Коратка
Да ўдзелу ў агульнарэспубліканскай творчай акцыі “За што я люблю родную зямлю”, прымеркаванай да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў Бялынічах 6 верасня, запрашае Нацыянальная акадэмія навук. Творчыя работы, у якіх адлюстраваны дасягненні ў развіцці асобных мясцовасцей, увасоблены пачуццё гонару за сваю малую радзіму і любоў да яе гераічнага мінулага і славутага цяперашняга, чакаюць па 23 жніўня.
Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС нагадвае: пры выяўленні безгаспадарных падазроных прадметаў, фактаў пагрозы грамад-скаму правапарадку і бяспецы неадкладна паведамляйце аб гэтым бліжэйшаму нараду міліцыі або па тэл. 102.
У падрыхтоўцы дзяцей з шматдзетных сем’яў да школы працягвае ўдзельнічаць раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Зараз агульная колькасць выдадзеных сродкаў склала 46 418 рублёў 75 капеек: матэрыяльную дапамогу ўжо атрымалі 625 вучняў з 315 сем’яў. Да пачатку навучальнага года яшчэ застаецца час, каб у РЦСАН паспелі звярнуцца і 319 астатніх сем’яў, што выхоўваюць траіх і болей дзяцей.
Басейн “Дэльфін” на гэтым тыдні аднавіў працу пасля прафілактычнага рамонту. Да канца жніўня, акрамя панядзелкаў, аматараў плавання тут чакаюць з 13 да 21 гадзіны.
У другім абласным этапе рэспубліканскай працоўнай акцыі па зборы другаснай сыравіны “Зробім свет чысцейшым” грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» сярод 22 раённых арганізацый піянеры нашай СШ № 4 (старшыня раённага савета «БРПА» Алеся Букач) занялі ганаровае трэцяе месца.
Аматары платнай рыбалкі, якая арганізавана ААТ “Рыбгас “Свіслач” на сажалцы плошчай 13,5 га, сёлета сабралі выдатны рыбны “ўраджай”: 800 рыбаловаў за-кінулі тут свае вуды з пачатку летняга сезона, а іх агульны ўлоў склаў звыш пяці тон “жывога срэбра”.
У аварыйную службу Асіповіцкага раёна газазабеспячэння філіяла РУП «Магілёўаблгаз» за папярэдні месяц паступіла 36 аварыйных заявак і 98 — на рамонт газавага абсталявання. У службу “адно акно”, якая дзейнічае па заяўным прынцыпе, па пытаннях мантажу і перамантажу абсталявання звярнулася 318 землякоў.