9.4 C
Осиповичи
Пятница, 7 октября, 2022
Еще

    Осиповчанка Наталья Пышная рассказывает о своей работе

    Популярное

    Наш партнёр

    Няхай навіны будуць добрымі!

    Універмаг, ашчадная каса, газетны кіёск, банкамат, аддзяленне сацабслугоўвання — усё гэта вясковая пошта

    Некаторыя наракаюць, што ў вёсцы няма дзе працаваць. А Наталля Пышная заўсёды мела рабочае месца. Таму што не баялася спрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці. Асвоіла бухгалтарскую справу. Была мастацкім кіраўніком у Дрычынскім сельскім Доме культуры. Удзельнічала ў самадзейнасці, спявала ў народным ансамблі народнай песні “Вярба”. А потым ёй прапанавалі працу ў аддзяленні сувязі. “Чаму б і не паспрабаваць?” — падумала жанчына. І вось ужо некалькі гадоў паспяхова ўзначальвае пошту.

    Галоўнай задачай Наталля Уладзіміраўна лічыць выпіску і дастаўку карэспандэнцыі. І нават дакладна ведае сваіх адданых чытачоў — іх 89. Вывучыла іх інтарэсы і прыярытэты. Хтосьці аддае перавагу крыжаванкам, сканвордам ды судоку, іншыя захапляюцца дачнымі справамі ці закаткамі, ёсць заўзятыя рыбакі і аматары карысных гаспадарчых парад — кожнаму знойдзецца газетка ці часопіс па душы. Людзі сталага веку выбіраюць “Друг пенсионера”, але больш за ўсё падпісчыкаў у “раёнкі” — сёння іх 32. Акрамя навін у краіне, вобласці і раёне, наведвальнікі  пошты могуць даведацца і аб тым, чым жыве іх населены пункт, гэтаму садзейнічаюць інфармацыйны стэнд і жывыя зносіны з насельніцтвам. Так што аддзяленне сувязі смела можна назваць інфармацыйна-асветніцкім цэнтрам.

    Атрымоўваюць і адпраўляюць дрычынцы пасылкі, пераводы. А вось тэлеграмы засталіся ў мінулым, на змену ім прыйшла мабільная сувязь.

    Вялікая частка вяскоўцаў скарыстоўвае магчымасць   аплаціць на пошце камунальныя паслугі, крэдыты, страхоўкі, унесці падаткі, абаненцкую плату за тэлефон. Тут можна зняць грошы з карткі, бо да бліжэйшага банкамата — кіламетраў 30. А яшчэ набыць розныя тавары: ад цукру і алею да дываноў і пыласосаў. Дарэчы, апошнія прывозяць пад канкрэтны заказ. Посуд, мыючыя сродкі і прадукты харчавання паштовыя работнікі дастаўляюць нават на дом, бо дабрацца да аддзялення сувязі па стане здароўя можа далёка не кожны жыхар. Прыносяць сталым людзям і пенсію.

    Работа на пошце — з тых, дзе працаваць можа толькі неабыякавы чалавек, які ведае людзей, уважліва ставіцца да іх патрэб і ўмее прапанаваць неабходныя паслугі і тавары.

    Увішная працаўніца, Наталля Уладзіміраўна яшчэ і маці траіх дзяцей. Старэйшы сын працуе ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, дачка — студэнтка, а меншы хлопчык нядаўна стаў вучнем школы.

    Реклама

    Последнее