Уборка збожжа на прыватных участках жыхароў Асіповіччыны працягваецца. Усяго “асабістых ніў” у раёне налічваецца 362, а займаюць яны 55 гектараў. Найбольш участкаў у Дараганаўскім, Дрычынскім і Лапіцкім сельсаветах: 92, 55 і 34 адпаведна. Дапамогі ад сельгаспрадпрыемстваў у абмалоце каласоў чакаюць гаспадары Дараганаўскага і Ясенскага, на астатняй тэрыторыі зерне ўжо ў засеках вяскоўцаў.
Замежная бязвыплатная дапамога ў раёне павялічваецца. Летась яна склала 45 800,85 долара ЗША, з якіх 14 864,47 — транспартныя выдаткі па дастаўцы 34 дзяцей да месцаў выезду на аздараўленне за мяжу. За 8 месяцаў 2020 года аб’ём атрыманай замежнай дапамогі — $36 102,02, ці 173,2% у дачыненні да аналагічнага перыяду мінулага года ($20 842,85).
10 338 літраў квасу рэалізавана летнім сезонам ААТ “Асіповіцкі хлебазавод”, з якіх 1 300 было прададзена ў Мар’інай Горцы. Аб’ём вытворчасці смачнага і карыснага напітку — на ўзроўні 151% да мінулагодняга паказчыка. Найбольш эфектыўна ішоў продаж з бочкі.
Міжнародная акцыя “Дзень без аўтамабіля” пройдзе 22 верасня. Яна стане завяршаючым этапам Еўрапейскага тыдня мабільнасці, які стартуе 16 верасня ў дзясятках краін свету. Сёлета акцыя прысвечана папулярызацыі нізкавугляродных відаў транспарту — “Мабільнасць без шкодных выкідаў”. Летась у кампаніі прынялі ўдзел 76 гарадоў Беларусі. Сёлета ўжо зарэгістравалася 45 населеных пунктаў, у ліку якіх Бабруйск, Клічаў, Асіповічы.