16 маршрутаў па горадзе праязджаюць аўтобусы Асіповіцкага філіяла Аўтапарк № 19 ААТ “Магілёўаблаўтатранс” на працягу тыдня, што складае ў сярэднім каля 187 рэйсаў у дзень па буднях і 114 — па выхадных. Абслугоўваюць райцэнтр 13 аўтобусаў. Што тычыцца прыгарада, то тут 7 аўтобусаў здзяйсняюць 30 маршрутаў: у сярэднім 40 рэйсаў у працоўныя дні і столькі ж — у выхадныя. Усяго ў аўтапарку працуе 39 вадзіцеляў.
З 12 жніўня пачаўся ўстаноўлены тэрмін збору і нарыхтоўкі дзікарослых брусніц. Адпаведны дакумент падпісаны аблвыканкамам. Што тычыцца журавін, то іх збіраць у Магілёўскай вобласці можна толькі з 2 верасня. Міністэрства прыроды нагадвае, что збіраць ягады трэба спосабамі, якія не шкодзяць ягаднікам. Пры нарыхтоўцы брусніц спелых ягад павінна быць не менш за 99%, а журавін — не менш за 95%.
Кінатэатр “Радзіма” за сем месяцаў правёў 243 сеансы фільмаў HDD якасці і 216 — DVD. Наведалі кіназал за той жа час амаль 10 000 гледачоў. 4 766 чалавек праглядзелі HDD-паказы і 5 204 — DVD. Найбольш папулярныя дзіцячыя сеансы, гучныя прэм’еры і фільмы жахаў.