Медыцына
Яшчэ раз дзякуй!
Мерапрыемствы акцыі “Дзякуй медыкам!” прайшлі ва ўсіх абласцях краіны, і гэта яшчэ адна магчымасць выказаць агульныя словы падзякі тым, у чыіх руках што-дня самае дарагое — чалавечае жыццё. Добрыя словы і апладысменты гучалі ў адрас усіх урачоў, медсясцёр, санітарак, а 70 лепшых прадстаўнікоў аховы здароўя і санітарнай службы рэгіёна атрымалі заслужаныя ўзнагароды за самаадданую працу ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй, прафесіяналізм і асабісты ўклад у аказанне высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі. Узнагароды атрымалі як вопытныя спецыялісты, так і маладыя, якіх пандэмія прафесійна загартавала.
У ліку пяці медработнікаў, узнагароджаных Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, урач-тэрапеўт тэрапеўтычнага аддзялення стацыянара Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Людміла Колікава. Падзяку прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь атрымала медыцынская сястра ўчастковая (старшая) тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Ірына Шабуня, Ганаровую грамату Савета Міністраў — урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Аляксандр Артамонаў, Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта — галоўная медыцынская сястра ЦРБ Святлана Ізотава. Ганаровай граматай і Падзякай Міністэрства аховы здароўя адзначаны намеснік галоўнага ўрача (па медыцынскай частцы) Надзея Штэльман і медыцынская сястра-анестэзіст (старшая) аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Алена Ліхімовіч адпаведна. Падзякі абласнога выканаўчага камітэта ўдастоены намеснік галоўнага ўрача (па амбулаторна-паліклінічнай рабоце) Вольга Мікановіч і фельчар (выязной брыгады, якая выязджае самастойна) аддзялення хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі Тамара Ефімовіч.
Падчас цырымоніі, у якой прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч, намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава, было адзначана, што медыкі, якія аказалі процідзеянне COVID-19, да кожнага захварэўшага праяўлялі індывідуальны падыход, іх прафесійныя і аператыўныя дзеянні выратавалі тысячы жыццяў, а наша сістэма аховы здароўя даказала сваю працаздольнасць і эфектыўнасць.
Праца медыкаў нашай краіны заўсёды інтэнсіўная, і з прыходам каранавіруса нагрузка стала яшчэ большай, але ўрачы здолелі хутка зарыентавацца і навучыліся спраўляцца з пагрозай. Пры гэтым яны падкрэсліваюць, што расслабляцца рана: інфекцыя яшчэ не сышла, усе меры прафілактыкі па-ранейшаму актуальныя.