Коратка
У фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Жемчужина” ў жніўні было 6 857 наведванняў. З іх 4 850 прыйшлося на аквазону, 1 024 — аквазону з басейнам, 446 — толькі басейн, 228 — трэнажорная зала, 309 — іншыя віды паслуг.
Амаль 54 тысячы экзэмпляраў кніг захоўваецца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы горада. Сярод пасялковых бібліятэк раёна найбольшы фонд налічваецца ў Ялізаве (16,8 тыс. экз.), а сярод сельскіх першынство ў Пратасевічах (11,7 тыс.). Што тычыцца дзіцячых бібліятэк, то самая багатая на кнігі раённая. Тут для чытання прапануецца 27,7 тысячы экзэмпляраў, крыху менш выданняў у гарадской дзіцячай бібліятэцы — 24 тысячы. Па раёне ж найбольшую колькасць кніг для дзяцей прапануе Ялізаўская дзіцячая бібліятэка — амаль 11 тыс.
Цырульніцкіх паслуг на 116,3 тысячы беларускіх рублёў аказаў Асіповіцкі камбінат бытавога абслугоўвання за восем месяцаў бягучага года. З гэтай сумы 114 тыс. руб. прыходзіцца на горад, а 2,3 тыс. руб. — на раён. Мужчыны часцей карысталіся паслугамі цырульні і прынеслі камбінату 59,7 тыс. руб. у горадзе і 1,2 тыс. руб. на раёне; жаночыя залы зарабілі адпаведна 54,2 і 1,1 тысячы рублёў.
14 798 наведванняў тэрапеўтычнага аддзялення стаматалагічнай паліклінікі зарэгістравана за восем месяцаў бягучага года. За той жа перыяд у хірургіі было 8 387 наведванняў, а ў артапедычных кабінетах — 2 629.
Незаконны ўвоз у Расію 20 тон груш коштам больш за 90 тысяч беларускіх рублёў спынілі супрацоўнікі Магілёўскай мытні з расійскімі калегамі. Вадзіцель грузавіка, які перавозіў тавар без суправаджальных дакументаў, не выканаў законнае патрабаванне спецыялістаў і не спыніў транспартны сродак, а спрабаваў схавацца на тэрыторыі суседняй краіны. Але ж машына была спынена ў Расіі дзякуючы аператыўнаму ўзаемадзеянню з мясцовай мытнай службай.
Выбар прафесіі — справа асабістая. Так, дзве дзяўчыны паступілі ў Асіповіцкі каледж на спецыяльнасць «Электразваршчык ручной зваркі. Штукатур. Маляр». Яшчэ чатыры прадстаўніцы слабога полу ўжо набываюць не зусім дзявочыя прафесіі: дзве (тая ж спецыяльнасць) — на трэцім курсе і столькі ж («Электразваршчык ручной зваркі. Абліцоўшчык-плітачнік») — на другім. Тры юнакі, па адным на кожны курс, вучацца па спецыяльнасці «Кравец. Цырульнік». Яшчэ 15 хлопцаў — «Повар. Прадавец»: 4 паступілі на першы курс, 6 займаюцца на другім, 5 — на трэцім.