным выпадку наступае па ч. 3 арт. 18.12 КаАП, згодна з якой кіраванне транспартным сродкам, якi мае няспраўнасці, прадугледжвае папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 1 БВ. Паўторнае парушэнне на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання будзе кваліфікавацца па ч. 9 арт. 18.12 КаАП — парушаль-ніку пагражае штраф у памеры ад 2 да 5 БВ.
VI Міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без межаў” завяршыўся ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. У намінацыі “Вакальны жанр” (народны) у сваёй узроставай катэгорыі (6-9 гадоў) другое месца заняла выхаванка ўзорнага вакальнага калектыву “Журавінка” (кіраўнік Таццяна Салімон) Вольга Бароніна, у намінацыі “Мастацкае слова” (6-9 гадоў) Дыплом III ступені атрымалі акцёры ўзорнага тэатральнага калектыву “Школьны тэатр” (Ірына Церабільнік), а ў асабістым заліку ва ўзроставай катэгорыі 14-17 гадоў на другім месцы ўдзельніца таго ж калектыву Крысціна Чыкулаева.