Коратка
Канцэрт народнага духавога аркестра “У стылі рэтра” адбудзецца 3 кастрычніка ў 11.00 на адкрытай пляцоўцы каля РЦК. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Прафілактычную акцыю “Пешаход!” у мэтах папярэджання пешаходнага траўматызму з 2 па 12 кастрычніка праводзіць Дзяржаўтаінспекцыя.
Да 36 030 прыбораў уліку вады, устаноўленых папярэдне ў дамах і кватэрах спажыўцоў, за 9 месяцаў бягучага года дадалося яшчэ 195, паведамілі ва ўнітарным вытворчым камунальным прадпрыемстве водаправодна-камунальнай гаспадаркі.
Сёлета плануецца прышчапіць ад грыпу 18,5 тысячы жыхароў Асіповіччыны. Ужо прайшлі гэту працэдуру 3 937 чалавек, з іх 1 040 дзяцей. За кошт рэспубліканскага бюджэту вакцынацыю праводзяць дзецям, састарэлым людзям, хранічна хворым, работнікам бюджэтнай сферы. Папярэдне неабходны агляд урача (любой спецыялізацыі). У паліклініцы можна зрабіць прышчэпку з 8 да 17 гадзін у кабінеце № 35, дзе доктар аглядае, а медсястра ўводзіць вакцыну. Калі допуск урача ўжо ёсць, прышчэпяць у кабінеце № 39 (з 8 да 19 гадзін). З той жа мэтай можна наведаць кабінет інфекцыйных захворванняў па вуліцы Кастрычніцкай, 18. Дзяцей аглядае ўчастковы педыятр, а прышчэпку робяць з 8 да 20 гадзін у кабінеце № 5 у будынку стаматалагічнай паліклінікі. Вясковым жыхарам па прышчэпку трэба звярнуцца ў мясцовую ўстанову аховы здароўя.
58 прадуктовых магазінаў абслугоўваюць жыхароў райцэнтра. Найбольш прадстаўнічыя (па колькасці гандлёвых аб’-ектаў) ЗАТ “Дабраном” і ПГУП “Прусакоў” — па 7 магазінаў. Па 5 крам прадстаўляюць Глускае райста і ААТ “Гандаль”. На 1 менш у філіяла ТАА “Еўрагандаль”. Да паслуг землякоў — па 2 магазіны асіповіцкага хлебазавода, “Суседзі” і ПГУП “Гелінген-гандаль”.